Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Заслужаны калектыў Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы

Сапраўдным захавальнікам і прапагандыстам каштоўнасцяў народнай музыкі, твораў сучасных кампазітараў, шэдэўраў сусветнай класікі з'яўляецца адзін з старэйшых харавых калектываў Рэспублікі Беларусь - Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла, створаная 1 лістапада 1939 года, Сёння калектыў носіць імя свайго стваральніка - Рыгора Раманавіча Шырмы.

Хор адрознівае высокая музычная культура, яркая эмацыянальнасць, багацце дынамічнай шкалы гучання, інтанацыйная чысціня, выразнасць і натуральнасць спеву. Калектыў высока адзначаны як крытыкамі, так і публікай. «Мяккасць і прыгажосць гучання галасоў, чысціня інтанацыі і адухоўленасць ў трактоўцы музычнага матэрыялу праяўляюцца вельмі ярка» - пісаў у свой час мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскай філармоніі В.С.Фамін. «Хор парадаваў бездакорным ладам, гнуткасцю і разнастайнасцю дынамікі, яснай выразнай дыкцыяй» - водгук мастацкага кіраўніка Пецярбургскай капэлы імя М.І. Глінкі У.Чарнушэнка. Высокую ацэнку калектыву даў Г.В.Свірыдаў падчас выступлення капэлы на фестывалі харавой музыкі ў Маскве.

Пра нарастанне папулярнасці калектыву, сведчыць геаграфія гастрольных маршрутаў: гэта музычныя фестывалі ў Германіі, Іспаніі, Італіі, Літве, Польшчы, Эстоніі, Аўстрыі, Галандыі, Даніі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, удзел у культурнай праграме Алімпійскіх Гульняў у Барселоне ў тэатры «Дэ Ліцэо». Капэла стала ўладальніцай Гран-Пры Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў г.Хайнаўка (Польшча).

Рэпертуарны дыяпазон капэлы вельмі шырокі і разнастайны: гэта «Рэквіемы» Дж.Вэрдзі, В.А.Моцарта, Р.Шумана, Л.Керубіні, А.Брукнэра, І.Брамса, А.Дворжака, Г.Берліёза, І.Гайдна, Кс.Бенгверэла, Дз.Кабалеўскага; месы І.С.Баха, А.Брукнэра, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, І.Гайдна, Дж.Пучыні; араторыі Дз. Шастаковіча, П.Чайкоўскага, С. Пракоф'ева, Г.Ф.Гендэля; Сімфонія №9 Л. ван Бетховена, «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, Сімфонія-меса Ф.Мендэльсона, Сімфонія №13 Дз. Шастаковіча; кантаты І.С.Баха, «Карміна Бурана» К.Орфа, «Поры года» Ё.Гайдна, «Аляксандр Неўскі» і «Іван Грозны» С. Пракоф'ева, «Ян Дамаскін» С.Танеева, «Масква» П.Чайкоўскага; духоўныя творы Дж.Вердзі, А.Брукнэра, А.Дворжака, Дж.Пергалезі, С.Манюшкі, А.Шонберга; хоры з опер Дж.Вердзі, Ж.Бізэ, Р.Вагнэра, А.Барадзіна, Дж.Пучыні, К.Вэбера, П.Масканьі, В.Бяліні; фрагменты мюзіклаў Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Дж.Керна; харавыя шэдэўры С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, А.Грачанінава, С.Танеева, Дз.Бартнянскага, М.Беразоўскага, А.Архангельскага; харавая музыка беларускіх кампазітараў.

Незвычайная працаздольнасць капэлы дазваляе штогод выпускаць некалькі паўнавартасных канцэртных праграм. У апошні час былі паспяхова здзейснены цікавыя праекты: выкананы «Месія» Г.Ф.Гендэля і «Поры года» Ё.Гайдна ў Іспаніі, араторыя А.Янчанкі «Апакаліпсіс» ў Італіі, духоўныя творы сучасных беларускіх аўтараў на фестывалі «Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў» у Польшчы, канцэртнае выкананне оперы Дж.Вердзі «Травіята» у Іспаніі.

Шырокі рэпертуар і высокая выканальніцкая культура даюць магчымасць калектыву з поспехам канцэрціраваць з рознымі сімфанічнымі аркестрамі. Сярод іх аркестры Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Белгарадскай, Харкаўскай, Валгаградскай, Данецкай, Кіеўскай, Віленскай, Іркуцкай філармоній, аркестр Герліцкага музычнага тэатра (Германія), аркестр Зялёна-Гурскай філармоніі (Польшча), аркестр Котбусскага музычнага тэатра (Германія). За пультам стаялі вядомыя дырыжоры: Ю.Яфімаў, М.Янсанс, Ц.Мынбаеў, В.Дуброўскі, Л.Крэмер, Р.Зэехавер, Ч.Грабоўскі, С.Сандэцкіс, Г.Праватораў, Ю.Дамаркас, В.Катаеў, Ю.Цырук, А.Янчанка, А.Дзмітрыеў, А.Анісімаў.

Народная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Барысаўна Яфімава - яркі прадстаўнік Ленінградскай (Санкт-Пецярбургскай) школы харавога дырыжыравання. Больш за 20 гадоў працавала выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі. Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь ім. Р.Шырмы Л.Яфімава ўзначаліла ў 1987 годзе. Менавіта пры яе кіраўніцтве капэла стала сапраўды ўніверсальным харавым калектывам, унікальным па сваім гучанні і неабмежаванасці рэпертуару.

Людміла Яфімава - нястомны прапагандыст творчасці беларускіх кампазітараў, першы выканаўца многіх іх твораў. Яркі талент, шырокая эрудыцыя, высокі ўзровень мастацкай культуры, адданасць творчасці дазваляюць адзначыць народную артыстку Рэспублікі Беларусь Людмілу Яфімаву як адну з самых значных асоб у музычнай культуры Беларусі і за яе межамі.

У 2009 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы" і адзначыў, што творчасць капэлы ўносіць вялікі ўклад у захаванне і прапаганду лепшых здабыткаў айчыннай і сусветнай вакальнай музыкі, падтрыманне ў грамадстве высокіх культурных традыцый, выхаванне павагі да сапраўдных мастацкіх каштоўнасцей. "У багатым рэпертуары капэлы арганічна спалучаюцца класічныя шэдэўры, духоўныя спевы, апрацоўкі народных мелодый і сачыненні сучасных кампазітараў", - гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што калектыў і ў далейшым будзе працаваць гэтак жа плённа і самааддана, памнажаць гонар і славу беларускага музычнага мастацтва.

Дырэктар – Аляксандр Уладзіміравіч Чумакоў
Тэлефоны:
+375 17 331 42 65
+375 29 658 70 73