Билетная касса:

+375 17 331-16-17

Заказ билетов online

Кузнецов В. "CAESIUS-137" (бел.яз.)

Вячаслаў Кузняцоў нарадзіўся ў 1955 годзе. Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара Я.Глебава (1983) і пад яго ж кіраўніцтвам асістэнтуру-стажыроўку (1985). На сённяшні дзень ён з'яўляецца адным з найбольш значных прадстаўнікоў беларускай музыкі канца ХХ стагоддзя, кампазітарам, творчасць якога на працягу апошніх дзесяцігоддзяў непасрэдна ўдзельнічае ў стварэнні сучаснага абрысу нацыянальнага музычнага мастацтва. Яго творы вызначаюцца жанравай і стылявой разнапланавасцю: сімфоніі, опера, балеты), араторыя, некалькі кантат, вялікая колькасць аркестравых твораў (у ліку якіх музыка для сімфанічнага, камернага, народнага, духавога і эстраднага аркестраў), камерна-інструментальная, вакальная, харавая музыка.
90-я гады - новы перыяд у творчасці В.Кузняцова, адзначаны актыўнымі пошукамі ў сферы новага зместу і радыкальна новых кампазіцыйных сродкаў. Кампазітар нярэдка звяртаеца да тэм, якія знаходзяцца па-за межамі музычнага мастацтва і маюць сваімі вытокамі літаратуру, графіку, філасофію, навуку. Так, у яго творчасці з'яўляюцца вобразы стужкі Мёбіуса, ценю шкла, лабірынту падсвядомасці і іншыя, якія абумоўліваюць узнікненне новай гукавой матэріі і сваеасаблівых жанравых вырашэнняў (эссэ, сентэнцыі, медытацыя, канструкуцыя і г.д.)
"CAESIUS-137. КАНСТРУКЦЫЯ ДЛЯ 67 ВЫКАНАЎЦАЎ І МАГНІТАФОННАЙ СТУЖКІ", створаная ў 1990 годзе - адзін з першых і найбольш яскравых узораў беларускай новай музыкі канца ХХ стагоддзя. Твор В.Кузняцова, які напісаны праз чатыры гады пасля чарнобыльскай катастрофы, з'явіўся не толькі эмацыянальным водгукам, але і непасрэдным адлюстраваннем тых незваротных працэсаў, што пачалі адбывацца ў прыродзе і, дакладней, утварэння новага хімічнага элемента - caesium-137. Канструкцыя праз гучанне і партытурную графіку выяўляе рашчапленне атама. Дзеля гэтага кампазітарам абраны толькі тыя інструменты, якія могуць матэрыялізаваць ідэю атамнага распада - з аркестра выключаны ўсе інструменты з "цёплымі" тэмбрамі. Эфект узмацняецца выкарыстаннем запісу тэхнічных шумоў і трансфармаванага чалавечага голасу - па словах кампазітара, "сімвала ўсяго жывога, чалавечага, нацыянальнага, але перамолатага, перакручанага". На яго думку, твор "Caesius-137" - "гэта канструкцыя, што знаходзіцца па-за жывой матэрыі, і павінна ўздейнічаць на падсвядомыя цэнтры страху".
Канструкцыя мае жорсткую сіметрычную пабудову, аналагічную замкнутай фігуры круга. Паступовае фанічнае накапленне за конт рашчаплення адзінства першапачатковага гука амаль відавочна адлюстроўвае працэс распада матэрыі, які ў выніку з'яўляецца таксама распадам свядомасці і рэчаіснасці. Кульмінацыйная паўза - гэта вынік існавання прасторы-часу, яго канчатковае знішчэнне і прарыў у сферу іншага вымярэння, гэта наступленне апакаліптычнага "безмолвия на небе":


И Ангел, которого я видел стоящим на море и на земле, поднял руку свою к небу
И клялся Живущим во веки веков,Который сотворил небо и всё, что на нём, землю и всё, что на ней, и море и всё, что в нём, что времени уже не будет...

("Откровение Иоанна Богослова", 10:5, 6)

В.Ягорава