Билетная касса:

+375 17 396-16-17

Заказ билетов

Год качества

Корона скандинавского архипелага

Дата: 04.06.2016 начало в 19:00


Симфонический оркестр Capela Academia,

Минский госпел хор

Запрашаем на
УНІКАЛЬНЫ КАНЦЭРТ:

"КАРОНА СКАНДЫНАЎСКАГА АРХІПЕЛАГА"

4 чэрвеня 2016 (пачатак - 19-00) ў Вялікай залі Белдзяржфілармоніі (пр. Незалежнасці, 50) адбудзецца канцэрт Сімфанічнага аркестра "Capella Academia" і Мінскага Госпэл-Хора.

УПЕРШЫНЮ Ў БЕЛАРУСІ прагучыць дацкая і швецкая сімфанічная музыка геніяльных рамантыкаў гэтых краінаў – Карла НІЛЬСЭНА і Тора АЎЛІНА. Першае аддзяленне ўпрыгожаць таксама славутыя фінскія і нарвежскія сімфанічныя шэдэўры: Увертура "ФІНЛЯНДЫЯ" Яна СІБЕЛІЮСА, і фрагменты "ПЭР ГЮНТа" Эдварда ГРЫГА.

У другім аддзяленні разам з сімфанічным аркестрам і госпэл-хорам выступіць спецыяльны госць і саліст – стваральнік госпэл-хораў і маштабных фестываляў у Еўропе і Амэрыцы, дацкі кампазітар і вакаліст Ганс Хрысціян ЁХІМСЭН. У традыцыях славутага Луі Армстронга ён прадставіць свае сусьветнавядомыя хіты!

Мастацкі кіраўнік і дырыжор праекта – лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў.

Для набыцця найлепшых месцаў спецыяльна для Вас мы забраніравалі квіткі – лепшыя ў суадносінах кошт-якасць.

Сардэчна запрашаем ! Тэлефон для кантактаў:
+375 17 331-16-17,
+375 17 284-32-02,
+375 29 328 56 78

У праграме:
І аддзяленне

Карл Нільсэн – Сімфанічная ўверцюра "Helios" (прэм'ера ў Беларусі)

Эдвард Грыг – "У пячоры горнага караля" фрагмент сімфанічнай сюіты "Пер Гюнт"

Тор Аўлін – Два шведскія танцы для аркестра, оp.32 (прэм'ера ў Беларусі)

Ян Сібеліус – Сімфанічная ўверцюра "Фінляндыя"

ІІ аддзяленне

Ганс Хрысціян Ёхімсэн (апрацоўка для сімфанічнага аркестра і аркестравыя інтэрлюдыі Паўла Шведава) (прэм'ера ў Беларусі):
"What if I could" (сола – Ганс Хрысціян Ёхімсэн)
"Lord hold me" (сола – Колін Вассэл)
"I will lift up my hands" (хор)
"Loved" (сола – Алёна Ляшчынская)
"Let me fly" (сола – Дар'я Ксенафонтава)
"His name is Jesus" (сола – Дар'я Ксенафонтава і Колін Вассэл)
"Let us stand" (сола – Анастасія Панова і Колін Вассэл)

"Карона Скандынаўскага Архіпелага" – што сімвалізуе гэты вобраз, дадзены эпіграфам і эмблемай канцэрта? Тут і сонечная карона, якая быццам ляжыць або нізка вісіць над зімовай далячынню таго краю... Тут і вярхоўкі хвояў ды еляў, якія карануюць вяршыні гор, і вострыя пікі скалаў, што стромка ўзвышаюцца вакол фьёрдаў, тут і старажытныя артэфакты з археалагічных пластоў – рэальныя сімвалы ўлады адважных конунгаў – гаспадароў тае суворае зямлі... А з прыходам Хрысціянства архаічныя вобразы адступаюць на другі план, і заступаюць новыя: пакутніцкі цярновы вянец Хрыста, ахвярнасць якога дзеля людзей натхніла і многіх скандынаваў самім "узяць свой крыж і пайсці"... Высокія шпілі каталіцкіх і евангелічных цэркваў – каранавалі скандынаўскія краявіды. Нарэшце, кожны шэдэўр мастацтва – каштоўны камень у агульнай культурнай кароне краіны Такія шэдэўры і прадстаўлены ў нашай праграме першага аддзялення!
Са старажытнасці ў Скандынавіі асабліва цэняць кожны промень сонечнага святла. Нідзе ў свеце не прэламляецца яно прыгажэй, як у паўночнам ззянні! Магутнасць макра-прыроды спалучаецца там з тонкасцю і эфімернасцю мікра-косма. Усё гэта фантастычным, невытлумачальным чынам перададзена ў музыцы геніяльных кампазітараў-рамантыкаў Скандынавіі. Такая ўверцюра "Геліос" Карла Нільсэна (юбіляр мінулага года – 150 год), познерамантычныя гармоніі і драматургія, як само Сонца, маюць увесь спектар колераў і фарбаў святла. Сімвалічна пачынаючыся з "Соль", музыка разгортваецца ў магутную пераліўную, бліскучую, часам асляпляльную ў сваім "зеніце" карціну святла, якое ўсё ж "па-паўночнаму" ня доўга на вяршыні, якое па-рамантычнаму хутка сыходзіць за далягляд... І напрыканцы застаецца толькі адна нота, цяпер – "До", што сімвалізуе поўную завершанасць прыроднага цыкла, але ж і ў "До", мы ведаем, мы амаль фізічна адчуваем прывідна-абертонавую прысутнасць "Sol", каб даць нам амаль фізічнае адчуванне святла, з надзеяй на будучыню...
Славуты "Пер Гюнт" Эдварда Грыга не мае патрэбаў у рэкамендацыях, гэта мабыць самы характарны, самы яркі ўзор нарвежскай сімфанічнай музыкі. Яго фрагмент "У пячоры горнага караля" – уводзіць у казачную сферу Скандынаўскіх сагаў.
Юбіляр гэтага года – Тор Аўлін – родам з Швецыі. Яго Два шведскія танцы прадстаўляюць лірычную і жвава-вясёлую класічную музыку сваёй краіны, заснаваную на фальклёры.
Сімфанічная ўверцюра "Фінляндыя" Яна Сібеліуса – шэдэўр, які стаў гімнам краіны ў пераносным і літаральным сэнсе...
Ідэя адправіцца ў Скандынавію з дапамогай музыкі на пачатку лета выглядае вельмі дарэчы. Улетку гэты суровы край значна больш прыветны і ўтульны. А яго прахалода, велічная, але стрыманая краса найбольш ёмка ўспрымаецца зараз, а не ў экстрымальныя халады... І хоць музычная праграма – гэта толькі "віртуальна-акустычнае" пагружэнне ў тэму, выдатныя шэдэўры і добрае выкананне сур'ёзна "матэрыялізуе" прастору, узнаўляе рэальнасць зададзенай тэмы тут і цяпер...
Але, калі шчыра, ёсць і празаічная прычына зладзіць гэты канцэрт менавіта сёння, бо ў сваім перанасычаным, распісаным на многія часы наперад графіку, акурат у гэтыя дні знайшоў магчымасць прыехаць у Беларусь наш спецыяльны госць – славуты дацкі музыкант Ганс Хрысціян Ёхімсэн – кампазітар, дырыжор, вакаліст, музычны прадзюсэр і прамоўтэр, дырэктар міжнароднай школы госпэл-музыкі, аўтар многіх хітоў, арганізатар шматлікіх майстар-класаў па ўсёй Еўропе і ЗША.
На Gospel Music Workshop of America (GMWA) у 2001 годзе быў сабраны хор з 3 тысяч выканаўцаў, якім кіраваў Ёхімсэн, і які выконваў яго творы. У 2008 годзе ён кіраваў International Gospelkirchentag, у якім бралі ўдзел 4000 чалавек. На дадзены момант ён заснавальнік і галоўны дырыжор Copenhagen Gospel Voices у складзе ягога 500 удзельнікаў і Opstand Gospel Choir. Ён – адзін з ключавых удзельнікаў нарвежскага музычнага руху Soul Children Festival, большая частка рэпертуару якога складалася з музыкі Ёхімсэна. Ноты яго твораў актыўна прадаюцца ў Еўропе і ЗША.
Ёхімсэн супрацоўнічае з такімі вядомымі выканаўцамі, як Nina Luna, Sofie Hermind, Claes Wegener, Laura Kjaergaard, Mette Risager (Данія), Colin Vassell (Вялікабрытанія), Mark Taylor (ЗША). Ён – аўтар альбомаў "Let me fly", "Untold Stories", "What if I could", "You are", "Deeper than", "You're not alone", "Colin Vassell (UK)", размешчаных на сусветнавядомых музычных паратлах.
Творчасці Ёхімсэна аддадзена ўсё другое аддзяленне канцэрта, якое сімвалізуе рэальныя сучасныя працэсы ў Дацкай, і шырэй, у Скандынаўскай музыцы, якая не абмяжоўваецца субкультурай "папсы" са сцягам сумнеўнай "расфарбоўкі". Накірунак, які прадстаўляе музыка Ёхімсэна – госпэл-музыка з хрысціянскай тэматыкай і афрыканскімі і амерыканскімі каранямі сведчыць аб працягу духоўных традыцый дацкай музычнай культуры і інтэграванасць у сучасныя глабальныя працэсы.
Мэтай усяго праекту з'яўляецца ня толькі святкаванне Юбілеяў і папулярызацыя Скандынаўскіх класікаў, але і спроба стварэння музычна-гістарычнага мосту між культурнымі прасторамі сучаснай Беларусі і краінамі Скандынаўскага Архіпелага.

Мастацкі кіраўнік праекта,
лаўрэат міжнародных конкурсаў,
Аляксей Фралоў

Дзякуем Паўла Ключніка за дызайн афішы і пастара Дзмітрыя Лазуту (Царква "Святло Ісціны") за арганізацыйную падтрымку!
Запрашаем на рэпетыцыі Мінскага Госпэл-хора кожную сераду а 19-00 на вул.Чайкоўскага, 39 (Ст. М. "Маскоўская")

Корона скандинавского архипелага