37 год служэння мастацтву ў філармоніі!
Сёння мы праводзілі на заслужаны адпачынак Галіну Аляксееўну Дзягілеву – дырэктара і мастацкага кіраўніка Тэатра аднаго акцёра “Зніч”, які працуе выключна ў жанры монаспектакля.
Заснавальнік калектыву Галіна Аляксеўна Дзягілева скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1968, курс В.Рэдліх і А.Бутакова). У 1968–1985 гг. у Беларускім тэатры імя Я.Коласа выканала больш за 50 роляў класічнага і сучаснага рэпертуару.
З 1986 г. Галіна Аляксееўна Дзягілева пачала працаваць у канцэртна-лекцыйным аддзеле пры Белдзяржфілармоніі. Фактычна ў гэтым аддзеле і пачалася праца па стварэнні новага тэатра. Г.А.Дзягілева – аўтар інсцэніровак, выканаўца і рыжысёр монаспектакляў паводле твораў Я.Купалы, Я.Шабана, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча і інш.
Тэатр “Зніч” неаднаразова прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, Амерыцы і неаднаразова станавіўся прызёрам і лаўрэатам шматлікіх тэатральных фестываляў.
Нізкі паклон за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і самаадданае служэнне высокаму тэатральнаму мастацтву!