Билетная касса:

+375 17 331-16-17

Заказ билетов online

Прэм’ера песеннага цыкла Уладзіміра Мулявіна “ВЯНОК” на вершы Максіма Багдановіча

Вяртанне праграмы, створанай У. Мулявіным і ансамблем “Песняры” да 100-годдзя Максіма Багдановіча ў 1991-м годзе.

9 верасня ля Мінскай ратушы а 14 гадзіне адбудзецца вялікая прэм’ера: Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца падрыхтаваў да паказу песенны цыкл Уладзіміра Мулявіна на словы Максіма Багдановіча “Вянок”.

Прэм’ера цыкла “Вянок” адбылася ў Нью-Йорку у пачатку лістапада 1991 г. у Бібліятэцы Аб’яднаных нацый. Пасля вяртання ансамбля “Песняры” са Злучаных Штатаў Амерыкі праграма была паказана 9 снежня 1991 г., у дзень 100-гадовага юбилею М. Багдановича, на сцэне Белдзяржфілармоніі. Больш ніколі цалкам “Вянок” не выконваўся. Нотны матэрыял праграмы не захаваўся. З цягам часу вядомасць набылі толькі дзве песні з гэтага выдатнага цыкла – “Слуцкія ткачыхі” і “Лявоніха”. Вялікай папулярнасцю ў Беларусі таксама карыстаюцца яшчэ дзве песні на словы М. Багдановіча: “Вераніка” І. Лучанка і “Зорка Венера” С. Рак-Міхайлоўскага. Яны сталі класікай песеннай эстрады задоўга да з’яўлення “Вянка”. Менавіта таму У.Г. Мулявін уключыў іх у гэту праграму.

У прыватнай калекцыі прыхільніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Пазняка (г. Масква) вызначыўся ўнікальны аўдыязапіс прагону праграмы “Вянок” на сцэне Белдзяржфілармоніі, зроблены ў жніўні 1991 г. На сённяшні дзень гэты запіс з’яўляецца адзінай дакладнай крыніцай, якая дае прадстаўленне аб праграме “Вянок” у яе поўным аб’ёме. На падставе гэтай стужкі, якая ў лічбаваным выглядзе прадстаўлена Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру Беларусі імя І. Жыновіча, аранжыроўшчык аркестра – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко – стварыў аранжыроўкі ўсіх 15 песень цыкла “Вянок”. Прэм’ера праграмы мае адбыцца 9 верасня 2017 г. на плошчы ля Мінскай ратушы і прымеркавана да святкавання 950-годдзя беларускай сталіцы. Упершыню пасля адзінага выканання ў снежні 1991 г. праграма “Вянок” будзе паказана ў Мінску цалкам – так, як яе задумаў аўтар, У.Г. Мулявін.

Паралельна з падрыхтоўкай да выканання праграмы “Вянок” вядзецца праца па выданню кампакт-дыска з запісам цыкла ў выкананні ансамбля “Песняры”. Мастэрынг і шматстаронкавы буклет дыска рыхтуюць прыхільнікі творчасці ансамбля “Песняры” з Расіі: масквічы Яўген Саламацін і Уладзімір Пазняк, а таксама заснавальнік сайта “Віртуальны музей ансамбля “Песняры” (http://www.vma-pesnyary.com ) Дзмітрый Цярохін з Ніжняга Ноўгарада. Выпуск дыска таксама прымеркаваны да 9 верасня 2017 г. Выданне ажыццяўляе мінская фірма “Каўчэг”.

Да ўдзела ў прэм’еры праграмы запрошаны:

Вядомы рок-выканаўца, у мінулым – саліст гуртоў “Лявоны” і “Песняры” п/к Леаніда Барткевіча ЯН ЖАНЧАК

Салісты групы “Спадчына” Вячаслаў ІСАЧАНКА, Андрэй ШЧЫТКАВЕЦ і Сяргей ШКУРДЗЭ (экс-БГА “Песняры”)

Гітарыст, аранжыроўшчык, прадзюсер, ветэран беларускага року Андрэй КАЗЛОЎСКІ

Гурт “Дыямант” пад кіраўніцтвам Наталллі ШЭСЦЯРЭНЬ

Саліст Белдзяржфілармоніі Уладзіслаў ДАНІЛОВІЧ

Саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй КОЛАСАЎ

Канцэрт ладзіцца на вытворчай базе Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.

Дырыжор — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко.