Билетная касса:

+375 17 331-16-17

Заказ билетов online

Поплавский Евгений

×

Сообщение об ошибке

Notice: Undefined index: HTTP_ACCEPT_LANGUAGE in include_once() (line 2 of /var/www_clients/philharmonic.by/public_html/sites/default/settings.php).

Яўген Паплаўскі нарадзіўся ў1959 годзе ў мястэчку Поразава Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас кампазіцыі Iгapa Лучанка i Дзмітрыя Смольскага). Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва.

У 1991 г. па яго ініцыятыве ў Мінску быў арганізаваны Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 года.

3 1997 па 1999 гг. атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя С.Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000 / Ircam.

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Ф.Скарыны (1991) атрымаў II прэмію за сімфонію "Lux aeterna" для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм'ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 г. падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыйскай філармоніі, дырыжор – Зыгмунт Рыхарт).

У студзені 2000 г. на Міжнародным конкурсе кампазітараў "Jihlava-2000" у Празе яго харавы цыкл "Пагода ўжо позняй восені" на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі "Творы для камернага хору". Прэм'ера цыкла адбылася ў 2002 г. на 45 Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камерны хор, дырыжор – Моніка Бахоўска).

У 2002 г. па замове Эксперыментальнай студыі Польскага Радыё ў Варшаве iм быў напісаны "Шлях у Аблокі ІІ" для гобоя, ударных інструментаў i камп'ютара. Твор быў рэалізаваны ў Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм'ера адбылася на Міжнародным фестывалі "14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў". У мai 2004 г. гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага Радыё на Міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЭСКА ў Рыме (IREM 2004).

Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі "Варшаўская восень" напісаны для інструментальнага ансамбля "Святло на Шляху" (2000) і "Маё-ёй" (2005) – творы, якія былі выкананы ансамблем салістаў "Класік-Авангард" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.

У 2013 г.па замове Кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamowienia kompozytorskie 2013, якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tanca, быў напісаны цыкл "Пожні" для змешанага хору без

суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм'ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 г. падчас Аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (Вакальны ансамбль SINGET, дырыжор – Марыя Янушкевіч).

Творы Я.Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі і асобных канцэртах у Германіі, Нідэрландах, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Польшчы, Украіне, Літве, Аргенціне, Бразіліі, Расіі і ЗША. Яго творчасць увасоблена на сямі кампакт-дысках, якія выдадзены ў Мінску.

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця на Бeлapyci. Быў адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб'яднання "Беларуская Капэла" (створана ў 1992 г), мэтай якога з'яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Актыўна i плённа працаваў у архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фестывалю "Адраджэнне беларускай капэлы". Ён з'яўляецца аўтарам сцэнарыя балета "Тэагонія" (паводле Гесіёда, VIII ст. да н. э.), у якім узноўлены прынцыпы тэатра Уршулы Радзівіл (1748). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 г. быў пастаўлены балет "Паланэз" на музыку M.К.Агінскага.

Працягваючы даследванні, Яўген Паплаўскі ў 2008 г. сумесна з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу заснаваў серыю нотных выданняў "Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі". Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

У 2015 г. аўтарскія канцэрты кампазітара адбыліся ў Мінску (Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, дырыжор – Дзмітрый Хлявіч) і Кракаве (Жаночы хор Інстытута харавога дырыжыравання, музычнай адукацыі і рытмікі, Кракаўскі камерны аркестр, Моніка Плахта – фартэпіяна, дырыжор – Станіслаў Краўчыньскі).