Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Алоўнікаў Алег (віяланчэль)

Оловников Олег (виолончель)

"Гісторыя  — стракатая палітра з мностваў лёсаў, абрысаў жыцця, яскравых і непаўторных імгненняў.

На шматасабовай філарманічнай палітры імя саліста-віяланчэліста Алега Алоўнікава (1947—2018) не застаецца незаўважаным. Бездакорная фразіроўка, мяккасць і чуйнасць тэмбра яго віяланчэлі супадалі з мяккасцю і чуйнасцю яго характару. Жыццё, насычанае музыкай, канцэртамі, падарожжамі, творчасцю прайшло, пакінуўшы сваю адметную старонку ў гісторыі Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 

ДАРОГІ

Дарогі зрабілі яго рамантыкам. А можа гэта ягоны прыроджаны рамантызм музыканта прыцягнуў вандроўны канцэртны лёс?

Беларусь была “змерана” адмысловай мерай: звыш 600 канцэртаў у маленькіх і вельмі маленькіх гарадах  і мястэчках. Паўсюль удзячныя слухачы і гарачыя апладысменты.

Вандроўкі-гастролі паглыналі жыццё вандроўніка-музыканта, але ж і жыццё паглынала і зведвала свет: блізкія і далёкія акаёмы, свае і чужыя абшары. Канцэртаў мноства — сольных і ансамблевых —  ад Кобрына і Полацкай Сафіі  да стракатай Еўропы з канцэртамі ў  Англіі, Літве, Латвіі, Эстоніі,  Бельгіі, Галандыі, Францыі, Швецыі, Балгарыі, Бельгіі, Грэцыі, Германіі, Італіі, Венгрыі…

Памяць адмаўляецца ўтрымліваць нязначнае і дробязнае. Памяць свеціцца няспынным, струменістым святлом. Самае дарагое поўніцца цеплынёй і спагадай. Не знікаюць вобразы-абрысы, выпадковыя спадарожнікі, уважлівыя і ўдзячныя слухачы, патрабавальная публіка і, вядома ж — аднадумцы, тыя, з кім так добра жартавалася, смяялася, вандравалася, канцэртавалася, з кім жыццё набывала асаблівы сэнс, узнагароджваючы неацэнным сяброўствам.

 

НАСТАЎНІКІ

Музыканту Алегу Алоўнікаву  пашанцавала з настаўнікамі. Лёс спрыяў, падкідваючы самыя прывабныя варыянты, вартыя спадчыннага таленту і набытай працаздольнасці.

Навучанне ў Інстытуце імя Гнесіных. Клас прафесара  Барыса Скоблы і Льва Еўграфава, аспірантура  і ўдасканаленне майстэрства ў Мсціслава Растраповіча.

Стажыроўка ў аднаго з першых віяланчэлістаў свету — Поля Тартэлье, сябра Пабла Казальса, асобы  прыцягальнай і неаспрэчна выключнай. Менавіта Поль Тартэлье любіў звяртаць увагу сваіх студэнтаў на формулу-сакрэт выканання бахаўскіх сюіт і ўсёй музыкі: “Надаць дыханне музыцы важней, чым даказаць павагу да яе…”

Усё спрыяла маладому Алегу Алоўнікаву, каб “зрабіць”, займець свой гук, каб палюбіць “цяжкога” Баха і прымусіць “сюіты танцаваць…”

Паслядоўным было нават захапленне дырыжорскай прафесіяй. І як не абмінуў гэта жарснае захапленне ў свой час і М.Растраповіч, і П. Тартэлье, так і Алег Алоўнікаў рызыкнуў стаць студэнтам маэстра Юрыя Яфімава і Аляксандра Анісімава, браць кансультацыі па мастацтву дырыжыравання ў прафесара Ленінградскай кансерваторыі Іллі Мусіна. Атрыманы дыплом аб заканчэнні кансерваторскага курса опернага і сімфанічнага дырыжыравання  адкрываў новыя шляхі: даваў магчымасць ствараць музыку і за дырыжорскім пультам. 

 

ТВОРЧАСЦЬ

Талент і выдатная школа, памножаныя на самаадданую працу, дазваляла развіваць сваё майстэрства далей і засвойваць  памежныя прафесіі  музычнага мастацтва.

Назапашаны вопыт, акрэслены светапогляд, безліч зайгранай музыкі звачайна правакуе  выбух уласнага творнага выказвання.

Лёгкасць стварэння першай адчувае імправізацыя. Праз яе разнявольваецца, вызваляецца з-пад прафесійных “кратаў” набыты акадэмізм. Часам, імправізацыі прыводзяць да ўласнага творчага выказвання. І нечакана-раптоўна з’яўляюцца арыгінальныя музычныя трэкі да 10 (!) мультфільмаў. Сярод іх — “Дзяўчынка з запалкамі”, “Скрозь шэры камень”, а гэта значыць супрацоўніцтва з мэтрам анімацыйнага кіно Ігарам Ваўчком!

Старонкі старых канцэртных праграмак і кароткіх справаздачных нататкаў захоўваюць цэлы шэраг выкананых шэдэўраў сусветнай класікі. Але дзівосы! Ніводная сольная праграма Алега Алоўнікава не абыходзілася без твора беларускага кампазітара. Змяшчэнне ў канцэртную праграму твораў айчынных кампазітараў і сёння пазнака добрага тону, густу і высакароднай выхаванасці — маральны імператыў, прапісаны не службовым пратаколам, а ціхім поклічам душы.

Некаторыя праграмы музыканта  змяшчаюць уласныя творы, а таксама апрацоўкі беларускіх песень, варыяцыі на тэмы песень Ігара Лучанка, варыяцыі на бетховенскія мелодыі для віяланчэлі  і фартэпіяна. А побач  — раптам і новае “Мінскае танга”, і нечаканыя рок-кампазіцыі, і рок-п’еса для 3-х віяланчэлей, і нават джазавы канцэрт для віяланчэлі з аркестрам.

“…іграць з Янчанкам было лёгка…” 

Партнёрства, пачуццё ансамбля, тоеснасць пры выкананні агульнай задачы — якасці, уласцівыя не кожнаму, як і захаванне статуса сольнага існавання і адметнасці ва ўмовах, прадыктаваных умовамі сумеснай “гульні”.

Супрацоўніцтва з Алегам Янчанкам — для жыцця любога музыканта — дарунак лёсу. У адным з інтэрвью Алег Алоўнікаў узгадвае: “ Іграць з Янчанкам было адначасова лёгка і невыказна цяжка. Лёгка таму, што мы былі нібы ў адной танальнасці. Аднолькава ставіліся да музыкі, аднолькава разумелі яе, аднолькава ставілі перад сабой надзвычай цяжкія задачы. Практычна ўсе свае творы  Алег Янчанка на пісаў для мяне. “Музычнае прынашэнне” для саліруючай віяланчэлі, аргана, дзіцячага хора і ўдарных”  мы выконвалі ў Піцеры, у зале імя Чайкоўскага ў Маскве, у Сафійскім саборы ў Полацку, у Германіі, і вядома ж у Мінску.  Надзвычай цяжкі твор, але граць з Янчанкам было лёгка.  Я ведаў, ён слухае, ён чуе і мяне, і  хор, гучаннем свайго аргана мог падтрымаць, узняць агульнае гучанне да глыбіні, пра якую я сам мог і не задумвацца.

Цяжка было з Янчанкам, бо да музыкі ён ставіўся як да сэнсу жыцця. І сентыментальнасць зусім адсутнічала ў яго музыцы. Янчанка ўмеў быць лёгкім, адчайным, гарэзлівым…”!

 

ШЧАСЛІВАЯ ЎЗАЕМАЗАЛЕЖНАСЦЬ

Гісторыя зрабіла ўсё, каб жанр камернай музыкі набыў самы высокі іерархарычны статус сярод інструментальных жанраў. Складанае, не кожнаму даступнае, поліфанічнае суіснаванне выканаўцаў — сваеасаблівае выпрабаванне на прафесію камернага саліста.

Зладжаны квартэт — рэдкая з’ява. Як трыа. Як дуэт: захаванне  ідэнтычнасці, яркай індывідуальнасці пры заяўленым самой прыродай несупадзенні.

Начны ліцэй. Цёмныя сцішаныя калідоры. Цьмянае святло далёкага вулічнага ліхтара. Недасяжны для вахцёраў, недзе на падстрэшшы, музычны клас. І два юнака — адзін за раялем, другі — з віяланчэллю. Вялізны стос нот і  процьма яшчэ невядомай, неагучанай музыкі. Праз усю ноч — “венскія” санаты, “мюнхенскія” дывертысменты, “пражскія” дуэты, варыяцыі і ронда. Акіян музыкі.

Ансамбль, які склаўся ў юнацтве, мае ўсе шанцы на доўгае прафесінае жыццё. Юнакі-ліцэісты, якія да паўночы “чытаюць з ліста” класічную музычную літаратуру яшчэ не ведаюць, што Бах, Бетховен, Шуберт, Брамс, Пракоф’еў,  Шастаковіч — гэта яшчэ і настаўнікі, што “начная музыка” — гэта пачатак вялікага, на ўсё жыццё сяброўства, узаемаразумення і ўзаемадапамогі. Гэта пошукі, бесперапыннае здзіўленне нязведанаму і наталенне бяздоннымі крыніцамі ведаў. Гэта пачатак рушэння да майстэрства, спецыфічнасці, эксклюзіўнасці.

Камерны дуэтны ансамбль “Алег Алоўнікаў — Юры Гільдзюк” набіраў імпэт і сілу інерцыі, натхняючыся першымі поспехамі, прызнаннямі, сталеннем, а пазней рэпертуарнай, геаграфічнай і стасункавай  разнастайнасцю гастрольнага жыцця з усімі яго непрадказальнасцямі.

І ў падабенстве з абраным камерным жанрам, які сам па сабе ўскладае на сябе функцыі разведчыка новага, малады дуэт, апантаны бязмежным хараством сусветнай музыкі, быў   гатовы да пошуку, да высокародных прыгодаў, дзе адбываюцца іспыты не толькі музыкай, але і перашкодамі штодзённага жыцця. Бетховен зрабіў сваю “работу”. А крохкая архітэктура музыкі наблізіла да вытанчаных канструкцый, у якіх гадуецца майстэрства.  

Сыграць бетховенскія санаты — як прайсці дантавы гушчар. Здабыць ні з чым не параўнальны досвед, змяніцца, стаць іншым. Прайсці, ў пэўным сэнсе, нялёгкім, эмацыйна насычаным шляхам кампазітара. Узнагарода? — апаленыя нетутэйшым агнём крылы.

Сыграць пяць санат

Сыграць пяць санат Бетховена для віяланчэлі і фартэпіяна (іх усяго пяць!) як пражыць жыццё. Як зразумець, што зрухі, жывыя плыні свядомасці, яе “крыгаход”, перапады настрою, эмацыйная залева не толькі бетховенская, яны твае — з уласных глыбінь. Архітэктура санат паўстае ў сваёй велічы толькі  побач з аднадумцам, роўным ў памкненні і ў шчыраванні, здольным здзівіцца бетховенскай шчодрасці.

Бетховен зрабіў падарунак чалавецтву, калі першым асэнсаваў віяланчэль як саліруючы інструмент. Кожны з выканаўцаў, хто бярэ ў рэпертуар бетховенскія санаты здзяйсняе ў нейкім сэнсе эвалюцыйны шлях кампазітара.

Сярод пяці санат дзвюх аднолькавых не знайсці ні па форме, ні па вобразнасці, ні па каларыце. Раннія санаты як эксперыменты формы,  трэцяяя — як сведчанне майстэрства, буянне творчай  энергіі, захапленне і радасць ад жыцця, апошнія — аскетызм і вынаходніцтвы. Фуга пятай санаты як апярэджванне часу і прадчуванне какафоніі. Яе змест праходзіць, як святло скрозь прызму, распадаючыся на дробныя часткі музычнай гукавой прасторы, разбураючыся і адраджаючыся на ўласных аскепках, нагрувашчваючы фантастычныя вяршыні і сцвярджаючы ўрачыстаць прасветленай свядомасці. Староннему цяжка дасягнуць глыбіню думкі, якая апынаецца раптам па-за формай,  па-за музыкай. Бетховена, сапраўды,  нельга выконваць, яго трэба ствараць  наноў: “Мае творы — не мініяцюры і не філігранныя вырабы, а фрэскі Мікельанджэла, і калі вы жадаеце іх выказаць па-мойму, мачайце вашы пэндзлі ў сакавітыя барвы, навучыцеся дабываць з вашых інструментаў здаровы, моцны гук…”

…У тым далёкім юнацтве цяжка было ўявіць, што начныя ліцэйскія музыкаванні ператворацца ў шчырае сяброўства, сумеснае гранне — ў зладжаны прафесійны дуэт. А побач з імёнамі венскіх класікаў, на канцэртных афішах  будуць пазначаны імёны выканаўцаў: Алег Алоўнікаў (віяланчэль) — Юры Гільдзюк (фартэпіяна). Бетховен, Брамс, Шуберт, … — акіян музыкі. Сусвет.

…Тады жыццё ціха назірала за летуценным юнацтвам і хавала таямніцу самотнасці. Той, хто часта прыпыняўся на сярэдзіне Adagio sostenuto ed espressivo перад бязлітасна пакутнай бетховенскай фразай, у далёкай далечы пражытага жыцця ўжо грукаецца ў дзверы халасцяцкай кватэры свайго сябра, каб яму, бездапаможнаму, адрэзанаму ад свету і людзей, адгароджанаму нядаўнай смерцю маці і ўласнай хваробай, пераказаць апошнія музычныя навіны, паўшчуваць за паныласць і пустэльнасць і, развітваючыся, непрыкметна пакінуць на падвоканні кухні пакунак з восеньскімі яблыкамі і тлустым тварагом з Камароўкі. 

Сыграць пяць санат Бетховена для віяланчэлі і фартэпіяна — гэта  зразумець адчайнасць самотнага жыцця, неспраўджанасць мараў у абдымках з расчараваннем.  Гэта зразумець вартасць  мужчынскага сяброўства і чалавечай адданасці."

Ларыса Сімаковіч