Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Арган

Арганнае выканальніцтва Беларусі славіцца сваімі даўнімі і самабытнымі традыцыямі. Новую старонку ў яго багатай шматвяковай гісторыі пазначыла адкрыццё ў 1963 годзе аргана Беларускай дзяржаўнай філармоніі, які заняў ганаровае месца на айчыннай філарманічнай эстрадзе і значна пашырыў гарызонты акадэмічнага канцэртнага рэпертуару.

Будаўніцтву галоўнага органа Беларусі папярэднічала стварэнне ў 1957 годзе камісіі па арганабудаванню пры Міністэрстве культуры СССР пад старшынствам Л.І.Ройзмана – выбітнага савецкага арганіста, прафесара Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага. Асноўнае заданне дадзенай камісіі складалася ў планавай усталёўцы арганаў у гарадах саюзных рэспублік з мэтай папулярызацыі арганнага мастацтва ў канцэртнай і навучальнай практыцы. Першым арганам, пабудаваным у рамках міністэрскай праграмы (усяго каля 90 до 1990-х гг.), стаў арган Канцэртнай залы імя П.І.Чайкоўскага ў Маскве (1959). У некаторых выпадках для ўсталёўкі ў канцэртных залах планавалася скарыстаць старыя інструменты, якія падпадалі пад сур’ёзную рэканструкцыю дзеля адпаведнасці новым “канцэртным” умовам існавання. Так, месца філарманічнага аргана ў Мінску спачатку павінен быў заняць арган з гарадзенскага Фарнага касцёла. Аднак, дзякуючы асабістаму аўтарытэту Станіслава Мацвеевіча Чарняўскага, які пасля стаў адданым захоўнікам аргана Беларускай дзяржаўнай філармоніі, гэтага не адбылося. Запрошаны да ацэнкі гарадзенскага аргана дасведчаны майстар, што шмат гадоў працаваў на арганнай фабрыцы пры Літоўскім тэатральным таварыстве (Вільнюс) і прайшоў замежную стажыроўку ў Чэхаславакіі, указаў на неадпаведнасць касцёльнага інструмента акустычным патрабаванням Вялікай залы філармоніі і недапушчальнасць яго выкарыстання ў канцэртнай дзейнасці. Станіславу Мацвеевічу як унікальнаму спецыялісту таксама выпала ганаровая місія ў выбары аргана, які неўзабаве заняў сваё нязменнае месца ў новым будынку філармоніі, што адкрыла свае дзверы для публікі ў красавіку 1963 года.

Для будавання аргана Беларускай дзяржаўнай філармоніі, як і яго маскоўскага “папярэдніка”, была абрана найбуйная ў Еўропе фірма “Rieger-Kloss”. Гэта прадпрыемства, заснаванае ў 1873 годзе ў невялікім чэшскім горадзе Крноў, да цяперашняга часу выпускае па аднаму вялікаму інструменту ў год і з’яўляецца прызнаным аўтарытэтам у вобласці арганабудавання. Мінскі “гігант”, з манументальнасцю якога маглі супернічаць толькі інструменты ў Маскве і Рызе, быў дастаўлены з чэшскай фабрыкі ў шасці чыгуначных вагонах. Кошт аргана, што склаў 150–170 тысяч савецкіх рублёў (каля 1,5 мільёна даляраў у эквіваленце), гэтак і яго памеры ўражалі сваёй маштабнасцю. Унутраная частка аргана складаецца з 3 паверхаў (12 метраў вышыні, 15 – шырыні, 4 – глыбіні), а агульная вага больш чым 17 тон. Калі арган выдаў свае першыя гукі, са столі пасыпаўся тынк. Памяшканне апынулася непрыстасаваным да такой моцы гучання інструмента. Давялося тэрмінова вырабляць дадатковыя працы. За эфектным фасадам, створаным ансамблем срабрыстых і залацістых, вертыкальных і гарызантальных труб, хаваецца вялікі, да самых дробных дэталяў вывераны механізм. У тэхнічным дачыненні мінскі “магутны волат” (па вызначэнні Л.І.Ройзмана) адказваў перадавым патрабаванням арганабудавання свайго часу: 6366 труб разнастайных канструкцый і памераў, з якіх самая маленькая – памерам з аловак, а вялікая – 8 метраў у даўжыню; 73 рэгістры; 4 свабодныя камбінацыі рэгістраў; электрычная трактура; выносны пульт кіравання з 4 мануаламі і педаллю. 10 спецыяльных мяхоў для нагнятання паветра (у 3 метры даўжынёй і 2 шырынёй), узмоцненыя вагой 250 цаглін, змесцаваны ўнізе, пад сцэнай. Тамсама ў падвале змесцаваны дзве дынама-машыны.

Аўтарам праекта, экспертам па мантажы і наладзе філарманічнага аргана, якія доўжыліся цэлых чатыры месяцы, стаў выбітны саліст-арганіст, вядомы спецыяліст у сферы арганабудавання, прафесар Пражскай музычнай акадэміі Іржы Рэйнбергер. Чэшскаму музыканту таксама выпаў гонар упершыню прэзентаваць мінскай публіцы новы арган. 3 мая 1963 года пры яго ўдзеле ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся першы канцэрт, што адкрыў маштабны цыкл з пяці вечароў арганнай музыкі. У I аддзяленні гучалі творы нямецкіх майстроў арганнай музыкі – Пасакалія до мінор І.С.Баха, “Харальныя прэлюдыі” І.Брамса і “Фантазія і фуга на тэму “BACH” М.Рэгера. У II аддзяленні І.Рэйнбергер выканаў творы французскіх кампазітараў С.Франка і А.Анэгера, чэшскіх кампазітараў Б.А.Відэрмана і Л.Яначака. Па просьбе слухачоў артыст іграў шмат твораў звыш праграмы. У тым ліку Такату і фугу рэ мінор І.С.Баха. Асістэнтам І.Рэйнбергера на гэтым канцэрце выступіла яго вучаніца Дагмар Ледлава. А ўжо на наступны дзень адбыўся яе сольны канцэрт, у складанай праграме якога прагучалі творы Г.Пёрсэла, Д.Букстэхудэ, І.С.Баха, М.Дзюпрэ і інш. Маладая арганістка прадэманстравала віртуозную ігру, у тым ліку і на нажной клавіятуры. 5 мая 1963 года адбыўся канцэрт нямецкага арганіста, прафесара Роберта Кёблера. I аддзяленне цаліком было прысвечана творчасці І.С.Баха (прагучалі яго “Пастараль”, Тры харальныя прэлюдыі, Прэлюдыі і фугі). А вось II аддзяленне праходзіла ў незвычайным фармаце. Р.Кёблер імправізаваў на прапанаваныя яму музычныя тэмы, сярод якіх выканаўца выбраў беларускія народныя мелодыі “Перапёлачка”, “Лявоніха”, “Мікіта”, “А ў полі ніўка”, а таксама дзве папулярныя савецкія песні “Хай заўсёды будзе сонца” А.І.Астроўскага і “Падмаскоўныя вечары” В.П.Салаўёва-Сядога. Яшчэ дзве канцэртныя праграмы ў цыкле вечароў былі прэзентаваны супольна ў выкананні Іржы Рэйнбергера і Дагмар Ледлавай.

Першым салістам-арганістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі стаў Алег Рыгоравіч Янчанка (1939–2002) – народны артыст Расіі, заснавальнік Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, кампазітар. Бліскуча адораны малады музыкант, выпускнік Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага па трох спецыяльнасцях: “арган” (клас прафесара Л.І.Ройзмана), “фартэпіяна” (клас прафесара Г.Г.Нейгаўза) і “кампазіцыя” (клас прафесара Ю.А.Шапорына) адкрыў для беларускіх слухачоў велізарны, раней практычна ім не вядомы, свет еўрапейскага арганнага мастацтва. Пачынальна з 1963 года рэгулярныя канцэрты, у праграмах якіх спалучаліся палотны старых майстроў і найновыя па тых часах опусы А.Месіяна, Д.Мійо, Ф.Пуленка, А.Анегера, П.Хіндэміта, з’яўляліся адной з музычных выбітнасцяў сталіцы. Больш за 10 гадоў легендарны музыкант прапрацаваў у Беларусі, пакінуўшы ў спадчыну багатыя традыцыі арганнага выканальніцкага мастацтва. Яго сольныя арганныя канцэрты, майстар-класы, прэм’еры новых твораў на доўгія гады сталі аднымі з самых яркіх падзей музычнага жыцця нашай краіны.

Творчую эстафету ў развіцці традыцый канцэртнага арганнага выканальніцтва пераняў Аляксандр Уладзіміравіч Фісейскі (*1950). Выпускнік Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага па класе аргана (клас прафесара Л.І.Ройзмана) і фартэпіяна (клас прафесара В.В.Гарнастаевай), ён з’яўляўся салістам-арганістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1975–1983 гг. Рэпертуар А.У.Фісейскага быў вельмі багаты і разнастайны: уключаў творы выбітных старых майстроў і сучасных кампазітараў. Супольна з А.Г.Янчанкай ў канцэртным сезоне 1980–1981 гг. на суд шырокай аўдыторыі быў вынесены падрыхтаваны музыкантамі двухгадовы бахаўскі цыкл з 15 канцэртаў. А ў сезонах 1985–1987 гг. быў абвешчаны новы трохгадовы цыкл з 18 канцэртаў пад назвай “Анталогія арганнай музыкі”. У якасці асноўнага выканаўца выступаў А.У.Фісейскі. З 1984 года А.У.Фісейскі – саліст Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі. Цяпер ён заслужаны артыст Расіі, прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, арганізатар Міжнароднага форума “Арган у XXI стагоддзі”. Але яго сувязь з беларускім органам не перарываецца. Ён увесь час выступае на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі з новымі канцэртнымі праграмамі.

Трыццацічатырохгадовы творчы тандэм злучае арган Беларускай дзяржаўнай філармоніі з услаўленым беларускім арганістам і клавесіністам Канстанцінам Канстанцінавічам Шаравым (1954–2017) – выпускніком Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас фартэпіяна прафесара І.А.Цвятаевай) і Латвійскай дзяржаўнай кансерваторыі (клас аргана прафесара М.К.Ванадзіня і Л.Булавы), уладальнікам Гран-пры Міжнароднага фестывалю “Musica Sacra” (Лодзь, Польшча). Дзякуючы К.К.Шараву мінская публіка пазнаёмілася з арганнай музыкай самых розных эпох, стыляў і нацыянальных школ, у тым ліку з малавядомымі творамі, а таксама шматлікімі аўтарскімі транскрыпцыямі. Рухаючыся ў напрамку высокай асветніцкай місіі, музыкант насыціў філарманічную афішу манаграфічнымі цыкламі канцэртаў, у якіх была пададзена шырокая панарама еўрапейскай музыкі для аргана – ад Д.Букстэхудэ, І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля да Л.-М.Клерамбо, Ж.-А.Гілена, Л.Маршана, С.Франка, Ш.-М.Відора, К.Сен-Санса, Л.В’ерна і інш. На працягу сваёй выканальніцкай дзейнасці К.К.Шараў прывабліваў філарманічны арган у канцэртныя праекты з удзелам айчынных і замежных камерных артыстаў, а таксама асноўных аркестравых і харавых калектываў Беларусі.

“Найноўшая” гісторыя самага вялікага аргана Беларусі вядзе свой адлік ад капітальнай рэканструкцыі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, што адбылася ў 2004 годзе. Пад грунтоўны рамонт падпаў і “кароль музычных інструментаў”, для якога пагібельныя наступствы прынеслі парушэнне вільготнасцевага рэжыму, перапады тэмпературы, пыл і вібрацыі, абумоўленыя маштабнымі будаўнічымі працамі. С.М.Чарняўскі і яго сын Генадзь Чарняўскі літаральна падарылі філарманічнаму аргану другое жыццё, ужыццявіўшы ў 2005 годзе найскладаную рэстаўрацыю. Майстры вычысцілі ўручную кожную з тысяч труб, а потым адрэгулявалі ціск паветра і настроілі інструмент. Гэта была вельмі карпатлівая і тонкая работа (хоць да гэтага лічылася, што вырашэнне такой задачы пад сілу толькі чэшскім спецыялістам) – да прыкладу, пры наладзе некаторых рэгістраў выкарыстоўваліся нават гусіныя пярынкі. Упершыню арган пасля рамонту загучаў 1 кастрычніка 2005 года: у прысвечаным адкрыццю новага сезона канцэрце, аснову праграмы якога саставіла “Патэтычная араторыя” Г.В.Свірыдава. Поўнамаштабная інаўгурацыя інструмента пасля рамонтных прац адбылася 19 кастрычніка 2005 года. Гонар першага выканання на адрэстаўраванам інструменце быў прэзентаваны знакамітым арганістам краіны – Ксеніі Пагарэлай, Ігару Алоўнікаву, Канстанціну Шараву, Уладзіміру Неўдаху.

Важнай падзеяй у гісторыі аргана Беларускай дзяржаўнай філармоніі стала ажыццяўленне ў 2006 годзе міжнароднага канцэртнага праекта “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”, ідэйнай натхняльніцай і нязменнай вядучай якога з’яўляецца Вольга Парфёнаўна Савіцкая – музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У рамках гэтага паспяховага праекта мінская публіка пазнаёмілася з мастацтвам выбітных выканаўцаў-арганістаў Беларусі (К.Шараў, І.Алоўнікаў, К.Пагарэлая, Р.Выграненка), Расіі (А.Фісейскі, Л.Голуб, Д.Зарэцкі, М.Мішчанка, Я.Колесаў, В.Кемава), Польшчы (М.Стэфаньскі, Р.Пяруцкі, М.Маркушэўскі), Германіі (І.Геферт, М.Шнайдэр, Д.Шольмайер, Ю.Эсль), Францыі (Ф.Пітруа, В.Дзюбуа), Латвіі (Я.Лісіцына), Літвы (І.Будрытэ-Кумер), Італіі (Э.М.Фаджыані, М.Караца, К.Тунезі, М.Чыферы), Іспаніі (Д.Сальвадор), ЗША (Р.Эбрехт), Англіі (Й.Куін), Японіі (Х.Іноўэ) і іншых краін. Найвысокі выканальніцкі ўзровень музыкантаў, прывабленых да ўдзелу ў праграмах канцэртаў дадзенага праекта, асветніцкая скіраванасць, разнастайнасць і жанрава-стылявая шырыня рэпертуару выклікалі шырокі рэзананс у канцэртным жыцці Беларусі і забяспечылі папулярнасць вечароў арганнай музыкі ў філармоніі сярод айчынных аматараў акадэмічнага музычнага мастацтва.

Арган Беларускай дзяржаўнай філармоніі зведаў істотныя змены ў 2013 годзе. Пры спрыянні нямецкіх спецыялістаў і пад чуйным кіраўніцтвам яго новага захоўніка – Генадзя Станіслававіча Чарняўскага, без нагляду якога і цяпер не абыходзіцца ніводная арганная рэпетыцыя ці канцэрт у філармоніі, былі зладжаны інтанаванне рэгістраў і частковая рэстаўрацыя арганных труб. Сур’ёзныя змены закранулі арганны пульт, які быў заменены сучасным аналагам. Гэта дазволіла адмовіцца ад складанай сістэмы з больш чым чатырох сотняў правадоў, якая раней злучала выносны пульт з інструментам. Арган таксама абсталявалі электроннай сістэмай і дадатковым абсталяваннем midi-recorder MSD-2, з дапамогай якога стала магчымым ажыццяўленне запісу і прайгравання ігры арганіста. Дзякуючы новым тэхналогіям выканаўцам таксама стала нашмат прасцей працаваць з рэгістрамі: выключаць іх можна націскам адной кнопкі заміж некалькіх, як раней.

Сёння галоўны арган Беларусі жыве насычаным канцэртным жыццём. Яго выдатную “форму”, на працягу шматлікіх гадоў падтрыманую Г.С.Чарняўскім, адзначаюць усе арганісты, якія выступаюць у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сталая рэпутацыя філарманічнага аргана як вылучна рознабаковага сольнага інструмента, якому падначалены найскладаныя канцэртныя праграмы з твораў розных стыляў і эпох, знаходзіць пацверджанне не толькі ў рэгулярных выступленнях знакамітых арганістаў з розных куткоў свету, але і ў з’яўленні маладых айчынных выканаўцаў (Вольга Падгайская, Калініка Мядзведзева, Кацярына Нікалаева і інш.) і фарміраванні нацыянальнага канцэртнага арганнага рэпертуару.