Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь”

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, створаны ў кастрычніку 1988 года, з першых крокаў прыцягнуў пільную ўвагу музычнай супольнасці нашай краіны.

Заснавальнікам і першым мастацкім кіраўніком калектыву стаў выпускнік Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігар Мацюхоў. Сур’ёзны і ўдумлівы музыкант, ён шмат у чым вызначыў галоўны кірунак усёй творчай дзейнасці хору: адраджэнне і папулярызацыя шэдэўраў старадаўняй беларускай і рускай духоўнай музыкі, заходнееўрапейскай класікі, твораў сучасных беларускіх кампазітараў.

Першапачаткова калектыў называўся “Мінскі камерны хор”, у верасні 1993 года ён атрымаў статус дзяржаўнага.

У кастрычніку 2000 года камерны хор ўзначаліла выпускніца Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Наталля Міхайлава. Шырокая эрудыцыя, высокі ўзровень мастацкай культуры, адданасць творчасці дазваляюць вызначыць Наталлю Міхайлаву як адну з самых значных асобаў сучаснай музычнай культуры Беларусі. Уклад дырыжора ў развіццё беларускага харавога мастацтва адзначаны медалём Францыска Скарыны і званнем “Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь”.

На сённяшні дзень рэпертуар Дзяржаўнага камернага хору Беларусі адметны надзвычайнай разнастайнасцю і шырынёй: шэдэўры сусветнай класічнай музыкі (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівальдзі, К.Мантэвердзі, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ш.Ф.Гуно, Ф.Шуберт, Дж.Расіні, А.Брукнер, Г.Фарэ і інш.); старажытная беларуская музыка XVI–XVIII стагоддзяў (Ц.Базілік, Вацлаў з Шамотул, Я.Брант, К.Клабон, Рыфматворны псалтыр Сімяона Полацкага, творы ананімных аўтараў); руская духоўная музыка (Д.Бартнянскі, Б.Беразоўскі, С.Рахманінаў, П.Часнакоў, Г.Свірыдаў і інш.); сучасная беларуская і замежная музыка (А.Бандарэнка, А.Літвіноўскі, С.Хвашчынскі, В.Капыцько, А.Атрашкевіч, Л.Сімаковіч, В.Кур’ян, Г.Гарэлава, К.Пендэрэцкі, Я.Падгайц, П.Хіндэміт, О.Месіян, М.Ясінскі, Ю.Свідэр, Э.Эшэнвалдс і інш.).

У рэпертуары хору таксама шырока прадстаўлены апрацоўкі беларускіх народных песень, джазавай і папулярнай музыкі – усяго больш за 900 твораў.

Дзякуючы нястомнаму творчаму пошуку Наталлі Міхайлавай канцэртныя праграмы камернага хору рэпрэзентуюць розныя стылі і жанры. Сумесна з ансамблем “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам дырыжора і клавесініста Дзмітрыя Зубава калектыў выканаў “Страсці паводле Іаана” І.С.Баха, “Рэквіем” В.А.Моцарта, а таксама ўпершыню прадставіў публіцы кантату К.Граўна “Смерць Ісуса” на знакамітай сцэне Малой залы Санкт-Пецярбургскай філармоніі.

Яркімі праектамі калектыву сталі “Песні ваенных гадоў” з Дзмітрыем Хварастоўскім, “Негрыцянскі спірычуэлз і джаз” сумесна з дырыжорам Айрай Сполдынгам (ЗША) і джаз-бэндам “Apple Tea”, праграма “Навагодні свінг” з вядомым джазавым піяністам і кампазітарам Леанідам Чыжыкам (Германія), канцэрт з рок-выканаўцай Валерыем Кіпелавым (Расія). Нязменным поспехам карыстаюцца праграмы музыкі замежнага і айчыннага кінематографа (“Любімыя мелодыі кіно”, “Music of Hans Zimmer”, “The Lord of the Rings” і “Lion King”, выкананыя ў Германіі, Швейцарыі, Італіі).

Значнымі падзеямі для беларускай культуры сталі музычныя прысвечанні Францыску Скарыне (“На пачатку было слова” да 500-годдзя Беларускай Бібліі і 500-годдзя Рэфармацыі) і Станіслава Манюшкі (“На хвалі пачуццяў” да 200-годдзя нараджэння).

Калектыў нястомна пашырае межы харавога мастацтва, выконваючы арыгінальныя творы ў жанрах харавога тэатра і м’юзікла-прыпавесці (“Плошча Якуба Коласа”, “Апокрыф” Ларысы Сімаковіч), міні-оперу Дзмітрыя Шастаковіча “Антыфармалістычны раёк”, тэатралізаваныя канцэрты (“Рыа-Рыта!” да 80-годдзя пачатка Вялікай Айчыннай вайны, “Родныя вобразы” да 60-годдзя мемарыяльна-літаратурнага музея імя Якуба Коласа), музычны спектакль “Цень” паводле аднайменнай п’есы Я.Шварца сумесна з ансамблем “Музычная арка” Беларускага саюза кампазітараў. Таксама ў творчай біяграфіі хору канцэртнае выкананне опер “Паяцы” Руджэра Леанкавала, “Чыа-Чыа-Сан” Джакома Пучыні, “Ідаменэй” Вольфганга Амадэя Моцарта і “Латарэя” Станіслава Манюшкі.

На працягу ўсёй творчай дзейнасці камернага хору з ім плённа супрацоўнічалі выбітныя беларускія кампазітары, якія спецыяльна стваралі для калектыву: Ігар Лучанок, Андрэй Мдзівані, Леанід Захлеўны, Андрэй Бандарэнка, Віктар Капыцько, Ларыса Сімаковіч, Алег Хадоска, Алена Атрашкевіч, Яўген Паплаўскі, Алег Залётнеў, Дзмітрый Лыбін, Сяргей Бугасаў, Галіна Гарэлава, Алег Гембіцкі, Уладзімір Карызна.

Сумесныя творчыя праекты звязваюць Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь з вядучымі калектывамі краіны, выдатнымі айчыннымі і замежнымі музыкамі: Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным ансамблем “Песняры”, ансамблем салістаў “Класік-Авангард”, ансамблем “Камерныя салісты Мінска”, дырыжорам Андрэа Анджэліні (Італія), дырыжорам і кампазітарам Кшыштафам Пендэрэцкім, спеваком і кампазітарам Горанам Брэгавічам (Боснія і Герцагавіна), кампазітарам і дырыжорам Эніа Марыконэ (Італія) і многімі іншымі.

Геаграфія канцэртаў Дзяржаўнага камернага хору ахоплівае не толькі ўсе абшары Беларусі, але і многія замежныя краіны. Калектыў з поспехам выступаў у Нарвегіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Італіі, Літве, Швецыі, Эстоніі, Сербіі, Балгарыі, Расіі, Украіне.

Камерны хор – удзельнік шматлікіх фестываляў як у Беларусі (“Беларуская музычная восень”, “Мінская вясна”, “Званы Сафіі”, “Магутны Божа”, “Каложскі Благавест”), так і за мяжой (фестывалі духоўнай музыкі ў Бельгіі, Італіі, Літве, Эстоніі, Балгарыі, Украіне, Расіі, Грэцыі). Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь – першы з беларускіх калектываў, запрошаны ўдзельнічаць у Маскоўскім Велікодным фестывалі пад кіраўніцтвам маэстра Валерыя Гергіева.

Калектыў нязменна атрымлівае высокую адзнаку міжнароднага журы за прафесійнае майстэрства. Так, у 2006 годзе калектыў стаў уладальнікам Гран-пры Міжнароднага харавога фестывалю-конкурсу “Hajnówka 2006” (Польшча), у 2011 годзе быў узнагароджаны дыпломам I ступені Міжнароднага фестывалю сакральнай музыкі імя Св.Якуба (Літва), у 2016 – дыпломам ІІ ступені на Юбілейным XXXV Міжнародным Фестывалі Царкоўнай Музыкі “Hajnówka 2016” (Польшча).

З 2020 года камерны хор Беларусі ўдзельнічае ў міжнародных анлайн-конкурсах і фестывалях, якія актыўна праводзяцца ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. У 2021 годзе калектыў удзельнічаў у XI Міжнародным фестывалі ў Грэцыі, а ў 2022 годзе стаў лаўрэатам I ступені XIV Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Silver Bells” (Латвія).

За высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё беларускай культуры ў 2017 г. Дзяржаўнаму камернаму хору прысуджана званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Такім чынам, Дзяржаўны камерны хор на сённяшні дзень арганічна спалучае традыцыі і наватарства, класіку і сучаснасць. Дзякуючы няспыннаму творчаму пошуку галоўнага дырыжора, у рэпертуары хору з’явілася шмат новых канцэртных праграм, эксперыментальных праектаў, прэм’ер твораў сучасных беларускіх кампазітараў.


Мастацкі кіраўнік і дырыжор – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Уладзіміраўна Міхайлава

Дырэктар – Алена Уладзіславаўна Кавалёва

Кантактs: +375 17 255 26 68; e-mail: gkhrb@bgf.by

facebook.com/belarusianchamberchoir

vk.com/chamberchoir

Плэйліст хору на Youtube-канале Белдзяржфілармоніі

Канал хору на Youtube

Буклет