Ticket office:

+375 17 396-16-17

Booking tickets
Год качества

Камерны? Усеабдымны!

80-годдзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі, што святкуецца цягам усяго канцэртнага сезона, нібы матрошка, утрымлівае ў сабе і іншыя юбілеі. Днямі свае паўстагоддзя адзначыў вечна малады па энергетыцы і заўсёды схільны да новых крэатыўных ідэй Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.

Тры аддзяленні вечарыны “Vivat, аркестр!” скончыліся амаль апоўначы. Можа, і не варта было так абцяжарваць гледачоў пасярод працоўнага тыдня, але… яны атрымалі цэлае мора пазітыву. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву заслужаны артыст
Расійскай Федэрацыі Яўген Бушкоў зноў засведчыў сваё творчае крэда, акрэсленае назвай-слоганам аднаго з аркестравых абанементаў: “Класіка — гэта класна!”

Сапраўды, акадэмічная музыка таксама можа быць вясёлай, гуллівай, нават забаўляльнай. Яна можа скіроўваць не на глыбокія роздумы і катарсіс, а на ўсмешкі і адпачынак. Удакладнім: на добрыя ўсмешкі і інтэлігентны адпачынак. Менавіта такім было трэцяе аддзяленне, дзе Вальс Чайкоўскага суседнічаў з рэгтаймам, Арыя Баха — з музыкай “Бітлз” і эстраднай песняй нашага Вальтэра Мнацаканава.

А ўдзел танцоўшчыка Макса Полака (Аўстрыя — ЗША) пераканаў, што Полька-піцыката Штраўса і музычная казка “Шабарша” расійска-канадскага кампазітара Айрата Ішмуратава цудоўна спалучаюцца са стэпам. На юбілейнай вечарыне былі выкананы фрагменты казкі, цалкам яна паказвалася напярэдадні: гэтак жа з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара Уладзіміра Мішчанчука, які чытаў тэкст, і дырыжора Яўгена Бушкова, які з уласцівым яму артыстызмам уключаўся ў акцёрскую ігру.

Раптам падумалася: чаму б не зрабіць падобны цыкл беларускіх казак? Тым больш, што пачынанні такія ўжо былі. У свой час выдалі нават суцэльны фартэпіянны зборнік нашага класіка Генрыха Вагнера з музычнымі ілюстрацыямі да вядомых казак. Выкарыстаўшы балетныя партытуры, у тым ліку Марыны Марозавай, казкі ставіла капэла “Санорус”. Дый кампазітар Уладзімір Саўчык, працуючы ў філармоніі для дзяцей і юнацтва, стварыў безліч падобных аўтарскіх праектаў (праўда, не выключна інструментальных, а з песнямі). Акурат нядаўна ў зале імя Рыгора Шырмы ішла новая версія яго “Чырвонага Каптурка”. А ансамбль “Класік-Авангард” сумесна з маладым драматургам Васілём Дранько-Майсюком зладзіў іскрамётныя, напоўненыя інтэрактывам “Музычныя прыгоды вушастага Бурыдуса”.

Падобных праектаў павінна быць больш! І не аднаразовых, а з рэгулярнымі паўторамі — па прынцыпе рэпертуарных спектакляў. Пакуль жа некалькімі філарманічнымі паказамі можа пахваліцца хіба “Маленькі прынц” таго ж “Класік-Авангарда” і Аляксандра Ждановіча з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Але ж вяртанне ў дзяцінства стала далёка не адной разыначкай юбілейных ушанаванняў. Было яшчэ вяртанне ў мінулае: не толькі фота на экране і згадванне адметных падзей, але і штосьці накшталт “аркестравай зборнай”, калі некаторыя творы выконваліся цяперашнімі і ранейшымі музыкантамі разам. Была і “маладзёжная старонка”: разам з аркестрам выступіла маладая скрыпачка Марыя Надольная з нашага Рэспубліканскага каледжа пры Акадэміі музыкі.

Ды ўсё ж галоўным “цвіком праграмы” справядліва сталі прэм’еры — не толькі з разраду “ўпершыню ў Беларусі”, але і сусветныя. У ложы можна было праводзіць міжнародны сімпозіум, бо там сабраліся кампазітары з пяці краін, чые творы презентаваліся. Такі канцэнтраваны паказ найноўшай акадэмічнай музыкі дазваляў звярнуць увагу як на некаторыя агульныя рысы, так і на асаблівасці творчых індывідуальнасцяў кампазітараў. Яднала ўсіх папраўдзе піетэтнае стаўленне да эстэтычнага боку — прага да прыгажосці, тэмбравай выразнасці, заснаванай не на рознакаляровай пярэстасці, а на вытрыманасці стылю, разнастайнасці адценняў блізкіх фарбаў.

У Прыпавесці “Харон” для гітары і струнных нашай Галіны Гарэлавай скарылі духоўна-філасофскія глыбіні. У Другім скрыпічным канцэрце Хеля Марка Карлсэна з Нарвегіі — філігранная ўпісанасць яўрэйскіх матываў у еўрапейскую традыцыю. У Канцэрце для камернага аркестра і ўдарных Эльмара Лампсэна з Германіі — прыём “агучанай цішыні”, асаблівая паэтыка твора, дзе сола альтовай флейты ўспрымалася як нейкае празарэнне ў пошуках ісціны.

Эрык Фрайтаг з Аўстрыі напісаў да юбілею Канцэрціна для беларускіх цымбалаў з аркестрам. Гэта не першы замежны кампазітар, які звярнуўся да нашага інструмента. Але дадзены твор нібы знітаваў гісторыю музыкі ў адзіны непадзельны працэс. Бо калісьці ў часы Рэнесансу цымбалы патрапілі да нас менавіта з аўстра-нямецкіх земляў — дзе, да ўсяго, выкарыстоўваліся пры каралеўскім двары ў дуэце з лютняй. Там яны паступова забыліся, а ў нас — прыжыліся настолькі, што сталі народнай спадчынай. І зноў вярнуліся ў Вену: наша цымбалістка Аляксандра Дзенісеня, стаўшы фіналісткай класічнага “Еўрабачання-2012”, выконвала там Канцэрціна Уладзіміра Кур’яна. Цяпер жа нашы музыканты атрымалі новы твор, дзе цымбалы паўстаюць у кантэксце свайго ўсходняга паходжання, на што намякаюць асобныя фрагменты партытуры. І ўяўляюцца зусім не “ўдарным” інструментам — наадварот, ласкавым, пяшчотным, надзвычай далікатным, з тонкімі каларыстычнымі магчымасцямі, у тым ліку ў амаль “лялечным” скерца.

Што ж, юбілей павінен быць з падарункамі. І іх атрымалі ўсе без выключэння. А найперш — наша нацыянальная культура, якая паўстагоддзя таму з лёгкай кампазітарска-дырыжорскай рукі Алега Янчанкі ўзбагацілася калектывам, скіраваным найперш на выкананне старадаўніх і найноўшых твораў. Тыя традыцыі пазней працягнуў Юрый Цырук, замаўляючы беларускім аўтарам новыя партытуры і, пры неабходнасці, рэдагуючы ды ўдасканальваючы напісанае. Што ж да цяперашняга этапу, дык аркестр пачаў абіраць кампазітараў-рэзідэнтаў, з якімі супрацоўнічае пэўны тэрмін. І праз тое цяперашні сезон калетыву адкрываўся нашумелай прэм’ерай фальклорна-тэатралізаваных “Кроснаў Макошы” Канстанціна Яськова. Так трымаць!

Надзея Бунцэвіч

"Культура" № 14 (1349) 07.04.2018 - 14.04.2018 г

http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15095

Фото: Александр Горбаш