Ticket office:

+375 17 396-16-17

Booking tickets
Год качества

“Мінская вясна-2018”

"Мінская вясна” прыйдзе ў Беларускую дзяржаўную філармонію 34-ы раз. У гэтым сезоне яна аб’яднала 9 канцэртаў. Аматараў класікі чакае сустрэча з сімфанічнай, камернай, харавой, фартэпіяннай і фальклорнай музыкай. Зараз фестываль прысвечаны 80-годдзю Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гэта значная дата робіць сезон яшчэ больш яркім і насычаным, чым звычайна.

“Мінская вясна-2018” пачнецца 12 красавіка канцэртам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь (дырыжор - Уладзімір Вярбіцкі). У якасці саліста выступіць адзін з самых паспяховых маладых піяністаў у Кітаі, уладальнік узнагарод прэстыжных фартэпіянных конкурсаў Джэ Юэн. Падчас канцэрта прагучаць шэдэўры рускай класікі – Канцэрт №1 для фартэпіяна з аркестрам П.Чайкоўскага і Сімфонія №11 соль мінор “1905 год” Дз.Шастаковіча.

Прэм’ера музычнага спектакля сучаснага кампазітара Ларысы Сімаковіч “Плошча Якуба Коласа” стане адной з самых значных падзей “Мінскай вясны-2018”. Унікальны твор, напісаны з нагоды 135-годдзя Паэта, публіка ўбачыць у Вялікай зале 13 красавіка. Драматычныя маналогі, пластыка, харэаграфія, маштабныя харавыя сцэны, эксперыментальная музыка і шэдэўры І.С. Баха і Г. Пёрсэла, творы Э. Вайтакра і М. Лаўрыдсана. У спектаклі ўдзельнічаюць зоркі нацыянальнай сцэны Святлана Зелянкоўская і Святлана Анікей, салістка Вялікага тэатра Беларусі Дыяна Трыфанава, а таксама саліст ансамбля “Класік-Авангард” Сяргей Махаў і Мінскі струнны квартэт. Музыка-рэжысура-харэаграфія Ларысы Сімаковіч.

“Мінская вясна” заўсёды славілася канцэртамі фартэпіяннай музыкі. Не стаў выключэннем і 34-ы фестываль. Піяністы Юрый Бліноў (Беларусь) і Соф’я Гуляк (Вялікабрытанія) запрашаюць на “Вечар фартэпіяннай музыкі”. У іх выкананні прагучаць сачыненні І.С.Баха, Ф.Бузоні, М.Клеменці, Ф.Шуберта, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі, А.Скрабіна, П.Дзюка. Фартэпіяна прагучыць і падчас канцэрта музыкантаў з Італіі. Піяністка Паола Жэрардзі і флейтыст Рафаэле Трывізані выканаюць творы В.А.Моцарта, Г.Даніцэці, Д.Брычальдзі, Ч.Чыардзі, Ф.Марлакі ў Малой зале імя Р.Шырмы 14 красавіка.

Канцэрт Студэнцкага сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор – Андрэй Галанаў) ў межах Першай міжнароднай акадэміі аркестровага мастацтва адбудзецца ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 19 красавіка. Салісты: Андрэй Кавалінскі (Францыя, труба), Яўген Егудзін (Ізраіль, кларнэт), Сергіюс Кірсенка (Літва, труба), Аляксандр Фітэрштэйн (ЗША, клернэт), Іван Маісеня (Беларусь). У праграме – творы К.М.Вэбэра, В.Беліні, Ж.А.Арбана, В.Монці, А.Шоу.

Творчы вечар Аляксандра Журбіна адбудзецца 27 красавіка. Аляксандр Журбін – расійскі кампазітар, аўтар музыкі да 60 фільмаў і 40 мюзіклаў, лаўрэат Усесаюзных і Міжнародных прэмій, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, член Саюза кампазітараў, а таксама саюза пісьменнікаў, журналістаў, тэатральных дзеячаў, кінематаграфістаў. Ён напісаў першую расійскую рок-оперу “Арфей і Эўрыдыка”, якая ўпершыню была пастаўлена ў Пецярбургу ў 1975 годзе і да гэтай пары з поспехам жыве на сцэне. Таксама кампазітар з’яўляецца вялікім прыхільнікам і папулярызатарам мюзікла. Сёння ў Расіі складана знайсці музычны тэатр, дзе б ні шлі творы Журбіна – толькі ў Маскве 10 з іх уключаны ў пастаянны рэпертуар сталічных тэатраў. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі 27 красавіка адбудзецца сусветная прэм’ера новага твору кампазітара. Вечар пачнецца з "Sinfonia Giocosa" у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Працягне канцэрт сусветная прэм’ера – Канцэрт для цымбал і сімфанічнага аркестра. Салістка – лаўрэат міжнародных конкурсаў, цымбалістка Людміла Нікольская. Таксама прагучаць фрагменты з мюзіклаў, песні і рамансы ў выкананні Аксаны Волкавай (меца-сапрана, Беларусь), Уладзіміра Пятрова (барытон, Беларусь), Наталлі Гайда (сапрана, Беларусь). Рытм-секцыя – джаз-бэнд “Apple tea”. Некаторыя творы выканае муза і жонка кампазітара Ірына Гінзбург – паэтэса, песні на вершы якой любімыя цэлымі пакаленнямі слухачоў. За дырыжорскім пультам – Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

Юбілейны вечар Мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага камернага аркестра заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова адбудзецца 8 мая ў Вялікай зале філармоніі. У лютым аркестр адсвяткаваў свой паўвекавы юбілей. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – равеснік калектыва, у якім ён працуе. Яўген Бушкоў нарадзіўся ў Маскве ў сям'і скрыпачоў. З 5 гадоў пачаў займацца на скрыпцы, а ўжо ў 8 упершыню выступіў з сімфанічным аркестрам. У розныя часы яго настаўнікамі былі Л.Коган, З.Гілельс, У.Траццякоў, З.Шыхмурзаева. У гады навучання Я.Бушкоў стаў лаўрэатам некалькіх буйнейшых міжнародных конкурсаў. Дырыжорскі дэбют Я.Бушкова адбыўся ў 1999 г. з аркестрам Міжнароднага фестывалю ў Люксоі (Францыя). З 2008 года Я.Бушкоў, заслужаны артыст Расіі, з’яўляецца мастацкім кіраўніком і галоўным дарыжорам Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. Ён зрабіў вялікі ўклад у развіццё выканальніцкага майстэрства артыстаў аркестра. Дзякуючы дзейнасці Яўгена Робертавіча Бушкова за апошніх 10 год Дзяржаўны камерны аркестр даў жыццё вялікай колькасці твораў сучасных кампазітараў (беларускіх і замежных), стаўшы іх першым выканаўцай. Пад кіраўніцтвам Я.Р.Бушкова апошнія 10 гадоў амаль што ў кожным канцэрце Дзяржаўнага камернага аркестра адбываецца прэм’ера.

"Мінская вясна” працягнецца юбілейным вечарам (15.05) заснавальніка фестывалю, мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Гільдзюка. Прычым, канцэрт аб’яднае дзве значныя даты: 70-годдзе Юрыя Мікалаевіча і 35-годдзе з моманту прызначэння яго мастацкім кіраўніком філармоніі. Разам з Юрыем Гільдзюком выступяць яго вучні, сябры, калегі: піяністы, лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў А.Сікорскі, А.Паначэўны, А.Пятроў, А.Данілаў, А.Шаплыка, прафесар Кёльнскай вышэйшай школы музыкі, арганіст І.Геферт, дацэнт Маскоўскай кансерваторыі, скрыпач С.Яковіч, прафесар Маскоўскай кансерваторыі А.Бандуранскі, вядомая цымбалістка А.Ткачова, а таксама Мінскі струнны квартэт. Падчас юбілейнага вечара публіка пазнае Юрыя Гільдзюка як выдатнага піяніста, ансамбліста, мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі і прафесара Акадэміі музыкі.

Завяршыцца фестываль 19 мая канцэртам фартэпіяннай музыкі. Лаўрэаты міжнародных конкурсаў піяністы Андрэй Паначэўны і Кірыл Кедук выступяць у Вялікай зале філармоніі.