Билетная касса:

+375 17 396-16-17

Заказ билетов

Год качества

XXXVII Фестываль музыкі “Мінская вясна”

 

XXXVII Фестываль музыкі “Мінская вясна” запрашае аматараў і знаўцаў музычнага мастацтва з 5 па 31 мая на канцэрты ў Беларускую дзяржаўную філармонію. Штогод гэта свята музыкі здзіўляе сваёй разнастайнасцю, непаўторнасцю, новымі адкрыццямі і знаходкамі. І на гэты раз, не змяняючы традыцыям, фестываль прапануе прыхільнікам высокага мастацтва маляўнічую палітру жанраў інструментальнай і вакальнай музыкі. Лепшыя ўзоры сусветнай музычнай спадчыны “ажывуць” на сцэнах Вялікай і Малой залы філармоніі ў выкананні выбітных творчых калектываў і артыстаў, імёны якіх упрыгожваюць афішы беларускіх і замежных канцэртных пляцовак.

Публіку чакаюць сустрэчы з выбітнымі творчымі калектывамі і выканаўцамі, імёны якіх упрыгожваюць афішы як роднай мінскай філармоніі, так і вядомых сусветных канцэртных пляцовак.

Грандыёзным акордам, які адкрые фестываль, стане Святочны канцэрт да Дня Перамогі. 5 мая у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым прагучыць бессмяротная Сёмая “Ленінградская” сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча. У канцэрце возьме ўдзел Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага.

Сёлета “Мінская вясна” пройдзе пад знакам 85-годдзя Беларускай дзяржаўнай філармоніі – старэйшай канцэртнай арганізацыі нашай краіны. Галоўная ўрачыстасць фестывалю адбудзецца 19 мая ў Вялікай канцэртнай зале. Для Святочнага канцэрта Да дня адкрыцця філармоніі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, які і сам нядаўна адзначыў 95-годдзе, падрыхтаваў найцікавейшую праграму. Сапраўдныя “жамчужыны” музычнай скарбніцы – сімфанічная паэма “Франчэска да Рыміні” Пятра Чайкоўскага, кантата “Вясна” Сяргея Рахманінава, Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам №1 Ферэнца Ліста, Румынская рапсодыя №1 Джорджэ Энэску і “Урачыстая прэлюдыя” Вячаслава Кузняцова – прагучаць у выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы імя Шырмы на чале з Вольгай Янум і салістаў – барытона Уладзіслава Вітушка і піяністкі Шы Цяньжань (Кітай).

У рамках цяперашняга фестывалю пройдзе Вечар памяці народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца – “Народ мой, дзякую табе…”. 18 мая, у дзень народзінаў Маэстра, у Вялікай канцэртнай зале Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча, які амаль паўстагоддзя ўзначальваў Міхаіл Антонавіч, выканае творы айчынных кампазітараў Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Яўгена Глебава, Валерыя Іванова, Віктара Помазава, Вячаслава Кузняцова, Аляксандра Крамко. У суправаджэнні аркестра праспяваюць нязменныя ўдзельнікі лепшых канцэртных праграм калектыву Петр Елфімаў, Ян Жанчак, Кацярына Дзегцярова, салісты аркестра і артысты, у творчым лёсе якіх Міхаіл Казінец адыграў важную ролю.

Серыю канцэртаў камернай музыкі ва ўтульнай Малой зале імя Р.Шырмы распачне “Вечар з віртуозамі” ансамбля салістаў “Класік-Авангард”. 13 мая маладыя артысты калектыву, па словах яго мастацкага кіраўніка Людмілы Каліноўскай, “паспрабуюць наблізіцца да сапраўднай віртуознасці, якая ўключае ў сябе і бліскучае валоданне інструментам, і глыбокае пранікненне ў мастацкую задуму музыкі”.

Атрымаць асалоду ад стройнага гучання харавых галасоў можна будзе 17 мая на канцэрце “Зорны крок”. Па задуме галоўнага дырыжора Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы Вольгі Янум у Малой зале збяруцца чатыры харавых калектывы, якія ўвасабляюць чатыры ступені на шляху да вяршынь прафесійнага майстэрства: школьны хор прадставіць зводны дзіцячы хор “Ліра” Сярэдняй школы №66 г.Мінска, студэнцкі – хор “Cantus Juventae” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, аматарскі хор – лаўрэат міжнародных конкурсаў камерны хор “Салютарыс” Беларускага саюза музычных дзеячаў. І вянок гэтага шляху – прафесійны калектыў – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы.

15 мая Міжнародны дзень сям’і прапануе адзначыць разам Дзяржаўны камерны аркестр на чале з заслужаным артыстам Расіі Яўгенам Бушковым. У Малой зале будзе прадстаўлена праграма “Граюць нашы дзеці”. Нароўні з удзельнікамі аркестра сваё выканальніцкае майстэрства прадэманструе і маладое пакаленне музычнай сям’і: Нікан Мазаль, Вольга Сідарук, Ганна і Марыя Цхаўрэбавы. А 25 мая адбудзецца ўрачыстае закрыццё канцэртнага сезона Дзяржаўнага камернага аркестра ў Вялікай зале філармоніі. Да гэтай падзеі музыканты падрыхтавалі дзве прэм’еры! Аркестр упершыню выканае Уверцюру да оперы “Бязлюдная выспа” Іозэфа Гайдна і Пятую сімфонію Франца Шуберта.

Не першы год фестывальную праграму “Мінскай вясны” упрыгожваюць ужо традыцыйныя канцэрты цыкла “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”. 17 мая ў праграме “Беларускі арганны фэст” аматараў “караля інструментаў” чакае выступленне вядомых выканаўцаў – прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў айчыннай школы: народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Уладзіміра Неўдаха, Лізаветы Марозавай, Ганны Горбач, Кацярыны Мікалаевай, Калінікі Мядзведзевай.

Працягне тэму пераемнасці пакаленняў і канцэрт, прымеркаваны да 75-годдзя выдатнага беларускага педагога. віяланчэлісткі Наталлі Шпянёвай. 20 мая сцэна Малой залы будзе прадстаўлена выпускнікам яе класа – таленавітым музыкантам, канцэртуючым выканаўцам і педагогам, якія працягваюць развіваць віяланчэльнае мастацтва ў Беларусі, паспяхова працуюць і займаюць вядучыя пазіцыі ва ўсіх музычных калектывах нашай краіны.

На свой творчы вечар запрашае піяністка Таццяна Старчанка Заснавальнік і мастацкі кіраўнік незвычайна любімага публікай праекта “Музычная гасцёўня”, артыстка выступае не толькі як выканаўца, але і з’яўляецца вядучай, аўтарам праграм і рэжысёрам-пастаноўшчыкам усіх канцэртаў гэтага праекта. Разам з Таццянай Старчанка 25 мая на сцэне Малой залы выступяць Яўген Віданаў (флейта), Віктар Пузыня (кларнет), Віктар Альшэўскі (кантрабас) і Ігар Аўдзееў (ударныя інструменты).

Прэзентацыя новай праграмы “Чароўнае барока” Дзяржаўнага камернага хору пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай адбудзецца 28 мая. На сцэне Малой залы прагучаць малазнаёмыя старонкі харавой творчасці І.С.Баха, І.К.Баха, Г.Шутца, А.Вівальдзі і Г.Ф.Гендэля.

Завершаць фестывальны рух “Мінскай вясны” 31 мая адразу два канцэрты, прызначаныя задаволіць густы самай рознай аўдоторыі слухачоў. У Вялікай канцэртнай зале выступіць вакальны ансамбль “Камерата” – унікальны калектыў, выканальніцкая манера якога заснавана на выкарыстанні спеву a capella з тэхнікай “мікрафоннага” спеву і адначасовай апрацоўкай галасоў з дапамогай электронікі. У праграме “Вышэй золата” прагучаць аўтарскія кампазіцыі, якія даўно палюбіліся прыхільнікам творчасці калектыву, і новыя творы.

На канцэрт камерна-інструментальнай музыкі ў той жа вечар запрашае мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь прафесар Юрый Гільдзюк. Разам з Мінскім струнным квартэтам ён прадставіць праграму “Дараваная прыродай прыгажосць”. У Малой зале імя Р.Шырмы ў гарманічным саюзе фартэпіяна і струнных інструментаў прагучыць “Фарэлен-квінтэт” Ф.Шуберта і вытанчаныя творы венскіх класікаў І.Гайдна і В.А.Моцарта.

XXXVII Фестываль музыкі “Мінская вясна” – гэта сапраўднае свята высокага мастацтва, якое дорыць магчымасць дакрануцца да шэдэўраў класікі як спрактыкаваным меламанам, так і слухачам, якія толькі адкрываюць для сябе свет акадэмічнай музыкі!