Д.Смольскі, А.Мдзівані, Я.Глебаў, В.Іваноў, В.Помазаў, В.Кузняцоў, А.Крамко
Вечар памяці народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца
“НАРОД МОЙ, ДЗЯКУЮ ТАБЕ…”
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча
Дырыжоры – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Алясандр Крамко
Аляксандр Высоцкі
***
Імя народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца назаўсёды ўвайшло ў гісторыю музычнай культуры Беларусі. 18 мая 2022 года ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца вечар памяці Маэстра, які названы радком яго вялікага сябра, паэта Генадзя Бураўкіна – “Народ мой, дзякую табе…”. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча, які амаль паўстагоддзя ўзначальваў М.А.Казінец, у гэты вечар выканае лепшыя творы беларускіх кампазітараў Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Яўгена Глебава, Валерыя Іванова, Віктара Помазава, Вячаслава Кузняцова, Аляксандра Крамко, якія сталі візітнымі карткамі аркестра.
У суправаджэнні аркестра праспяваюць:
Пётр Елфімаў, Ян Жанчак і Кацярына Дзегцярова – нязменныя ўдзельнікі лепшых канцэртных праграм аркестра, выканаўцы вядучых роляў у рок-операх “Песня пра долю” і “Гусляр”;
Людміла Лазарчык – экс-салістка аркестра, неверагоднае сапрана, аўтар і выканаўца шэрага сольных канцэртных праграм “Салавей” у суправаджэнні аркестра;
Іван Бярэзін – оперны выканаўца, у творчым лёсе якога немалую ролю адыграў сам Міхаіл Антонавіч Казінец.
Сваю лепту ў вянок памяці М.А.Казінца ўнясуць салісты аркестра Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў і Наталля Брацлоўская.
За дырыжорскім пультам калегі Маэстра Казінца – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко і Аляксандр Высоцкі.
Правядзе канцэрт пастаянная вядучая канцэртаў аркестра музыказнаўца Вольга Брылон.