Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам І.Іванова

У 1994 годзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ) на факультэце народных інструментаў быў арганізаваны дуэт у складзе студэнтаў III курса Ігара Іванова (балалайка) і Андрэя Сівакова (баян). Першыя поспехі ансамбля звязаны са шматлікімі выступленнямі ў Беларусі. У 1996 годзе з мастацтвам музыкантаў знаёміцца публіка Заходняй Еўропы, ажыццяўляюцца вельмі паспяховыя гастрольныя падарожжы ў Германію і Францыю.

У 1997 годзе нараджаецца ідэя стварэння інструментальнага квартэта: да дуэта балалайка – баян (І.Іваноў – А.Сівакоў) прымыкаюць домра і бас-гітара. У гэтым жа годзе ў такім складзе калектыў ажыццяўляе першыя гастрольныя падарожжы за мяжу (Францыя, Германія).

Паралельна з развіццём квартэта працягваецца творчая дзейнасць дуэта. І.Іваноў і А.Сівакоў навучаюцца ў асістэнтуры-стажыроўцы БДАМ па дысцыплінах: “сольнае выканальніцтва” і “камерны ансамбль” (творчы і навуковы кіраўнік прафесар У.А.Чабан). У звязку з гэтым з 1998 года дзейнасць квартэта прыпыняецца.

У 1999 годзе дуэт запрашаецца ў Беларускую дзяржаўную філармонію, дзе ў такім складзе працуе цягам двух наступных гадоў. У гэты перыяд кожны з музыкантаў (і ранейшага квартэта, і дуэта) бярэ ўдзел у конкурсных спаборніцтвах у якасці саліста, заваёўвае званне лаўрэата ці дыпламанта міжнародных конкурсаў.

У 2001 годзе аднаўляецца дзейнасць квартэта пад назвай “Славяне”. У яго складзе: дыпламанты міжнародных конкурсаў Ігар Іваноў (балалайка) і Андрэй Сівакоў (баян), лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Дзікавіцкая-Іванова (домра), саліст Белдзяржфілармоніі Мікалай Абрамовіч (бас-гітара).

3 кастрычніка 2003 года квартэт “Славяне” пераймяноўваецца ў “Ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраваннем Ігара Іванова”.

Са студзеня 2013 года ў склад ансамбля ўваходзіць лаўрэат міжнароднага конкурсу, студэнт БДАМ – Глеб Грэчанкоў (бас-гітара).

Ансамбль па змесце сваёй творчасці пільнуецца акадэмічнай скіраванасці. Аб гэта можна меркаваць і па рэпертуары, і па выканальніцкай культуры. Нароўні з аранжаванымі творамі сусветнай музычнай класікі яго канцэртныя праграмы ўтрымваюць яркія, мастацка дасканалыя апрацоўкі славянскай народнай музыкі. Важнае месца ў гэтых праграмах займаюць і творы беларускіх кампазітараў.

Музыканты вельмі ўважлівыя да стылістыкі музыкі мінулых эпох. У транскрыпцыях І.Іванова і А.Сівакова арыгінальныя класічныя творы не губляюць мастацкіх якасцяў, наадварот, яны ўзбагачаюцца новымі тэмбравымі фарбамі, гучаць свежа, сучасна, захоўваюць пры гэтым усе азнакі стылю.

Сёння “Ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраваннем Ігара Іванова” з вялікім поспехам выступае ў Мінску, гастралюе па Беларусі і за мяжой: Германія, Італія (Балоння), Кітайская Народная Рэспубліка (Пекін, 2008), Францыя, Андора, Польшча, Бельгія (Брусель), Індыя (2009), Туркменістан (Ашхабат, 2007), Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка, Сірыя (2010), Ліван (2010), Расійская Федэрацыя і iнш. З 2003 года калектывам запісана 6 кампакт дыскаў. Створана больш за 30 канцэртных праграм: “Творчы вечар кампазітараў І.Лучанка і Э.Андрэенкі”; канцэртныя праграмы з народным артыстам Расіі Аляксандрам Цыганковым і лаўрэатам міжнародных конкурсаў Андрэем Гарбачовым; “Творчы вечар кампазітара У.Шавякова” (г.Віцебск); “Вечары рускага старадаўняга раманса” з Н.Цішко (вакал); праект “Я помню цудоўнае імгненне...” з Ігарам Задарожным (вакал) і “Ноч светлая” з Аляксандрам Аўраменкам (вакал); “Зоркі кантры і блюграс ЗША” з квартэтам Тоні Эліс (ЗША); супольны праект з вакальным гуртом “Бацька Атаман”; канцэртныя праграмы з лаўрэатамі міжнародных конкурсаў Я.Грыдзюшкам (гітара) і Н.Корсак (домра); “Навагоднія сюпрызы ў Музычнай гасцінай” з Т.Старчанка і Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь; тэматычныя вечары з І.Зубрыч, М.Казініным, А.Агаркавай; шматлікія сольныя праграмы.

Ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраваннем Ігара Іванова – нязменны ўдзельнік Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень”; удзельнік Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Мэрцішор 2006” (Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка); I Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Творчая спадчына В.В.Андрэева” (Расія, 2007), I Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Андрэеўскія зоркі” (Расія, 2011), удзельнік Рэспубліканскага фестывалю “Памяці Р.Жыхарава” і інш.

Канцэрты калектыву праходзяць з аншлагам і з нязменным поспехам. Багаты рэпертуар і майстэрства музыкантаў ансамбля дазваляе імя знаёміць шырокую аўдыторыю слухачоў з камернай музыкай і пашырыць лік яе прыхільнікаў.

Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства В.А.Чабан

У складзе:

Ігар Іваноў балалайка

Алена Іванова домра

Андрэй Сівакоў баян

Глеб Грэчанкоў бас-гітара