Як оперны кампазітар Станіслаў Манюшка (1819–1872) не пачаўся са знакамітай "Галькі". Да часу з'яўлення яе другой, "варшаўскай" чатырохактавай рэдакцыі і пераезду кампазітара ў 1858 годзе на сталае жыхарства ў польскую сталіцу яго пяро доўгіх дваццаць гадоў адточвалася на невялікіх операх — "аперэтках", як іх тады называлі. Публіка Вільні, Гародні і Менску, — гарадоў былога Вялікага княства Літоўскага, жыхаром якога тады быў Манюшка, амаль штогод мелі асалоду з прем'еры яго чарговай оперы. Улічваючы ўмовы тагачаснай тэатральнай канкурэнцыі і густы нерафінаванай зрэшты публікі, малады таленавіты кампазітар пісаў пераважна адна- і двухактавыя камічныя ці сатырычныя творы.
Ужо ў 15-гадовым узросце С. Манюшка паказаў публіцы тэатральную сцэнку "Канторскія служачыя". У 1839 г. была напісана аперэта "Начлег у Апенінах", у 1840 — "Ідэал, ці Новыя каштоўнасці" і "Латарэя", у 1841 — "Новы Дон Кіхот, альбо Сто шаленстваў", "Карманьёл, альбо французы любяць жартаваць", "Жоўты начны каўпак, альбо Калядка на Новы год", а таксама "Яўрэйскі рэкруцкі набор", у 1843 — "Чарадзейная вада", у 1844 — "Сялянка" і ў тых жа саракавых — "Спаборніцтва музыкаў" (апошнія чатыры на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча).
З гэтых аперэтак лёс быў літасцівы, аднак, нямногім. Адразу пасля смерці С. Манюшкі пры Варшаўскім музычным таварыстве была створана секцыя, якая пачала збіраць матэрыялы, звязаныя з яго творчасцю. Аднак нягледзячы на гэта, некаторыя раннія оперы ці то цалкам загінулі ("Спаборніцтва музыкаў"), ці то дайшлі да сённяшняга дня ў постаці асобных нумароў ("Яўрэйскі рэкруцкі набор", "Чарадзейная вада", "Сялянка"). Астатнія ж захоўваюцца у малачытэльных рукапісах і дагэтуль ніколі не выдаваліся.
Хіба што найлепшы шанц на адраджэнне ў сучаснай музычна-культурнай прасторы з ранніх опер кампазітара атрымала "Латарэя". У 1908 годзе шчыраваннямі секцыі С. Манюшкі Варшаўскага музычнага таварыства былі выдадзены яе партытура, клавір і асобная кніжачка з лібрэта, на падставе якіх і адбываецца сённяшнее канцэртна-сцэнічнае выкананне.
Прэм'ера аднаактавай аперэты "Латарэя" мела месца 8 верасня 1841 г. у старым тэатры ў Гародні, хоць пэўныя факты ўказваюць на яе першую пастаноўку ў Вільні. Твор прагучаў у выкананні Кампаніі драматычных артыстаў Віленскага тэатру пад кіраўніцтвам Вільгельма Шмідгофа. Па-сутнасці, гэта была нямецкая вандроўная оперная трупа, у рэпертуары якой пераважалі творы заходнееўрапейскіх кампазітараў. У той вечар "Латарэя" была паказана разам з папулярнай "Помстай" Аляксандра Фрэдры.
Увосень 1843 года трупа Шмідгофа прыязджае ў губернскі Менск, дзе С. Манюшка знаходзіўся па маёнткавых справах. Выступленні вандроўнага тэатра абудзілі вялікую цікавасць мясцовай публікі. Манюшка хоча скарыстаць з гэтай аказіі і 19 кастрычніка піша жонцы пра неабходнасць тэрмінова выслаць ноты: "Абавязкова дашлі мне партытуру і галасы "Варшаўскай латарэі" — поштай, альбо партытуру і галасы "Ідэалу", якія знаходзяцца ў чырвонай берлінскай папцы. Маючы такую важную справу, я хацеў бы звярнуць на сябе ўвагу, а гэтыя дзве аперэткі пры Шмідгофе і Панне Еве [дачка Шмідгофа, спявачка], якая напэўна выходзіць замуж за нейкага багатага юнкера, могуць быць добра выстаўленыя". Неўзабаве С. Манюшка адмаўляецца ад ідэі выстаўлення "Ідэалу" і 26 кастрычніка піша жонцы: "Малю Цябе, чым хутчэй дашлі мне поштай партытуру і галасы "Латарэі". Акцёры ўжо вучацца — публіка пра гэта ведае і чакае з нецярплівасцю. Выбаві мяне з клопату! Музыка зараз — уся мая зброя! Толькі яна за мяне прамаўляе".
У першай палове лістапада 1843 г. аперэта была паказана ў Мінску. Вядома, што была добра прынятая: "Латарэя падабалася!", — каротка пісаў кампазітар ў лісце ад 16 лістапада. С. Манюшцы сапраўды пашанцавала паказаць сваю "Латарэю" мінчанам: неўзабаве ў В. Шмідгофа пачаліся фінансавыя цяжкасці, ён быў вымушаны пакінуць горад, пасля чаго яго нават шукала паліцыя віленскай, гарадзенскай і менскай губерняў.
З усіх ранніх аперэтак С. Манюшкі "Латарэя" бадай што мела найбольш паспяховае сцэнічнае жыццё. Менавіта з гэтым творам кампазітар дэбютаваў і на польскай сцэне. 12 верасня 1846 г. па ініцыятыве сяброў Манюшкі ўдалося арганізаваць паказ "Латарэі" ў Варшаўскай оперы. Нягледзячы на поспех, гэтае выкананне праўдападобна стала апошняй прыжыццёвай пастаноўкай оперы. Юначы твор кампазітара быў досыць строга ацэнена Ю. Сікорскім — вядучым варшаўскім музычным крытыкам.
Адной з галоўных мішэняў для нападак тагачаснай прэсы на "Латарэю" стала, аднак, не музыка, а лібрэта Оскара Корвін-Мілеўскага (1818–1906), з якім С. Манюшка стварыў некалькі сваіх ранніх опер. Несумненна, што яго пазнейшае супрацоўніцтва з В. Дуніным-Марцінкевічам прынесла значна большы мастацкі плён, ацаніць які ў поўнай ступені з-за страчанасці музычных рукапісаў ужо наўрад ці ўдасца. Вядома таксама, што ў 1840-х гадах С. Манюшка звяртаўся з прапановамі аб напісанні лібрэта да І. Крашэўскага і А. Фрэдры, але знакамітыя на той час пісьменнікі не адгукнуліся на прапановы яшчэ нікому невядомага кампазітара з правінцыі. Тым не менш, фактам застаецца тое, што ўжо з маладых гадоў С. Манюшка, адчуваючы ў сабе патэнцыял музыканта-драматурга, марыў пра стварэнне значнай оперы і пастаянна адточваў свае навыкі на невялікіх камічных творах.
Адным з такіх сачыненняў і стала напісаная 21-гадовым кампазітарам "Латарэя", пэўныя фрагменты якой ужо прадказваюць вялікі талент будучага аўтара "Галькі" і "Страшнага двору".
Празрысты, немудрагелісты і нават наіўны сюжэт "Латарэі" вабіць, аднак, чысцінёй і шляхетнасцю пачуццяў герояў, даючы надзею на перамогу дабрыні і справядлівасці. Для публікі заходніх губерняў Расійскай Імперыі гэта было надзвычай важным і актуальным пасля лістападаўскага паўстання 1831 года, калі, здавалася, само паветра было насычана рэакцыяй і страхам.
Дзея адбываецца ў адным з правінцыйных гарадоў, якім тады, па-сутнасці, быў і губернскі Менск. Шчасце закаханых Яна Пюркевіча і Ганны Шляхціцкай залежыць ад выйгрыша ў латарэю. Бібулкевіч, канкурэнт Яна, выкупае ў 10 разоў болей білетаў і тым самым мае нашмат болей шанцаў ажаніцца з Ганнай. Назіраючы за калізіяй, Незнаёмы хоча дапамагчы маладой пары. Ён загадзя аддае ў кантору ўласныя 5 тысяч злотых, дамовіўшыся з Іцэкам Амстэрдамам, які правярае латарэйныя білеты, што той аддасць іх, быццам бы выйгрыш, Яну. Разам з тым, змоўшчыкі вырашаюць разыграць і тым самым пакараць хцівага Бібулкевіча. Ён нібыта выйграе вялікую суму грошай, запрашае таварыства на шыкоўны абед, але ўрэшце памылка ўскрываецца і ён застаецца з нічым. Дабро трыумфуе, і Шляхціцкі, айцец Ганны, аддае яе за Пюркевіча.
Аднаактавую "Латэрэю" С. Манюшка акрэслівае "фрашкай", што азначае "драбніцу", "забаўку". Яна блізкая жанрам "аперэткі", "вадэвілю", "спеў-ігры" ці "сялянкі", якія бытавалі ў рэчышчы сентыментальнага тэатру ХІХ ст. Акцыя мела ў іх другапланавую ролю, вобразнымі ж дамінантамі былі шлюб ці вяселле герояў, а таксама кірмашы, дажынкі і г.д. Паводле жанру такія "аперэткі" суадносяцца з нямецкім зінгшпілем і французскай камічнай операй, дзе музычныя нумары чаргуюцца з больш ці менш разгорнутымі размоўнымі дыялогамі, такім чынам, знаходзячыся на мяжы ўласна музычных спектакляў і тэатральных п'ес з музыкай. Такія "напаўмузычныя" спектаклі супадалі з магчымасцямі вандроўных тэатраў. Сінкрэтычны характар іх дзейнасці спалучаў мастацтва драматычнае і ўласна музычнае, а акцёры былі падрыхтаваны для выканання як чыста размоўных, так і спеўных роляў.
Музыка "Латарэі" складаецца з інтрады і 10 музычных нумароў. Сярод іх — зграбны, пластычны дуэт закаханых "Надзея наша ў малым білеце" (№ 2), узнёслае трыо "Божа, дай натхненне сэрцу" (№ 3), грацыёзная арыя Ганны "Ледзь дзяцінства прамінула" (№ 4), ключавы для оперы драматычны раманс Незнаёмага "Б'юць мне ў сэрца цяжкія ўдары" (№ 5), тэма якога з'яўляецца ў фінале оперы (№ 10), а таксама напісаныя з вялікай дасціпнасцю і добрым гумарам куплеты Бібулкевіча "Ах грошы, любыя грошы" (№ 8). Нязвыкла важную ролю ў аперэце выконвае хор. Яму, як паўнавартаснаму дзеючаму персанажу, С. Манюшка даручае напісаныя з вялікай дынамікай разгорнутыя дзейсныя сцэны (№ 1, 6, 7 і 9).
Святлена Немагай
Білетная каса: