“Беларуска-італьянскія культурныя сувязі маюць глыбокія карані і даўнюю гісторыю. Многія сотні гадоў кантакты нашых народаў давалі плённыя вынікі для нацыянальных культур і еўрапейскай культуры ў цэлым. Дзяржава Ватыкан і Венецыянская Рэспубліка ўжо ў глыбокім Сярэднявеччы кантактавалі і асвятлялі нашыя землі цывілізацыйнымі промнямі. Асабліва гэтыя працэсы ўзаемадзейнасці нашых народаў і культур узмацніліся ў эпоху Рэнэсанса, калі пачаліся актыўныя вандраванні еўрапейцаў па кантыненце, у тым ліку італьянцаў у Беларусь і беларусаў у Італію. Найярчэйшымі прыкладамі тых кантактаў былі – вучоба і атрыманне двух доктарскіх ступеняў у Падуанскім універсітэце будучым беларускім першадрукаром Францішкам Скарынам, візіты ў Італію і Ватыкан знакамітага паэта-лацініста Міколы Гусоўскага, легендарная вандроўка славутага магната, фундатара маштабных культурных ініцыятываў, князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.
У сваю чаргу ў Беларусь (ВКЛ) прыязджалі італьянскія славутасці, самая выдатная з якіх – прадстаўніца знакамітага арыстакратычнага роду Бона Сфорца, што стала нашай вялікай князёўнай, жонкай манарха, а разам з тым – галоўным правадніком рэнесансных культурных і цывілізацыйных праяваў. Кампазітары і лютністы Рэнесанса і Барока – Мікелянджэло і Вінчэнца Галілеі, Дыямедас Като, капэльмайстар Джавані Баціста Качола, архітэктар Джавані Марыя Бернардоні – першыя вялікія італьянскія таленты, што пакінулі яркія сляды на беларускіх землях. Наступныя эпохі толькі пашыралі моду на “італьянскае” і спіс такіх талентаў – капэльмайстры і кампазітары Джаакіна Альберціні і Джавані Паізіэла, архітэктары Юзаф Фантана і Карл Спампані ды іншыя упрыгожвалі Беларусь сваімі шэдэўрамі.
Наша славутае 500 годдзе сёлета – выдатная нагода узгадаць пра шматвяковае і плённае супрацоўніцтва нашых народаў. Тым больш, што ў 2017-м спаўняецца 25 гадоў устанаўлення сучасных беларуска-італьянскіх дыпламатычных адносінаў.
Святочная канцэртная праграма сёння складзена як панарама італьянскіх шэдэўраў у рэтраспекцыі эпох. Яна – панарама – раскрываецца паміж двума вяршынямі: Музыкі МОНТЭВЭРДЗІ ў 16 ст. і “проста” ВЭРДЗІ ў 19 стагоддзі. Наш італьянскі “гукавы вітраж” складзены з ШЭДЭЎРАЎ свецкай і духоўнай кампаненты, аздоблены любімымі класічнымі “хітамі” і некалькімі ПРЭМ’ЕРАМІ: італьянскімі і беларускімі, звязанымі з Італіяй”.
Аляксей Фралоў