НАВАГОДНІ МЮЗІКЛ-БАЛЕТ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ І ДАРОСЛЫХ “ШЧАЎКУНОК”
Ёсць краіна, у якую хацеў бы трапіць кожны. Краіна, у якой адважнасць і смеласць патрабуецца толькі тады, калі трэба выбраць паміж марцыпанам і шакаладам. Краіна, якая, бясспрэчна, існуе недзе зусім поруч з намі: толькі заплюшчыць вочы, і … кранальны Шчаўкунок, надзейны правадыр у свет мрояў, даставіць нас непасрэдна ў сталіцу – Цукеркенбург.
Казка пра Шчаўкунка даўно стала самай папулярнай зімовай гісторыяй, бо кожнае-кожнае дзіцё (нават калі яно даўно ўжо сталае) павінна абавязкова ў калядныя дні трапіць у гэту цудоўную атмасферу густаў, фарбаў і гукаў.
І ўсё ж, наша гісторыя – у незвычайнай абгортцы. Не драматычны спектакль і не класічны балет, а сапраўдная феерыя – харэаграфічны мюзікл! Класічная, усімі любая, музыка П.Чайкоўскага – але ў новых, сучасных, аранжоўках. Знаёмыя танцы – але ў новай, нечаканай харэаграфіі. Традыцыйныя персанажы – але ў новай кампаніі!
Мюзікл-балет выконваецца сіламі артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, апроч музыкі П.Чайкоўскага ў сучасным аранжаванні гучаць песні, створаныя для казкі, і размоўныя сцэны, агучаныя артыстамі беларускіх тэатраў, ансамблем “Камерата” і ансамблем “Песняры”.
Дзяцей усіх узростаў чакае сустрэча з героямі казкі Э.Т.Гофмана ў аўтарскай версіі Валянціна Дудкевіча. Запрашаем гледачоў адправіцца ў казачнае падарожжа ў горад радасці.
Рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар сцэнара і лібрэта – народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч
Аўтар аранжаванняў – Арцём Фралоў
НАЙБЛІЖЭЙШЫЯ ІМПРЭЗЫ:
31 снежня (аўт) 2024 года, 13.00
02 студзеня (чц) 2025 года, 14.00
02 студзеня (чц) 2025 года, 17.00
03 студзеня (пт) 2025 года, 11.00