Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва: Петэр Аўвэркерк (Нідэрланды)

Дата: 24.04.2019 пачатак у 19:00
Катэгорыя: Арган

Цыкл канцэртаў

“Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”

Петэр Аўвэркерк (Нідэрланды)

Музыказнаўца – кандыдат мастацтвазнаўства

Вольга Савіцкая

У праграме: Я.П.Свелінк, І.С.Бах, С.Франк, Ж.А.Ален, Л.В'ерн

 

Арганіст з Нідэрландаў Петэр Аўверкерк зноў у Мінску!

Свой першы прыезд у Беларусь і канцэрт на Вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі выканаўца добра памятае і ў радасным прадчуванні сустрэчы 24 красавіка з мінскай публікай на сваёй старонцы ў ФБ напісаў: “24 красавіка на працягу дзвюх гадзін (!) зноў іграю ў Мінску, у Вялікай зале. Захапляльна! Апошні раз, калі я быў у Беларусі ў 2008 годзе, я пераказваў свае ўражанні. Мне так цікава даведацца, як яно будзе на гэты раз, пасля 11 гадоў перапынку. Буду выконваць Баха, Свелінка, Франка, Алена…”

Беларуская музычная супольнасць таксама чакае прыезду вядомага арганіста. У сябе на радзіме Петэр Аўверкерк не абмяжоўваецца дзейнасцю канцэртуючага арганіста. Ён вядомы як дырыжор камернага хора “Voci Vivace”, як рэдактар часопіса “Музыка і літургія”, як кіраўнік штогадовага ліпеньскага Міжнароднага Гарлемскага фестывалю арганаў.

Пасля завяршэння вучобы ў амстэрдамскай кансерваторыі і першай перамогі на Міжнародным конкурсе арганаў Рэйнскага абшару, геаграфія канцэртаў арганіста значна пашырылася: Лондан, Эдынбург, Рейк’явік, Масква, Венецыя, Рым і інш. былі слухачамі яго сольных канцэртаў.

У сябе на радзіме Петэр Аўверкерк апякуецца новым пакаленнем. Асабліва маладымі арганістамі. Ён лічыць, што арганная музыка — “свет арганаў”  не стаіць на месцы, а развіваецца, нягледзячы на гістарычна ўсталяваны звычны кантэкст. Маладыя людзі для Петэра Аўверкерка — галоўная мэтавая аўдыторыя, дзеля іх робіцца ўсё, каб змясціць арган як паўнавартасны музычны інструмент у цэнтр увагі.

Нядаўна Петэр Аўверкерк даслаў нам ліст з падрабязным апісаннем зместу канцэртнай праграмы, якую вязе ў Беларусь:

«У праграме сабраныя творы самых вядомых заходнееўрапейскіх кампазітараў.

Да антракта фокус увагі будзе засяроджаны на венгерскіх, нямецкіх і галандсіх арганных п'есах, напісаных у розныя часы.

ХVІІ стагоддзе будзе заяўлена варыяцыйнай кампазіцыяй амстэрдамскага арганіста Яна Пітэрсзона Свелінка, у аснове якой — старая нямецкая народная песня пра паэта, які засмучаны праз тое, што стаў дарослым. Глыбока ў сэрцы паэту хочацца застацца ў маленстве.

Франц Ліст. Прагучыць твор-шанаванне ў гонар вялікага Ёгана Себасцьяна Баха — «Прэлюдыя і Фуга B.A.C.H.», дзе ў якасці музычнай тэмы выкарыстаныя літары

прозвішча кампазітара.

А Камерная трыа-саната ў стылі барока самога Ё.С.Баха створыць уражанне гучання некалькіх інструментаў — блок-флейты, скрыпкі, габоя і віяланчэлі, што будзе дасягнута з дапамогай абедзьвух рук арганіста і педалі.

Другое аддзяленне — падарожжа ў Францыю.

Прагучыць «Прэлюдыя, Фуга і Варыяцыя» і «Гераічная п'еса» заснавальніка знакамітай парыжскай арганнай школы Сезара Франка.

Завершыцца канцэрт творамі паслядоўнікаў традыцый парыжскай арганнай школы Луі В'ерна і Жана Алена.»

Да хуткай сустрэчы!

Ларыса Сімаковіч

 

Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва: Петэр Аўвэркерк (Нідэрланды)