Альфрэд Шнітке (1934–1998)
– Сюіта з музыкі да к/ф “Экіпаж”
– “Пушкін-сюіта”
– “Сілуэты” па “Пецярбургскіх аповесцях” М.Гогаля
– “Рэвізская казка”
XXXIX Фестываль музыкі “Мінская вясна”
Міжнародныя вечары фартэпіянных дуэтаў “DUETTISSIMO”
Цыкл канцэртаў “ПАРТРЭТЫ”
канцэрт пяты
“АЛЬФРЭД ШНІТКЕ” (да 90-годдзя з дня нараджэння)
Фартэпіянны дуэт Наталля Громава і Валерый Баравікоў
***
Альфрэд Шнітке... Для шырокай публікі гэтае імя – сімвал расійскага музычнага авангарда. Ніводны іншы кампазітар СССР гэтага пакалення (ён нарадзіўся ў 1934) не атрымаў такой шырокай вядомасці, як ён.
Яго забаранялі, выконвалі вельмі рэдка, а калі выконвалі, то канцэрты суправаджаліся нябачаным ажыятажам (аж да ўмяшання коннай міліцыі). Пазней – наадварот: яго сталі выконваць вельмі шмат, пра яго сталі здымаць фільмы, пісаць кнігі. Шнітке стаў сімвалам перабудовы і свабоды сумлення. Ён не быў ідэалагічным дысідэнтам, але быў нонканфармістам і вельмі значнай і глыбокай асобай.
Растраповіч называў Шнітке геніем, Свірыдаў ацэньваў яго талент скептычна. Ажыятаж вакол яго імя ў перабудоўныя гады і спад цікавасці пасля яго смерці не дае магчымасці дакладна вызначыць яго месца ў кампазітарскай іерархіі 20 стагоддзя. Гэта пытанне часу. Ці паўстане ён у адзін шэраг са Стравінскім, Пракоф’евым і Шастаковічам – гэта вялікае пытанне, але зусім ясна, што без яго карціна музыкі нашага часу будзе няпоўнай.
Шнітке даводзілася шмат пісаць для кіно і тэатра. Менавіта гэтым ён зарабляў сабе на жыццё на працягу многіх гадоў, паколькі яго маштабныя сачыненні не былі рэкамендаваны да выканання Саюзам кампазітараў. І сваю першую Дзяржаўную прэмію РСФСР Шнітке атрымаў не за свае сімфоніі, араторыі і канцэрты, а менавіта за музыку да мультфільмаў.
У канцэрце 25 красавіка, прысвечаным 90-годдзю кампазітара, вы пачуеце музыку Альфрэда Шнітке да спектакляў і кінафільмаў у выкананні фартэпіяннага дуэта Наталлі Громавай і Валерыя Баравікова.