На працягу 30-ці гадоў Заслужаны калектыў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь радаваў сваіх слухачоў выдатнай музыкай, цікавымі праграмамі і яркімі прэм'ерамі.
У дзень свайго юбілею калектыў запрашае адправіцца ў займальнае музычнае падарожжа. Вас чакаюць жамчужыны музычнага мастацтва розных краін і эпох, знакамітыя мелодыі кіно і шэдэўры папулярнай музыкі без пышных прамоваў, пампезнасці і сумных цырымоній. Музыка будзе сустракаць Вас ужо ў фае!
Рэжысёр-пастаноўшчык – акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, кінаакцёр, магістр тэатра Ігар ПЯТРОЎ.
***
Свой творчы шлях Дзяржаўны камерны хор пачаў з кастрычніка 1988 года пад кіраўніцтвам таленавітага і харызматычнага дырыжора – выпускніка Ленінградскай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ігара Мацюхова.
З 2000 года калектыў тварыць разам з Заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Наталляй Міхайлавай. Шырокая эрудыцыя, высокі ўзровень мастацкай культуры і глыбокія музычныя веды характарызуюць Наталлю як адну з самых яркіх асоб музычнага мастацтва Беларусі.
На сённяшні дзень рэпертуар Дзяржаўнага камернага хору адрозніваецца надзвычайных разнастайнасцю і шырынёй. Гэта ўнікальны калектыў, які сваёй творчасцю пастаянна пашырае ўяўленні аб магчымасцях камернага хору, выконваючы творы ў жанрах харавога тэатра і мюзікла-прыпавесці (прэм'еры Л.Сімаковіч «Плошча Якуба Коласа» і «Апокрыф»), прадставіўшы публіцы «Антыфармалістычны раёк» Дз.Шастаковіча і канцэртнае выкананне опер «Латарэя» С.Манюшкі, «Чыа-Чыа-Сан» Дж.Пучыні, «Паяцы» Р.Леонкавала, а таксама вялікую колькасць старадаўняй і сучаснай музыкі a cappella.
На працягу ўсяго творчага шляху з хорам плённа супрацоўнічалі выбітныя беларускія кампазітары, якія спецыяльна пісалі творы для калектыву: І.Лучанок, А.Мдзівані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка, В.Капыцько, Л.Сімаковіч, О.Хадоска, А.Атрашкевіч, Я.Паплаўскі, А.Залётнеў, Дз.Лыбін, С.Бугасов, Ул.Карызна.
Камерны хор Белдзяржфілармоніі вядомы не толькі ва ўсіх абласцях нашай краіны, але і любім слухачамі Польшчы, Германіі, Швецыі, Нарвегіі, Італіі, Эстоніі, Бельгіі, Літвы, Латвіі, Балгарыі, Сербіі, Расіі і Украіны.
За 30 гадоў творчай дзейнасці Дзяржаўнаму камернаму хору пашанцавала выступаць з многімі сусветнымі зоркамі, знакамітымі выканаўцамі і дырыжорамі, сярод якіх Дзмітрый Хварастоўскі (барытон, Расія), Леанід Чыжык (фартэпіяна, Германія), Мехтхільд Бах (сапрана, Германія), Йоахім Хёхбауэр (бас, Германія), Ева Кляйнхайнс (сапрана, Германія), Франчэска Аніле (тэнар, Італія), Анатоль Лапікус і Юрый Махавіч (фартэпіяна, Малдова), Яўген Бушкоў (Расія), Аляксандр Анісімаў (Беларусь), Андрэа Анджаліні (Італія), Эніа Марыконэ (Італія), Айра Сполдынг (ЗША) і многія іншыя.