Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята»

Ансамбль народнай музыкі "СВЯТА" - першы ў Беларусі прафесійны фальклорны ансамбль, які пачаў адраджаць народную музычную спадчыну сваёй краіны. Ансамбль створаны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1984 годзе. Канцэртная праграма ансамбля была пабудавана на музычным фальклоры беларускага Палесся - скарбніцы духоўнай культуры заходніх славян. Найгрышы і песні, запісаныя непасрэдна ў народных музыкаў і выкананыя на старадаўніх і традыцыйных інструментах з захаваннем манеры і каларыту гучання, сталі блізкім і зразумелымі не толькі беларусам, але і людзям розных нацыянальнасцяў.

Спалучэнне музыкі і танца дало магчымасць ствараць яркія канцэртныя праграмы, якія з вялікім поспехам прымаюцца як у нас на радзіме, так і далёка за яе межамі. Ансамбль «Свята» не раз прымаў удзел у міжнародных фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў Канадзе, Аўстрыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Індыі, Карэі, Кітаі, Эфіёпіі, Велікабрытаніі, Венесуэле, Францыі, атрымліваў захопленыя водгукі публікі і прэсы, адзначаўся дыпломамі і ўзнагародамі. За час свайго існавання Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» даў больш за 20000 канцэртаў.

Актыўная канцэртная дзейнасць праходзіць і ў Беларусі. Штогод ансамбль дае каля 60 канцэртаў, у тым ліку дабрачынных. Актыўна прапагандуецца народная творчасць ў невялікіх гарадах рэспублікі, раённых цэнтрах, аграгарадках. Калектыў удзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях, мерапрыемствах, а таксама ў канцэртах, прысвечаных святочным датам. Сярод іх "Майстры мастацтва - працаўнікам сяла", "Беларусь - гэта мы", "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця", "Дні Беларускага пісьменства", рэспубліканскі фестываль "Пеўчае поле", фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і іншыя.
У складзе ансамбля - заслужаны артыст РБ Анатоль Міхайлавіч Кашталапаў (мастацкі кіраўнік), лаўрэаты Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Таццяна Сушчэня (цымбалы), Наталля Нарэйка (вакал), уладальнікі Ганаровых знакаў Міністэрства культуры РБ «За ўклад у развіццё культуры Беларусі" Вячаслаў Статкевіч і Васіль Сатварэнны.

Калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай ГА «БРСМ» за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі (2004 г.), Ганаровай граматай Міністэрства культуры РБ (2004 г.), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і шматгадовую дзейнасць па прапагандзе беларускага народнага мастацтва (2011 г.)

Візітнай карткай калектыву з'яўляюцца канцэртныя праграмы, якія ўключаюць у сябе сінтэз розных жанраў мастацтва (вакал, жывое інструментальнае суправаджэнне, харэаграфію). У рамках аднаго канцэрту публіка можа пачуць беларускія народныя і аўтарскія песні, любімыя хіты ў арыгінальных апрацоўках, убачыць пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый.

Мастацкі кіраўнік - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў

Спасылка на відэаролік ансамбля:
https://www.youtube.com/watch?v=3wT_2zxieCA

Дырэктар - Марат Лагутко
Тэлефоны:
+ 375 17 331 07 58; + 375 29 558 93 29; +375 29 601 43 54