У Белдзяржфілармоніі існуе музей адной асобы. Гэта з’ява рэдкая і незвычайная. Творчы лёс Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна быў цесна звязаны з храмам музыкі. Віртуозны музыкант, таленавіты кампазітар і геніяльны аранжыроўшчык, заснавальнік і кіраўнік культавай групы “Песняры”...
Жыццё Уладзіміра Мулявіна поўнае парадоксаў. Рускі, які нарадзіўся на Урале, Мулявін стаў сапраўдным беларусам. У пачатку 60-х ён прыехаў у Мінск і сорак гадоў свайго жыцця прысвяціў нашай зямлі, услаўляючы яе. “Спадчына”, “Слуцкія ткачыхі”, “Малітва”, «Беловежская пуща», “Ой, рана на Йвана”, “Ой, калядачкі” і шмат іншых песень з рэпертуару ансамбля “Песняры” знаёмілі свет з маленькай прыгожай краінай, з яе мовай, традыцыямі і культурай. Фальклор стаў асновай творчасці Уладзіміра Мулявіна, беларускія класікі былі той крыніцай, якая натхняла яго. Усё стваралася з вялікай любоўю на высокім прафесійным узроўні.
Яшчэ ў юнацтве У.Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, але быў адлічаны з другога курса за захапленне джазам. Аднак жыццё дало магчымасць таленту развівацца. Сустрэча з выдатнымі музыкантамі ў час службы ў Ансамблі песні і пляскі Беларускай ваеннай акругі, работа ў эстрадных брыгадах філармоніі – вось школа, якую У.Мулявін прайшоў “на выдатна”.
У 32 гады музыканту прысвоена званне “Заслужаны артыст БССР”, праз 6 гадоў – “Народны артыст БССР”. У.Мулявін стаў адзіным мастацкім кіраўніком эстраднага ансамбля, хто атрымаў ганаровае званне “Народны артыст СССР”. У 1986 годзе Уладзімір Георгіевіч Мулявін прыняты ў Саюз кампазітараў СССР. Творчая супольнасць прызнала вялікі талент чалавека, які не меў прафесійнай музычнай адукацыі.
За час існавання ансамбля “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна на суд гледачоў было прадстаўлена 12 праграм. Па сутнасці, гэта – міні-спектаклі з шырокім спектрам тэм, аўтараў і пастаўленых задач. Разам з музыкантамі над імі працавалі рэжысёры, мастакі, харэографы.
Талент, памножаны на неверагодную працаздольнасць, і ўменне правільна арганізаваць работу дазволілі У.Мулявіну дасягнуць вышынь у сваёй дзейнасці. Гэта і трыумфальныя гастролі 1976 года па 11 гарадах ЗША, і “Залаты дыск” (1982) за самы вялікі тыраж прададзеных грампласцінак, і запіс кампакт-дыска з 15 песень у рэкордна кароткі тэрмін – 4 дні – на студыі гуказапісу ў Галандыі (1994). Заслужаным прызнаннем таленту Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна стала запрашэнне выступіць з прэм’ерай праграмы “Вянок” на вершы М.Багдановіча ў Нью-Ёрку ў рамках 46-га пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН.
Уся творчасць Песняра яркая, неардынарная. Яна не пакідала і не пакідае абыякавым нікога. На Алеях Зорак у Маскве, Віцебску і Екацерынбургу ззяе імя Уладзіміра Мулявіна. Нават у бясконцым Сусвеце на адлегласці 6500 светлавых гадоў ад Зямлі ў сузор’і Касіяпеі ёсць Галактычная Туманнасць W-5, якая называецца “Уладзімір Мулявін”.
Удзячнасць сучаснікаў вялікаму Маэстра знаходзіць сваё адлюстраванне ў такіх знакавых падзеях, як стварэнне музея У.Г.Мулявіна (2003), прысваенне бульвару яго імя (2004), устаноўка помніка ў скверы каля філармоніі (2017).
Музей Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна – асаблівае месца. Тут можна ўбачыць асабістыя рэчы, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы кіраўніка і ўдзельнікаў ансамбля “Песняры”. Музейныя прадметы даюць магчымасць наведвальніку дакрануцца да творчасці, трапіць ў атмасферу тых гадоў і пражыць некаторы час разам з У.Г.Мулявіным і яго знакамітым калектывам.
Музей можна наведаць па дамове ў будні з 10:00 да 16:00 (службовы ўваход з бульвара У.Мулявіна); без запісу – перад канцэртам у Вялікай зале філармоніі (з галоўнага ўвахода пр.Незалежнасці, 50) – да 19:00.
Кантактны тэлефон:+375 17 397 07 06
https://www.facebook.com/vgmmuseumm
E-mail: vgmmuseum@bgf.by
***
У Міжнародны дзень музеяў 18 мая 2019 года музей У.Г.Мулявіна Белдзяржфілармоніі арганізаваў квэст, прысвечаны творчасці вялікага Песняра. Бралі ўдзел педагогі і навучэнцы Трасцянецкай СШ. Падрабязней...
1 верасня 2019 года, у першы дзень восені ў скверы каля Белдзяржфілармоніі, у помніка мастацкаму кіраўніку ансамбля “Песняры” У.Г.Мулявіну музей арганізаваў сяброўскую сустрэчу, дзе сабраліся тыя, каму дарагая памяць аб калектыў. Гэты год з’яўляецца юбілейным – 50 гадоў з дня стварэння “Песняроў”. Падрабязней...
26 студзеня 2020 года ў Екацярынбургу, на радзіме Уладзіміра Мулявіна, упершыню адбылася выстава, прысвечаная дню памяці артыста, у якой узялі ўдзел Музей У.Г.Мулявіна Белдзяржфілармоніі і сям'я музыканта. Сцэнічныя касцюмы Песняра, пісьма, фатаграфіі – усё гэта і шмат што іншае ўбачылі госці Камернага тэатра Аб'яднанага музея пісьменнікаў Урала. Падрабязней...
6 красавіка 2020 года адбылася прэзентацыя новых дыскаў беларускага кампазітара Алега Моўчана, выдадзеных фірмай “Мелодыя, дзе ўзяў удзел музей У.Г.Мулявіна. Падрабязней...
1 верасня 2020 года кветкі да помніка Уладзіміру Мулявіну прынеслі супрацоўнікі музея У.Г.Мулявіна і працаўнікі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Падрабязней...
25 кастрычніка 2020 года ў Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт памяці кампазітара Алега Моўчана «Там, высоко». Падрабязней...
12 студзеня 2021 года ў дзень нараджэння У.Г.Мулявіна адбылося ўскладанне кветак да помніка артысту. Падрабязней...
Да 12 лютага 2021 года праходзіць выстава «Быў, ёсць, буду…» да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна – супольны выставачны праект Музея У.Г.Мулявіна і Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры. Падрабязней...
18 мая 2021 года адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Музей У.Г.Мулявіна традыцыйна далучаецца да акцыі. Сёлета мы прапануем праект віртуальнага вінілавага дыска “ВГМ–80” (Уладзімір Георгіевіч Мулявін – 80 гадоў). У выбары песень да пласцінкі бралі ўдзел родныя музыканта, калегі, прыхільнікі і ўсё тыя, каго натхняе творчасць Маэстра. Так у нас атрымаўся шэраг сюжэтаў, якія мы з’ядналі ў ролік, які даступны на Youtube і Facebook. Падрабязней...
9 лістапада 2021 года бібліятэка музея У.Г.Мулявіна папоўнілася яшчэ адным каштоўным выданнем – кнігай Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент». Падрабязней...
17 лістапада 2021 года адбыўся канцэрт-прэзентацыя кнігі Вольгі Брылон «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930–1980-я гады». Падрабязней...
12 студзеня 2022 года адбылося ўскладанне кветак да помніка У.Г.Мулявіна – мастацкага кіраўніка і аднаго з заснавальнікаў ансамбля «Песняры». Падрабязней...
18 мая 2022 года ў музеі У.Г.Мулявіна адбыўся круглы стол, дзе абмеркавалі тэму «Музычныя персанальныя музеі». Падрабязней...
6 чэрвеня 2022 года ў галоўным офісе ААТ «Белаграпрамбанк» адбылося адкрыццё выставы «Ноты памяці», прысвечанай народнаму артысту СССР і Беларусі Уладзіміру Мулявіну. Падрабязней...
1 верасня 2022 года, у дзень нараджэння легендарнага ансамбля «Песняры», кветкі да помніка Уладзіміра Мулявіна – мастацкага кіраўніка і аднаго з заснавальнікаў групы, прынеслі супрацоўнікі музея і філармоніі, родныя і калегі музыканта, а таксама прыхільнікі творчасці Маэстра. Падрабязней...
8 верасня 2022 года у Арт-гасцінай «Высокае мѣста» адкрылася выстава вядомага беларускага фотамастака Міхала Маруга «PRO ЯВЛЕНИЕ. ПЕСНЯРЫ». Падрабязней..
З 27 верасня па 7 кастрычніка 2022 года ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь праходзіла выстава, прысвечаная Дню музыкі. У праекце бралі ўдзел калектывы Белдзяржфілармоніі і музей В.Г.Мулявіна. Падрабязней...
12 студзеня 2023 года Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 82 гады. Падрабязней...
1 верасня 2023 года музей У.Г.Мулявіна ўзяў удзел у вячэры-сустрэчы “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, які адбыўся ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў №2 імя М.І.Аладава г.Мінска. Падрабязней...
12 студзеня 2024 года ў дзень нараджэння У.Г.Мулявіна адбылося ўскладанне кветак да помніка артысту. Падрабязней...