Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Радзівілаў Уладзімір (размоўны жанр)

Уладзімір Радзівілаў - майстар пародый і гумару, лаўрэат шматлікіх фестываляў і конкурсаў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "размоўны жанр". Аўтар, рэжысёр і выканаўца папулярных канцэртных праграм «Смехаасарці - 1,2,3», «Хто любіць смех, мы рады вам», «Палюбіце парадыста», «Сон парадыста». Праграмы артыста нязменна выклікаюць гарачы прыём і ўдзячнасць гледачоў. Яны былі паказаны на шматлікіх пляцоўках Мінска: у Белдзяржфілармоніі, Канцэртнай зале «Мінск», залах Дома афіцэраў, ПК Чыгуначнікаў, ПК Мінскага аўтазавода, ПК Трактарнага завода, а таксама ў шматлікіх абласных гарадах, пасёлках і аграгарадках рэспублікі. На высокім прафесійным узроўні прайшлі дабрачынныя канцэрты артыста па Чарнобыльскай зоне, а таксама на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Уладзімір Радзівілаў выступае з сольнымі канцэртамі, удзельнічае ў вялікіх канцэртных праграмах з вядучымі калектывамі Рэспублікі Беларусь. Гастролі артыста праходзілі на Дальнім Усходзе, у Сібіры, на Чарнаморскім узбярэжжы, у Калінінградскай вобласці, у Санкт-Пецярбургу і Маскве, у Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Латвіі, Малдове, Украіне, Азербайджане, Казахстане.

У.Радзівілаў з'яўляецца стваральнікам эстраднага тэатра пародый, гумару і песні «Радзівілаў-тэатр» (заснаваны ў 1998 годзе).

У.Радзівілаў бярэ актыўны ўдзел у культурным жыцці Беларусі. Ён - член журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару «Аўцюкі», дзіцячага тэлевізійнага фестывалю «Сузор'е надзей», Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці работнікаў МНС, член Рэспубліканскай камісіі работнікаў культуры і мастацтва па шэфстве над асабістым складам Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Неаднаразова ўзнагароджваўся Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. За высокае выканальніцкае майстэрства, вялікі ўклад у духоўна-маральнае выхаванне курсантаў і студэнтаў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і дапамогу ў шэфстве над Валожынскай школай-інтэрнатам ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі МУС Рэспублікі Беларусь; ганаровы госць і ўдзельнік дабрачынных канцэртаў у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» , дзе узнагароджаны ганаровым знакам «за добрасумленную працу»; пастаянны ўдзельнік дабрачынных канцэртаў, прысвечаных Міжнароднаму Дню інваліда, за што адзначаўся падзячнымі лістамі беларускага Таварыства інвалідаў; пастаянны ўдзельнік і вядучы Рэспубліканскага фестывалю «Майстры мастацтваў - працаўнікам сяла», арганізаванымі Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у мэтах паляпшэння культурнага абслугоўвання жыхароў сельскіх раёнаў Рэспублікі. У рамках акцыі «За моцную і квітнеючую Беларусь!» У.Радзівілаў прыняў удзел у дваццаці канцэртах па Брэсцкай і Мінскай абласцях. На працягу 12 гадоў выступае ў ролі галоўнага Дзеда Мароза краіны на дзіцячых навагодніх прадстаўленнях у Палацы рэспублікі.