"У Беларусі Леанард Бернстайн не быў. Была яго дырыжорская палачка. У руках Уладзіміра Співакова на адным з фестываляў.
Было б няёмка для гісторыі музычных стасункаў нашай краіны ўзгадваць толькі гэты, невялікі па значнасці, факт, каб не больш важкая акалічнасць: Бернстайн браў урокі фартэпіяна ў мінчанкі Ізабэлы Венгеравай.
Яе забылі на радзіме, але вельмі добра памятаюць у ЗША. Там, у ЗША Ізабэла Венгерава была абсалютнай зоркай. Дзякуючы ёй, Бернстайн стаў піяністам, бо прафесіяй дырыжора авалодаў значна пазней.
Немагчыма змаўчаць і пра тое, што першы пераможца міжнароднага конкурса імя П.Чайкоўскага Вэн Клайберн — таксама вучань Ізабэлы Венгеравай.
100-годдзе Леанарда Бернстайна. Канцэрт на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.
…Ён баяўся памерці ад аднастайнасці. Ён не жадаў абмяжоўвацца, як Тасканіні, 50-цю творамі. Ён хацеў дырыгаваць, граць на фартэпіяна, пісаць для Галівуда, ствараць сімфанічную музыку, займацца педагогікай і выдаваць кнігі і вершы… Быў перакананы, што робіць гэта адмыслова. Адным словам, хацеў быць музыкантам. Пры тым, што музыка ўвайшла ў яго жыццё даволі позна: дзесяцігадовым хлапчуком ён першы раз убачыў фартэпіяна і аднаго імгнення хапіла яму, каб зразумець, што жыццё яго будзе звязана з музыкай.
Сям’я эмігрантаў з Украіны, з местачковага Роўна, яшчэ памятала жабракоў-скрыпачоў, якія хадзілі і пабіраліся па пыльных дарогах краіны і захапленне хлопчыка музыкай не вітала.
Але апантанасць музыкай, як вядома, мацней за прагматызм і меркантыльнасць.
Юны Бернстайн, паспяховы ў навуцы, спорце, пачаў заваёўваць музычныя вяршыні. Пачуўшы жывы сімфанічны аркестр у 16 гадовым узросце, стаў прападаць на канцэртах і рэпетыцыях Бастонскага сімфанічнага аркестра. Нацыянальная слава не прыйшла, а абрынулася на яго. Пасля таго, як Бернстайн экстраным чынам, без папярэдніх рэпетыцый, замяніў запрошанага дырыжора Бруно Вальтэра.
Леанард Бернстайн быў здольны да ўсяго. Адзінае, чаго Бернстайн быў пазбаўлены, гэта мастацтва трымліваць свой нораў. Талент, энергія, рысы характару дысцыпліне не падпарадкоўваліся: “Калі хочаш стварыць велічнае, трэба мець дзве рэчы: план і каб трошкі не хапала часу.”
Ларыса Сімаковіч
У межах святкавання стагоддзя амбасада ЗША сумесна з недзяржаўнай арганізацыяй “Амерыканскія галасы” прапануе мінскаму слухачу праграму “ Бернстайну — 100” з твораў легендарнага кампазітара ў стылі джаз і мюзікл.
Курт Олман барытон
Курт Олман стаў вядомым падчас запісу Вестсайдскай гісторыі на лэйбле Deutsche Grammophon яшчэ пад кіраўніцтвам самога Бернстайна. Курт Олман выступаў з канцэртамі ў Лондане, Парыжы, Барселоне, Нью-Ёрку і шматлікіх іншых еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх гарадах. Выступаў з Лонданскім сімфанічным аркестрам, Аркестрам Парыжа, Аркестрам Нью-Ёркскай філармоніі, а таксама аркестрамі Бостана, Балтымора, Філадэльфіі і Сан-Францыска.
Макензі Томас сапрана
Родам з Паўночнай Караліны. Раней выступала ў якасці вядучай акрабатычнай спявачкі ў шоў "Zarkana" ад Cirque Du Soleil. Выступала на нацыянальным тэлебачанні (NBC) і ў брадвейскай версіі знакамітага мюзікла "MAMMA MIA!".
Міжнародная дзейнасць Макензі Томас — гэта канцэртныя выступленні з Такійскай філармоніяй і аркестрам Японіі, Сінгапурскім гарадскім фестывальным аркестрам і Філарманічным аркестрам Паўднёвай Карэі.
Макензі — выпускніца Акадэміі мастацтваў і Міжнароднага інстытута вакальнага майстэрства (Італія), мае ступень бакалаўра музыкі ў галіне вакальнага выканання ад Паўночна-Заходняга універсітэта (ЗША).
Джон Фергюсон фартэпіяна
Піяніст і музычны дырэктар, з’яўляецца заснавальнікам і выканаўчым дырэктарам недзяржаўнай арганізацыі “Амерыканскія галасы”. Стварыў сваю арганізацыю з мэтай забеспячэння якаснай прэзентацыі амерыканскай культуры ў новых незалежных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
У якасці выканаўцы выступаў на прэстыжных сцэнах Канцэртгебаў у Амстэрдаме, Тэатр-дэ-ля-Віль у Парыжы і ў Музеі Kunstmuseum Bonn у Германіі.
Спраўдзіў шэраг канцэртаў, прысвечаных стагоддзю Джорджа Гершвіна з праграмай , якая дэманстравалася больш, чым у 40 краінах.
Падрабязней: http://americanvoices.org/bernstein-on-broadway/