Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр: Монаспектакль “Дырыжор” (сусветная прэм’ера)

Дата: 28.10.2018 пачатак у 19:00

Упершыню!

Два дырыжоры на адной сцэне

Сусветная прэм’ера!

Беларуска-ізраільска-французскі праект

Лявон Агулянскі

“ДЫРЫЖОР”

Спектакль-споведзь Валерыя Анісенкі паводле п’есы, прысвечанай легендарнаму дырыжору, нашаму сучасніку маэстра Мішу Кацу

 

Ж.Бізэ-Р.Шчадрын

“КАРМЭН-СЮІТА”

Дырыжор Міша Кац (Францыя)

 

Унікальная гісторыя дырыжора Мішы Каца легла ў аснову монап’есы ізраільскага драматурга Лявона Агулянскага.

Яны пазнаёміліся ў 2008 годзе на фестывалі Міхоэлса ў Маскве. Маэстра Кац выконваў “Кармэн-сюіту” з Маскоўскім Акадэмічным Дзяржаўным сімфанічным аркестрам. “Маё жыццё развярнулася, — прызнаецца Лявон Агулянскі — я выйшаў з залы не рэлігійным, але глыбока веруючым чалавекам, бо стаў сведкам Цуду”.

Пазней, падчас пасляканцэртных размовоў з Мішам Кацам, калі кроў і цела яшчэ наскрозь гучаць геніяльнай музыкай, драматург запісвае, збірае па драбніцах гісторыю вялікага дырыжора. Так нарадзілася п’еса, дзе боль, адчай і зыход ад зямных выгодаў мужна трываюцца дзеля шчасця пачуць Святло і ўзняцца яму насустрач.

Леанард Бернстайн, сусветна вядомы дырыжор і ў мінулым настаўнік маэстра Каца, заўважыў пра дырыжорскае майстэрства свайго вучня: “Такое відавочна глыбокае разуменне музыкі можа тлумачыцца толькі боскім дарам.”

Унікальны дар Мішы Каца праяўляецца працуючы з аркестрамі свету. Ідэальнае тэхнічнае “стэрыльнае” выкананне — не яго рыса. Акцэнт, паўза, “шаманства”, пошук боскага і асабістага ў творы — вось што надае канцэртам дырыжора адметнасць, узводзіць іх у статус Падзеі, робіць часткай лёсу выканаўцаў і публікі.

Актор і рэжысёр Валерый Анісенка не адразу звярнуў увагу на п’есу Лявона Агулянскага. Павінен быў прайсці нейкі час, каб ён мог захоплена прамовіць: “Гэта мая гісторыя!” Цяпер спекталь “Дырыжор”, прэм’ера якога адбылася ў Беларусі і ў Ізраіле, вызначаны рэжысёрам як споведзь Валерыя Анісенкі.

Прайшло дзесяць гадоў з таго кранальнага выканання “Кармэн-сюіты” ў Маскве.

Сёння маэстра Кац абяцае другое гучанне, іншую трактоўку, інакшую энергетыку. Магчыма, яшчэ нечае жыццё зменіцца пасля таго, як адгучыць музыка і сціхнуць апладысменты. Але спачатку на сцэне зноў паўторыцца гісторыя, якая злучыла лёсы яе стваральнікаў, гісторыя, забыцца на якую немагчыма.

Маэстра Міша Кац нарадзіўся ў Растове-на-Доне, выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, вучань М.Растраповіча і Л.Бернстайна. З 1997 года — запрошаны дырыжор у аркестрах Англіі, Бельгіі, Расіі, Францыі, Малдовы, Чэхіі, Іспаніі, Сербіі, Швейцарыі, Румыніі, Польшчы, Даніі, Грузіі, Швецыі, Славакіі, Ізраіля, Манака, Украіны, Германіі, Мексікі, Італіі, Македоніі, ЗША, Канады, Мальты.

Свой дырыжорскі аўтограф Міша Кац пакінуў і ў гісторыі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Напрыканцы мінулага стагоддзя ён паспяхова ўзначальваў Нацыянальны Акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, быў яго галоўным дырыжорам, а таксама супрацоўнічаў і выязджаў з гастролямі ў Францыю, Англію, Швецыю з Дзяржаўным камерным аркестрам. Музыканты і сёння памятаюць яго рукі, стыль і эстэтыку дырыгавання, атмасферу работы з аркестрам і зносін з публікай: “…аматары музыкі і музыканты спадзяюцца на яго вяртанне…” — піша Лючыя Ластаўка ў сваёй кнізе пра Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі.

Дырыжор узнагароджаны пяццю медалямі за ўнёсак у сусветнае мастацтва, Медалём ЮНЕСКА “Пяць кантынентаў”.

З 2016 года — Міша Кац артыстычны дырэктар Міжнароднага музычнага фестывалю ў Канах.

Государственный академический симфонический оркестр: моноспектакль "Дирижер" (мировая премьера)