Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь – асноўны музычны калектыў краіны. Найстары калектыў былога Савецкага Саюза быў створаны ў красавіку 1927 года.

У 1937 годзе сімфанічны аркестр увайшоў у склад Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У 1961 годзе калектыву было нададзена імя “Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР”.

У верасні 1980 года аркестру нададзена званне “Акадэмічны”.

Рэпертуар аркестра шырокі і размаіты – ад класічнай сімфанічнай музыкі XVIII–XX стагоддзяў да кампазіцый сучасных беларускіх, расійскіх і заходнееўрапейскіх аўтараў. У Мінску і іншых гарадах аркестр выконвае да 50-ці канцэртных праграм у сезон.

Аркестравы калектыў з'яўляецца нязменным удзельнікам музычных фестываляў: “Беларуская музычная восень” і “Мінская вясна”, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”, фестываль “Студзеньскія вечары” ў Брэсце, Міжнародны музычны фестываль імя І.І.Салерцінскага ў Віцебску.

Грамадскасць Рэспублікі Беларусь высока ацаніла працу аркестра ў дзяржаўных культурных акцыях: урачыстая цырымонія пахавання астанкаў невядомых салдатаў у крыпце Усіхсвяцкага Храма-помніка, канцэрты ў Брэсцкай Крэпасці і на цырымоніях узнагароджання прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Аркестр браў удзел у Міжнародных конкурсах імя Л.П.Александроўскай (2004, 2012), Міжнародным юнацкім конкурсе імя П.І.Чайкоўскага (2015, Новасібірск); у рэспубліканскіх культурных акцыях “Вясна Перамогі”, “Харавое Веча”, Міжнародным конкурсе піяністаў “Мінск 2021”. Таксама сімфанічны аркестр браў удзел у мерапрыемствах Беларускага Фонду міру, Рэспубліканскага грамадскага з’яднання “Белая Русь”, канцэртах памяці ахвяр Халакосту і аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, які заняў пост галоўнага дырыжора ў 2001 годзе, аркестр знаходзіць новыя шляхі і формы канцэртнай дзейнасці: сімфанічныя цыклы “Класіка для ўсіх”, “Краіна Сімфонія”, “Уваскрэсенне класікі”, цыкл канцэртаў для дзяцей і юнацтва, абанемент “Іграем з аркестрам”. Вялікай папулярнасцю карыстаецца цыкл канцэртаў “Палітра жывой класікі” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Канцэрты ў фармаце open-air “Класіка ля Ратушы” збіраюць да 10 тысяч слухачоў.

Шырокая геаграфія гастрольных вандровак сімфанічнага аркестра: Балгарыя, Германія, Італія, Грэцыя, Галандыя, Ліван, Францыя, Швейцарыя, Фінляндыя, Бельгія, Аўстрыя, Іспанія, Літва, Эстонія, Славакія, Польшча, Японія, Англія, Кітай. На працягу трох гадоў (2001–2003) беларускі сімфанічны аркестр браў удзел у Міжнародным оперным фестывалі ў Вэксфардзе (Ірландыя). У 2008 годзе аркестр узяў удзел у XLIV міжнародным музычным фестывалі “Браціслаўскія восеньскія ўрачыстасці” у рамках дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы. У 2010 годзе “Новы Еўрапейскі фэст” у Германіі запрасіў аркестр для ўдзелу ў спектаклях. У тым жа годзе Дзяржаўны сімфанічны аркестр з вялікім поспехам выступіў на XIV міжнародным фестывалі ў Швейцарыі “Les Classiques de Villars”, а ў 2011 – узяў удзел у міжнародным фестывалі “Музычныя прагулкі па Рэймсе” (Францыя). Яркай культурнай падзеяй стаў канцэрт у рамках акцыі “Саюзная дзяржава – ветэранам перамогі” у Калоннай зале Дому Саюзаў у 2010 годзе і ў канцэртнай зале імя П.І.Чайкоўскага ў 2016 годзе (Масква). У 2012 годзе калектыў паспяхова прэзентаваў Беларусь у рамках дзён культуры ў Санкт-Пецярбургу.

Традыцыйна аркестр адкрываў Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Браў удзел у Міжнародным фестывалі класічнай музыкі імя М.К.Агінскага ў Плунге (Літва, 2015). Двойчы браў удзел у канцэрце адкрыцця Фестывалю “Пра-Балтыка” ў Таруне (Польшча, 2016, 2019). З вялікім поспехам прайшлі канцэрты ў эстонскіх гарадах Пярну і Йыхві (2016). З гэтага ж года сімфанічны аркестр праводзіць штогадовыя гастролі ў Кітаі. Ужо больш за дзесяць гадоў праходзяць гастролі аркестра па гарадах Германіі, маштабныя гастролі па краінах Еўропы з праграмамі “Музыка Ханса Цымера”, “Уладар кольцаў”, “Кароль Леў”. Незабыўныя ўражанні пакінулі супольныя праекты з Ганнай Нятрэбка, Хасэ Карэрасам, Дзянісам Мацуевым, Дзмітрыем Хварастоўскім, Пітарам Донахаў, Дзянісам Шапавалавым, Аліўе Шарлье, Мікалаем Луганскім, Максімам Венгеравым і інш.

Але не толькі класічныя творы вызначаюць адметнасць галоўнага аркестра Беларусі. Калектыў з вялікай цікавасцю і задавальненнем супрацоўнічае з поп- і рок- выканаўцамі і спраўдзілі сумесныя праекты з такімі гуртамі як “Акіян Эльзы”, ”Новы Ерусалім”, ”Бі-2”, ”Скорпіенс”, салістамі і кампазітарамі Аляксандрам Малініным, Максімам Дунаеўскім, Аляксандрам Журбіным і інш.

Вялікую працу аркестр праводзіць па папулярызацыі музыкі сучасных беларускіх кампазітараў. Калектыў быў першым выканаўцам шматлікіх твораў Я.Глебава, Д.Смольскага, С.Картэса, Г.Гарэлавай, В.Кузняцова, С.Бельцюкова, А.Хадоскі. У 2019–2020 гг. быў прэзентаваны дыск з запісамі музыкі беларускіх кампазітараў.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца цыкл канцэртаў у Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе аркестр прэзентуе музыку розных эпох і стыляў, ад барока да нашых дзён. Малая зала стала папулярнай пляцоўкай для дэманстрацыі майстэрства салістаў аркестра і ансамбляў.

Усе канцэрты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь праходзяць з нязменным поспехам у беларускай публікі, а замежныя партнёры цэняць аркестравы калектыў за высокі прафесіяналізм, шырокі і рознапланавы рэпертуар, артыстызм выканання і мабільнасць.


Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў – галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, запрошаны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, уладальнік Медаля Францыска Скарыны, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” (2005), лаўрэат расійскай тэатральнай прэміі “Легенда” (2018), ганаровы дырыжор (conductor emeritus) Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Ірландыі, Доктар музыкі (honorus causa) Нацыянальнага ўніверсітэта Ірландыі, прэзідэнт Вагнераўскага таварыства Ірландыі, камандор ордэна “За заслугі” найвысокай ступені Французскай Рэспублікі.

Нарадзіўся ў Маскве. Музычнае адукацыю пачаў у Маскоўскім харавым вучылішчы імя А.В.Свешнікава і Ленінградскім харавым вучылішчы імя М.І.Глінкі. Навучаўся ў Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава (клас харавога дырыжавання Е.П.Кудраўцавай), Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага (клас оперна-сімфанічнага дырыжавання О.А.Дзімітрыядзі і Л.М.Гінзбурга) і аспірантуры (клас Г.М.Раждзественскага).

Прафесійная кар’ера музыканта пачалася ў Ленінградскім Малым тэатры оперы і балета імя М.П.Мусаргскага (цяпер Міхайлаўскам). У 1980-я гг. працаваў з асноўнымі музычнымі тэатрамі і аркестрамі СССР. З 1985 года пачаў супрацоўнічаць з Ленінградскім тэатрам оперы і балета імя С.М.Кірава (цяпер Марыінскім), дзе дырыжаваў асноўнымі творамі опернага і балетнага рэпертуару, а таксама сімфанічнымі праграмамі. У 1993 годзе працаваў са Мсціславам Растраповічам над “Ваенным рэквіемам” Б.Брытана ў Вялікабрытаніі і Іспаніі.

У 1980–1984 і 1989–2003 гг. – галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі. У 1985–1989 гг. – галоўны дырыжор Пермскага тэатра оперы і балета (ажыццявіў першую ў СССР пастаноўку оперы “Вогненны анёл” С.Пракоф’ева (1984)), у 1998–2001 гг. – Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Ірландыі (RTÉ), у 2005–2009 гг. – Філарманічнага аркестра Пусана (Рэспубліка Карэя), у 2003–2007 гг. – Растоўскага дзяржаўнага музычнага тэатра. У 2011–2017 гг. – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Самарскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Самарскія спектаклі “Піковая дама” і “Ледзі Макбет Мцэнскага павета” у 2016 і 2017 гг. намінаваліся на расійскую Нацыянальную тэатральную прэмію “Залатая маска” і былі паказаны ў Маскве; за растоўскую пастаноўку “Ледзі Макбет Мцэнскага павета” Аляксандр Анісімаў узнагароджаны “Залатой маскай” у намінацыі “Опера/праца дырыжора” (2005).

З 2002 года – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь; у 2018 годзе маэстра вяртаецца ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь у якасці запрошанага дырыжора.

За гады працы ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў Вялікім тэатры Беларусі Аляксандр Анісімаў прэзентаваў публіцы Беларусі і замежжа лепшыя ўзоры класічнай спадчыны і прэм’еры новых твораў. Сярод іх: сімфоніі Л. ван Бетховена, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Д.Шастаковіча; аркестравыя творы Р.Штрауса, Р.Вагнера, Г.Малера, Дж.Гершвіна, М.Равеля; першыя выкананні музыкі Д.Смольскага, А.Мдзівані, В.Кузняцова, Г.Гарэлавай; прэм’еры опер і балетаў: М.Глінка “Іван Сусанін”, П.Чайкоўскі “Шчаўкунок”, “Іяланта”, А.Барадзін “Князь Ігар”, Ж.Бізэ “Кармэн”, Ю.Семяняка “Новая зямля”, Е.Глебаў “Курган”, “Майстар і Маргарыта”, У.Солтан “Дзікае паляванне караля Стаха”, С.Пракоф’еў “Мадалена” (першае выкананне ў СССР).

Значны ўклад прафесар Анісімаў унёс у выхаванне маладых музыкантаў – пад яго кіраўніцтвам студэнцкі сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі падрыхтаваў праграмы для выступленняў на сцэнах Белдзяржфілармоніі, Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага і Германіі. Асноўны састаў музыкантаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь – выхаванцы аркестравага класа прафесара А.Анісімава ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В.Луначарскага.

Маэстра Анісімаў выступаў у найбуйных тэатрах міру, сярод якіх Вялікі тэатр Расіі, Тэатр Калон у Буэнас-Айрэсе, Карла Фелічэ ў Генуі, Ла Фенічэ ў Венецыі, Опера Басцій і Опера Гарнье ў Парыжы, Вялікі тэатр Лісеа ў Барселоне, Дзяржаўныя оперы Гановера і Гамбурга, Комішэ-Опер у Берліне, Гранд Опера ў Х’юстане, Опера Сан-Францыска, Сіднэйская опера. Дырыжаваў шмат якімі вядомымі аркестрамі Расіі і краін Еўропы, у тым ліку – Кансертгебаў, Ратэрдамскім філарманічным, Сімфанічным аркестрам Бірмінгема, Каралеўскім філарманічным аркестрам Ліверпуля, Лонданскім сімфанічным і інш. Прызнаннем майстэрства рускага дырыжора стаў падарунак аркестра Рымскай Акадэміі Санта-Чэчылія – дырыжорская палачка Леанарда Бернстайна.

Шмат гадоў Аляксандр Анісімаў супрацоўнічае з Нацыянальным маладзёвым аркестрам Ірландыі, з якім паставіў тэтралогію “Кальцо нібелунга” Р.Вагнера. Пастаноўка атрымала ірландскую прэмію Allianz Business to Arts (2002). Дырыжор выступае ў Оперы Ірландыі і на оперным фестывалі ва Уэксфардзе, дзе дэбютаваў у 1993 годзе з операй “Чаравічкі” П.Чайкоўскага; з’яўляецца ганаровым прэзідэнтам Ірландскага Вагнераўскага таварыства.

Сярод шматлікіх запісаў дырыжора – усе сімфоніі, балеты “Раймонда” і “Поры года” А.Глазунова з Маскоўскім сімфанічным аркестрам (Naxos); усе сімфоніі і паэма “Званы” С.Рахманінава з Нацыянальным сімфанічным аркестрам Ірландыі (Naxos); Дзясятая сімфонія Д.Шастаковіча з Маладзёвым аркестрам Аўстраліі (MELBA); опера “Дэман” А.Рубінштэйна з фестывалю ва Уэксфардзе (Marco Polo); DVD-запіс оперы “Лёдзі Макбет Мцэнскага павета” Д.Шастаковіча ў пастаноўцы Вялікага тэатра Лісеа (EMI).

У 2021 годзе маэстра Аляксандр Анісімаў быў ганараваны Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку, за рэалізацыю буйных рэспубліканскіх і міжнародных творчых праектаў”.


Дырэктар – Вольга Станіславаўна Цэцэрская

Тэлефон +375 17 396 34 69; e-mail belsso@yandex.by

Facebook: Belarusian State Academic Symphony Orchestra

YouTube: Belarusian State Academic Symphony Orchestra