Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Фальклорны ансамбль “Крупіцкія музыкі”

Дата: 23.11.2017 пачатак у 19:00
Катэгорыя: Народная музыка

Да 35-годдзя творчай дзейнасці

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь

фальклорны ансамбль

“Крупіцкія музыкі”

Мастацкі кіраўнік –

Наталля Лісіца

Балетмайстар – заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь

Георгій Чорны

У ПРАГРАМЕ:

Інструментальная п’еса “КРУПІЦКІЯ МУЗЫКІ”

“КРУПІЦКАЯ ПОЛЬКА”

Беларуская народная песня “ЧАРНУШАЧКА”

Выконвае Ірына САХАРАВА

Інструментальная замалёўка “КРОСНЫ”

Беларуская народная песня “ЧЫЕ ПЧОЛЫ”

Выконваюць Сяргей ЖУРАЎ і Сяргей ХАХЛОЎ

Беларуская народная песня “БЫЧОК”

Выконвае Людміла ПАЛЬЧЫК

“СЛУЦКАЯ ПОЛЬКА”

Беларуская народная песня “А Ў ПОЛІ ЖЫТА НЕ ЯРЫЦЦА”

Выконваюць Сяргей ЖУРАЎ і Ірына САХАРАВА

Беларуская народная песня “ЛЯНІВАЯ ЖОНКА”

Выконвае Людміла ПАЛЬЧЫК

Харэаграфічная кампазіцыя “ЧАРАВІЧКІ”

Духоўны верш “ДАЎНЫМ–ДАЎНО…”

Выконвае Сяргей ХАХЛОЎ

Скамарошына “У КАРЧОМЦЫ”

Выконваюць Сяргей ЖУРАЎ і Сяргей ГРОМАЎ

Інструментальны найгрыш “ЗЯЗЮЛЬКА”

Выконвае Аксана МІЛЮЦІНА

Інструментальны найгрыш “СКАКУХА”

Выконваюць Сяргей ГРОМАЎ і Дзяніс ГРОМ

Беларуская народная песня “АХ, ТЫ ДУДКА МАЯ!”

Выконвае Сяргей ХАХЛОЎ

Беларуская народная песня “КАМАРЫ ГУДУЦЬ”

Харэаграфічная кампазіцыя “БОБ МАЛАЧУ”

Музычныя замалёўкі “У БАРЫ ЗЯЗЮЛЯ КУКУЕ”, “САРОКА”

Выконвае інструментальны квартэт

Варыяцыі на тэмы побытавых танцаў цэнтральнага рэгіёну Беларусі “КАРОБАЧКА”, “ГРАЧАНІКІ”, “КАРАПЕТ”, “СЕРБІЯНКА”

Беларуская народная песня “МЯНЕ МАЦІ ЗМАЛКУ НАВУЧАЛА”

Выконвае Ірына САХАРАВА

Беларуская народная песня “ОЙ, ПАД ВІШНЯЮ!”

Выконваюць Сяргей ЖУРАЎ і Сяргей ХАХЛОЎ

“ЧЭРН ІЧСКІЯ НАЙГРЫШЫ”

Харэаграфічная кампазіцыя “БРЫЧКА”

“ГАРАДСКІ ВАЛЬС”

Выконвае інструментальны квартэт

Беларуская народная песня “СКРЫПЯЦЬ МАЕ ЛАПЦІ”

Выконвае Сяргей ЖУРАЎ

Харэаграфічная кампазіцыя “КІВУХА”

Беларуская народная песня “ОЙ, ПОЙДЗЕМ ЖА МІЛА”

Выконваюць Сяргей ХАХЛОЎ і Ірына САХАРАВА

Муз. В.Іванова, сл. В.Зуёнка – “ЕХАЎ ДЗЕД ДА ДОМУ”

Выконвае Сяргей ХАХЛОЎ

“ПАЛЕСКАЯ ПОЛЬКА”

Вакальна-харэаграфічная сюіта “НА ВЕЧАРЫНЦЫ”

Музычная апрацоўка – Уладзімір Гром, Наталля Лісіца, Мікалай Сірата, Сяргей Ціханаў

Пастаноўка танцаў – Георгій Чорны

Асістэнт дырыжора – Сяргей Жураў

Балетмайстар-рэпетытар – Мая Бандарэўская

Акампаніятар - Ірына Укражэнка

Мастак - Віктар Козел

Мастакі па касцюмах – Ю.Піскун, Г.Юрэвіч, А.Пашкевіч

Вядучая – Алена Ледаховіч

Аўтар сцэнарыя – Зоя Гром

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Крупіцкія музыкі” заснаваны ў 1982 годзе. Назву калектыў бярэ ад роднай вёскі Крупіца, што непадалёку ад Мінска, дзе калісьці на беразе Пцічы стаяў млын, на якім вырабляліся крупы.

На пачатку 80-х гадоў у Крупіцкім Доме культуры склаліся творчыя сілы работнікаў культуры і самадзейных артыстаў, якія узначаліў дырэктар гэтай установы Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гром. Створаны ім калектыў “Крупіцкія музыкі” на хвалі адраджэння нацыянальнай культуры і фальклору стаў шырока прапагандаваць народнае мастацтва – музыку, песню, танец. Пачалася вялікая праца па зборы як вядомых, так і забытых народных інструментаў. Іх сёння ў калекцыі ансамбля каля сотні. Гэта скрыпкі, гармонікі, цымбалы, сямействы дудак і акарын, розныя тыпы жалеек, саломкі, шматлікія ўдарна-шумавыя інструменты. У ансамблі выкарыстоўваюцца інструменты вядомых у Беларусі майстроў У.Ф.Жукоўскага, М.П.Гайдукевіча, У.Я.Пузыні, В.М.Кульпіна, а таксама зробленыя самімі ўдзельнікамі ансамбля У.М.Громам, А.А.Шараметам.

”Крупіцкія музыкі” ўважліва ставяцца да падбору рэпертуару. Кожны музычны твор ансамбля яскрава адлюстроўвае нацыянальны беларускі характар, адпавядае менталітэту асобных рэгіёнаў рэспублікі, што і вылучае калектыў з іншых і прыносіць яму папулярнасць. У рэпертуары ансамбля – візітоўка “Крупіцкія музыкі”, “Святочны вальс”, “Палеская полька”, “Ашмянская кадрыля” і г.д. Народная песня – адзін з асноўных жанраў ансамбля. Гэта і лірычна-тужлівая “Ой, пайду я на ту гору”, і хрэсьбінская “Кум куму любіў”, і жартоўная “Бычок”, і любоўная “На вуліцы мокра” і г.д. Песні, як і інструментальныя творы, не проста канцэртныя нумары, а тэатральныя сцэнкі, асэнсаваныя і змястоўныя.

За гады свайго існавання “Крупіцкія музыкі” заваявалі вялікую аўдыторыю прыхільнікаў сваёй творчасці. Ансамбль – удзельнік шматлікіх конкурсаў і фестываляў ад раённага ўзроўню да міжнароднага, дзе неаднаразова станавіўся лаўрэатам. Ансамбль з’яўляецца лаўрэатам І абласнога фестывалю “Напеў зямлі маёй”, Усебеларускага фестывалю мастацтваў “Беларусь – мая песня” і інш. У 1996 г. ён паспяхова прадстаўляў Беларусь на І-й Сусветнай фалькларыядзе ў г.Брунсум (Нідэрланды). “Крупіцкія музыкі” сябруюць з замежнымі фальклорнымі калектывамі і з’яўляюцца жаданымі гасцямі ў многіх еўрапейскіх краінах: Бельгіі, Галандыі, Германіі, Італіі, Літве, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Эстоніі, а таксама Японіі і Кітаі.

Калектывам зроблена звыш 100 запісаў фанаграм на нацыянальным радыё, выпушчана 5 магнітаальбомаў, 2 кампакт-дыскі, 1 DVD. Непасрэдна аб калектыве створаны тэлефільмы “Добры вечар, госці” і “Кум куму любіў”. Музыка “Крупіцкіх музык” гучала ў дакументальнай кінастужцы “Сцежка, сцежачка, сцяжынка” (пра І.Буйніцкага), у мастацкім фільме “Любіць па-руску-3” кінастудыі “Масфільм” і ў музычным тэлефільме “Паўлінка-NEW” (тэлеканала АНТ). Артысты ансамбля былі гасцямі папулярнай праграмы “Сустрэчы ў Астанкіне” (г.Масква), перадач тэлекампаніі “Мір”, а таксама неадразова ўдзельнічалі ў радыёперадачах “Сельскі час”, “У абедзенны перапынак”, “Спявай, душа народная”, “Беларуская калекцыя” і іншых.

Крупіцкія музыкі” – удзельнікі шматлікіх дабрачынных акцый. Яны ахвяравалі заробленыя сродкі Рэспубліканскаму гематалагічнаму цэнтру дзіцячай анкалагічнай бальніцы, а таксама на пабудову помніка Кірылу Тураўскаму ў Тураве і набыццё медыкаментаў для мясцовай амбулаторыі. У 1996 годзе пры непасрэдным удзеле ансамбля, з дапамогай галандскіх і нямецкіх сяброў і пры падтрымцы адміністрацыі Мінскага райвыканкама ў а/г. Крупіца быў пабудаваны Цэнтр здароўя.

Калектыў пастаянна вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ужо некалькі год запар яны ўдзельнічаюць у такіх прэстыжных рэспубліканскіх фестывалях мастацтваў, як “Майстры мастацтваў – працаўнікам сяла”, “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалі-кірмашы “Дажынкі” і інш. Сярод удзельнікаў ансамбля людзі самых розных прафесій, усіх іх аб’яднала любоў і адданасць народнай творчасці, павага і беражлівыя адносіны да вытокаў традыцыйнага мастацтва.

За значны ўклад у развіццё нацыянальнай музычнай культуры ў 2002 годзе рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь калектыву прысвоена пачэснае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, якое з гонарам нясе і даказвае яго высокае прызначэнне.

У 2009 пасля заўчаснай смерці У.М.Грома, які нязменна ўзначальваў ансамбль на працягу 25 гадоў, кіраўніцтва калектывам прымае Н.Л.Лісіца. Наталля Леанідаўна – выпускніца Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе акардэёна, віртуоз-выканаўца, выдатны дырыжор і аранжыроўшчык. 15 год яна працавала поплеч з Уладзімірам Мікалаевічам асістэнтам дырыжора і ў поўнай меры пераняла ад яго сакрэты народнага музыцыравання. За свой невялікі тэрмін кіравання Н.Л.Лісіца змагла не толькі зберагчы лепшыя традыцыі легендарнага калектыву, але і папоўніць яго здольнымі маладымі выканаўцамі. Гэта ў асноўным студэнты і выпускнікі сталічных навучальных музычных устаноў. Кіраўнік самааддана працуе над абнаўленнем рэпертуару. Так, у апошнія гады ён папоўніўся новымі творамі: песнямі “Жалейка”, “Чые пчолы”, “Мяне маці змалку навучала”, “Музыка-кавалёра”, “Сядзіць галубок над крыніцаю”, “Скрыпяць мае лапці”, “Ды я маю жаль”, музычнымі замалёўкамі “Сваты едуць”, музыкай да танцаў “Павей, ветру”, “Я боб малачу”, “Вецер”, “Брычка”, “Ківуха” і інш.

“Крупіцкія музыкі” знаходзяцца ў добрай творчай форме, па-ранейшаму шмат канцэртуюць. Доказам гэтаму з’яўляюцца іх выступленні на справаздачным канцэрце Мінскай вобласці ў Палацы Рэспублікі, на абласным і рэспубліканскім фестывалях-кірмашах. Сваеасаблівым творчым экзаменам стаў канцэрт памяці У.М.Грома ў снежні 2009 г. у Белдзяржфілармоніі, які калектыў вытрымаў на “выдатна”.

У жніўні 2010 года калектыву быў аказаны давер прадстаўляць беларускі музычны фальклор на Сусветнай выставе “Экспа-2010” у г.Шанхаі (КНР). За паспяховае выкананне гэтай культуралагічнай місіі ён адзначаны дыпломам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У 2011 г. “Музыкі” свой творчы патэнцыял рэалізоўвалі ў асноўным для айчыннага гледача. Сярод дзясяткаў выступленняў самымі запамінальнымі сталі канцэрты на свяце г.Лепель Віцебскай вобласці ў гарадскім амфітэатры, на цырымоніі ўзнагароджвання лепшых прадпрымальнікаў Мінскай вобласці ў Палацы Рэспублікі, для ўдзельнікаў Міжнароднай ганеральнай асамблеі EIFL-2011 у музейным комплексе “Дудуткі”, для працоўных калектываў г.Заслаўя, “Белаграпрамбанка”, РУП “Мінтрансаўта”, для ўдзельнікаў Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2011” у горадзе Маладзечна. Асабліва хвалюючым было выступленне ў канцэрце, прысвечаным 60-годдзю з дня нараджэння былога кіраўніка У.М.Грома “З музыкай у сэрцы” поплеч з дзяржаўнымі прафесійнымі калектывамі, які адбыўся на сцэне роднага цэнтра культуры.

Год 2012 для “Крупіцкіх музыкаў” стаў знамянальным. Галоўнай падзеяй для ўдзельнікаў калектыву і яго прыхільнікаў стаў 30-гадовы юбілей ансамбля, які святкаваўся на сцэне Белдзяржфілармоніі, дзе калектыў выступіў з абнаўлённай канцэртнай праграмай. “Музыкі” не пакідалі весці актыўную канцэртную дзейнасць, аб чым сведчыць удзел у трох міжнародных фестывалях: “Музычнае лета ў Кузьмінках” (г. Масква), V Міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі” (Брэсцкая вобласць) і спартыўна-культурны фестываль “Сардынія-Беларусь” у Італіі.

2013 год быў таксама плённы. На рахунку калектыву налічваецца каля 30-ці канцэртаў, тры творчыя замежныя вандроўкі. Больш значныя з іх – удзел калектыву ў святочным канцэрце, прысвечаным 75-годдзю заснавання Мінскай вобласці ў г. Маладзечна, канцэртны тур па Растоўскай вобласці ў рамках “Дзён яднання народаў Расіі і Беларусі”, Міжнародны фестываль фальклору “Песні гор” у Румыніі, I абласны фестываль народных раместваў “Слуцкія паясы”, калядныя канцэрты для землякоў-беларусаў, пражываючых у Латвіі (гг. Рыга, Юрмала).

У 2014 “Крупіцкія музыкі” паспяхова дэманстравалі беларускі музычны фальклор для гасцей Чэмпіянату Сусвету па хакеі ў адной са сталічных гасцявых зон, для ўдзельнікаў Міжнароднага культурнага дыялогу “Беларусь – Кітай”, які адбыўся ў ДУА “Інстытут культуры Беларусі”, на свяце славянскай пісьменнасці ў Расійскай Федэрацыі (г.Росаш Варонежскай вобласці). У ліпені “Музыкі” бралі ўдзел у XIII Міжнародным фестывалі фальклору “EURAFOLK–2014” у польскім г.Замасць, у верасні – у Міжнародным фестывалі нацыянальных культур “Садружнасць–2014” у далёкім Паўднёва-Сахалінску, а ў кастрычніку – у фестывалі беларускай песні ў г. Шаўляі.

Дзейнасць артыстаў адзначана Прэміяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Народная творчасць”. У 2015 годзе “Крупіцкія музыкі” здзейснілі, нарэшце, запаветную мару: правядзенне рэгіянальнага фестывалю выканаўцаў на народных духавых інструментах імя У.М.Грома “Грай, музыка, грай!”, які адбыўся ў сценах роднага цэнтра культуры і спрыяў папулярызацыі беларускай музычнай спадчыны.

Калектыў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, падае прыклад моладзі, аказвае пачынаючым фальклорным ансамблям рэспублікі метадычную дапамогу. Аб гэтым сведчыць трэцяе нотнае выданне кіраўніка Н.Л.Лісіцы – рэпертуарны зборнік “Ягадка”, у які ўвайшлі 6 твораў для аматарскіх фальклорных ансамбляў.

Дырэктар Крупіцкага Цэнтра культуры
імя У.М.Грома Мінскага раёна С.У.Жураў

Фальклорны ансамбль “Крупіцкія музыкі”