Этна-група “Траг” (“След”) была заснавана ў 2003 годзе ў супрацоўніцтве з культурна-мастацкім грамадствам «Слаўка Мандзіч» (г. Лакташы, Рэспубліка Сербская). Самабытнасць гэтага вакальна-інструментальнага ансамбля абумовіў не толькі незвычайны выканальніцкі састаў, што з’яднаў традыцыйныя (фрула, валынка, кавал, дарбука, тапан), класічныя (гітара, скрыпка) і сучасныя (лічбавае фартэпіяна, бас-гітара) музычныя інструменты, але і разнастайны рэпертуар, які спалучыў народныя песні Рэспублікі Сербскай, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі і Балгарыі, а таксама цыганскія і рускія песні.
Удзельнікі этна-групы “Траг” і яе мастацкі кіраўнік Валянціна Мілекіч сваёй галоўнай мэтай лічаць папулярызацыю балканскай народнай музыкі шляхам стварэння арыгінальных аранжыровак. У 2008 годзе быў запісаны дэбютны альбом “Гукі Балкан”, куды ўвайшло 15 песень, у тым ліку рэгіёну Ліжэв’е, практычна невядомых шырокай публіцы.
Этна-група “Траг” вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Яе выступы адбыліся на розных пляцоўках Рэспублікі Сербскай, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Харватыі, Сербіі, Германіі, Нідэрландаў, Расіі. Ансамбль браў удзел у міжнародных фестывалях у Балгарыі, Францыі, Іспаніі, Грэцыі.