Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы”

Сапраўдным захавальнікам і прапагандыстам каштоўнасцяў народнай музыкі, твораў сучасных кампазітараў, шэдэўраў сусветнай класікі з’яўляецца адзін з старэйшых харавых калектываў Рэспублікі Беларусь – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла, створаная ў лютым 1940 года. Сёння калектыў носіць імя свайго стваральніка – Рыгора Раманавіча Шырмы.

Хор адрознівае высокая музычная культура, яркая эмацыянальнасць, багацце дынамічнай шкалы гучання, інтанацыйная чысціня, выразнасць і натуральнасць спеву. Калектыў высока адзначаны як крытыкамі, так і публікай. “Мяккасць і прыгажосць гучання галасоў, чысціня інтанацыі і адухоўленасць ў трактоўцы музычнага матэрыялу праяўляюцца вельмі ярка”, – пісаў у свой час мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскай філармоніі В.С.Фамін. “Хор парадаваў бездакорным ладам, гнуткасцю і разнастайнасцю дынамікі, яснай выразнай дыкцыяй”, –  водгук мастацкага кіраўніка Пецярбургскай капэлы імя М.І.Глінкі У.Чарнушэнка. Высокую ацэнку калектыву даў Г.В.Свірыдаў падчас выступлення капэлы на фестывалі харавой музыкі ў Маскве.

Пра нарастанне папулярнасці калектыву сведчыць геаграфія гастрольных маршрутаў: гэта музычныя фестывалі ў Германіі, Іспаніі, Італіі, Літве, Польшчы, Эстоніі, Аўстрыі, Галандыі, Даніі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, удзел у культурнай праграме Алімпійскіх Гульняў у Барселоне ў тэатры “Дэ Ліцэо”. Капэла стала ўладальніцай Гран-Пры Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў г.Хайнуўка (Польшча).

Рэпертуарны дыяпазон капэлы вельмі шырокі і разнастайны: гэта “Рэквіемы” Дж.Вэрдзі, В.А.Моцарта, Р.Шумана, Л.Керубіні, А.Брукнэра, І.Брамса, А.Дворжака, Г.Берліёза, І.Гайдна, Кс.Бенгверэла, Дз.Кабалеўскага; месы І.С.Баха, А.Брукнэра, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, І.Гайдна, Дж.Пучыні; араторыі Дз. Шастаковіча, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Г.Ф.Гендэля; Сімфонія №9 Л. ван Бетховена, “Сімфонія псалмоў” І.Стравінскага, Сімфонія-меса Ф.Мендэльсона, Сімфонія №13 Дз. Шастаковіча; кантаты І.С.Баха, “Карміна Бурана” К.Орфа, “Поры года” Ё.Гайдна, “Аляксандр Неўскі” і “Іван Грозны” С. Пракоф’ева, “Іаан Дамаскін» С.Танеева, «Масква» П.Чайкоўскага; духоўныя творы Дж.Вердзі, А.Брукнэра, А.Дворжака, Дж.Пергалезі, С.Манюшкі, А.Шонберга; хоры з опер Дж.Вердзі, Ж.Бізэ, Р.Вагнэра, А.Барадзіна, Дж.Пучыні, К.Вэбера, П.Масканьі, В.Бяліні; фрагменты мюзіклаў Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Дж.Керна; харавыя шэдэўры С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, А.Грачанінава, С.Танеева, Дз.Бартнянскага, М.Беразоўскага, А.Архангельскага; харавая музыка беларускіх кампазітараў.

Незвычайная працаздольнасць капэлы дазваляе штогод выпускаць некалькі паўнавартасных канцэртных праграм. У апошні час былі паспяхова здзейснены цікавыя праекты: выкананы “Месія” Г.Ф.Гендэля і “Поры года” Ё.Гайдна ў Іспаніі, араторыя А.Янчанкі “Апакаліпсіс” ў Італіі, духоўныя творы сучасных беларускіх аўтараў на фестывалі “Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў” у Польшчы, канцэртнае выкананне оперы Дж.Вердзі “Травіята” у Іспаніі.

Шырокі рэпертуар і высокая выканальніцкая культура даюць магчымасць калектыву з поспехам канцэрціраваць з рознымі сімфанічнымі аркестрамі. Сярод іх аркестры Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Белгарадскай, Харкаўскай, Валгаградскай, Данецкай, Кіеўскай, Віленскай, Іркуцкай філармоній, аркестр Герліцкага музычнага тэатра (Германія), аркестр Зялёна-Гурскай філармоніі (Польшча), аркестр Котбусскага музычнага тэатра (Германія). За пультам стаялі вядомыя дырыжоры: Ю.Яфімаў, М.Янсанс, Ц.Мынбаеў, В.Дуброўскі, Л.Крэмер, Р.Зэехавер, Ч.Грабоўскі, С.Сандэцкіс, Г.Праватораў, Ю.Дамаркас, В.Катаеў, Ю.Цырук, А.Янчанка, А.Дзмітрыеў, А.Анісімаў.

Народная артыстка Беларусі Людміла Барысаўна Яфімава – яркі прадстаўнік Ленінградскай (Санкт-Пецярбургскай) школы харавога дырыжыравання. Больш за 20 гадоў працавала выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі. Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы Л.Яфімава ўзначаліла ў 1987 годзе. Менавіта пры яе кіраўніцтве капэла стала сапраўды ўніверсальным харавым калектывам, унікальным па сваім гучанні і неабмежаванасці рэпертуару.

Людміла Яфімава – нястомны прапагандыст творчасці беларускіх кампазітараў, першы выканаўца многіх іх твораў. Яркі талент, шырокая эрудыцыя, высокі ўзровень мастацкай культуры, адданасць творчасці дазваляюць адзначыць народную артыстку Рэспублікі Беларусь Людмілу Яфімаву як адну з самых значных асоб у музычнай культуры Беларусі і за яе межамі.

У 2009 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы” і адзначыў, што творчасць капэлы ўносіць вялікі ўклад у захаванне і прапаганду лепшых здабыткаў айчыннай і сусветнай вакальнай музыкі, падтрыманне ў грамадстве высокіх культурных традыцый, выхаванне павагі да сапраўдных мастацкіх каштоўнасцей. "У багатым рэпертуары капэлы арганічна спалучаюцца класічныя шэдэўры, духоўныя спевы, апрацоўкі народных мелодый і сачыненні сучасных кампазітараў”, – гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што калектыў і ў далейшым будзе працаваць гэтак жа плённа і самааддана, памнажаць гонар і славу беларускага музычнага мастацтва.

З 2018 года галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы з’яўляецца Вольга Янум. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасцях “харавое дырыжаванне” (клас дацэнта Л.А.Шымановіч) і “акадэмічны спеў” (клас заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Н.А.Губскай), а таксама магістратуру пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (“харавое дырыжаванне”).

З 1995 па 2017 гг. выкладала вакал і дырыжаванне ў Мінскай духоўнай вучылішчы, з’яўлялася таксама кіраўніком хору. У 2008–2010 гг. – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

У наш час з’яўляецца рэгентам Святочнага хору Храма ў гонар іконы Боскай Маткі “Усіх смуткоўцаў Радасць” (з 1998), выкладчыкам кафедры харавога дырыжавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 2007), мастацкім кіраўніком Камернага хору SALUTARIS пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў (з 2007), галоўным дырыжорам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы (з 2018).

Узнагароджана ордэнам Роўнаапостальнай княгіні Вольгі III ступені ад Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Алексія II (2002), медалём Беларускай Праваслаўнай царквы Святой вялебнай Еўфрасінні Полацкай (2007), граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (1999, 2000, 2009, 2012, 2014). У 2017 годзе абрана ў Царкоўна-грамадскую раду па развіцці рускага царкоўнага спеву пры Маскоўскім Патрыярхаце.

 


Галоўны дырыжор – Вольга Яўгенаўна Янум

Тэлефон: +375 17 397 56 85

Дырэктар – Аляксандр Уладзіміравіч Чумакоў

Тэлефоны: +375 17 343 22 65; +375 29 658 70 73; e-mail: capella@philharmonic.by