Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Шлезэр Марэк (фартэпіяна)

 

Марэк Шлезэр (фартэпіяна) нарадзіўся ў 1981 у Кракаве, пачаў вучыцца фартэпіяна ва ўзросце 5 гадоў. У 1994-2000 гг. вучыўся ў Нармальнай школе музыкі у Парыжы ў класе фартэпіяна праф. Марчэлы Крудэлі, якую скончыў атрыманнем “Дыплома найлепшага канцэртмайстра”.

У 2004 г. скончыў з адзнакай Акадэмію музыкі ў Кракаве ў класе праф. Эвы Букаемскай. У тым жа годзе ён атрымаў каралеўскую стыпендыю ў аспірантуры Музыкальнай капелы каралевы Лізаветы ў Бруселі ў класе А.Рахмана Эль-Бачы, якую скончыў у чэрвені 2005 г. з адзнакай, атрымаўшы ступень “Master-After-Master”. У 2015 г. атрымаў званне доктара навук. У цяперашні час вядзе ўласны клас фартэпіяна ў Акадэміі музыкі ў Кракаве.

Яго кар'ера піяніста распачалася ў 1993 г. ва ўзросце 12 гадоў атрыманнем гран-пры на IV Міжнародным конкурсе піяністаў у Рыме. З таго часу артыст вёў актыўнае канцэртнае жыццё ў Польшчы і за мяжой. Быў шматразовым стыпендыятам Міністэрства культуры, фондаў “A.Roussel” i “Amical” у Францыі, “Фонду падтрымцы талентаў” і Фонду “YAMAHA”. Удзельнічаў у майстар-класах выбітных піяністаў: Д.Башкірава, А.Чыкаліні, Э.Магілёўскага, В.Банфілда, М.Прэслера, Д.Мерлета, Дж.Вандэн-Эйдэна і Х.Чэрны-Стэфаньскай. Выступаў пад кіраўніцтвам такіх дырыжораў, як П.Баркоўскі, Л.Баровіч, Т.Бугай, В.Чэпель, Я.М.Фларэнцыё, П.Котля, М.Наленч-Несялоўскі, М.Піяроўскі, З.Рыхерт, А.Віт, Т.Вайцяхоўскі. Піяніст быў высока ацэнены за інтэрпрэтацыю твораў Фрыдэрыка Шапэна, ён заняў І месца ў стыпендыяльным конкурсе Таварыства імя Ф.Шапэна ў Варшаве, ІІІ месца на Міжнародным шапэнаўскім конкурсе ў Марыянскіх Лазнях, атрымаў спецыяльны прыз “Нацыянальнага выдання ўсіх твораў Фрыдэрыка Шапэна”, а таксама мноства іншых прызоў на вядомых міжнародных фартэпіянных конкурсах. Яго сольны канцэрт адкрываў 56-ы Шапэнаўскі фестываль у Душніках-Здруй. Ён таксама меў гонар выступіць з канцэртам на арыгінальным фартэпіяна Шапэна ў Collegium Maius Ягелонскага ўніверсітэта ў ноч уступлення Польшчы ў Еўрапейскі Саюз у 2004 г. У сакавіку 2015 г. з нагоды 205-годдзя з дня нараджэння кампазітара ён выступіў з канцэртам у нью-ёркскім Карнегі-Холе.

У творчай біяграфіі піяніста мноства сусветных і польскіх прэм'ер сучасных твораў (у тым ліку квартэт Марэка Стахоўскага “Mirroir du Temps” і прысвечаных яму твораў: З.Буярскага, М.Хыжыньскага, М.Яблоньскага, К.Меера, М.Негрэя, Т.Я.Апалкі, А.Валаціньскага і В.Відлака). Падчас вучобы прымаў удзел у класе інтэрпрэтацыі камерных твораў праф. Кшыштафа Пендэрэцкага, рыхтуючы творы пад кіраўніцтвам кампазітара ў кракаўскай Акадэміі музыкі. У 2005 г. на канцэрце, прысвечаным заснаванню Фонда Каралевы Елізаветы, выканаў канцэрт Моцарта з “English Chamber Orchestra”.

Ажыццявіў запісы для радыё і тэлебачання ў многіх еўрапейскіх краінах. Актыўна ўдзельнічае ў папулярызацыі польскай музыкі ў Польшчы і за мяжой, рэалізуючы прэм'еры твораў польскіх кампазітараў ХІХ і ХХ стагоддзяў. Дзякуючы яго ініцыятыве было рэалізавана выданне і прэм'ера фартэпіяннага канцэрта для левай рукі Аляксандра Тансмана і твораў Ядвігі Сарнецкай. Супрацоўнічае з Польскім музычным выдавецтвам. З 2013 г. ён таксама з'яўляецца рэдактарам выдання фартэпіянных твораў польскіх кампазітараў у выдавецтве “Eufonium”, дзе быў аўтарам першых зборнікаў твораў, у т.л. А.Зажыцкага, Ю.Вертхайма і Я.Панкевіча.

Чытаў лекцыі і выступаў з канцэртамі ў многіх прэстыжных універсітэтах, у тым ліку Кембрыджскім універсітэце, Універсітэце Індыяны у Блумінгтоне, Універсітэце Чыкага, Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі, UNAM, UNICAMP, Універсітэце Сан-Паўлу, Каралеўскай кансерваторыі ў Бруселі. Выдаў шматлікія кампакт-дыскі, у т.л. для “Warner”, “DUX”, “EMI”, “Amadeus” і “Moderato Classics” з сольнай і камернай музыкай, збіраючы пазітыўныя водгукі ў прэстыжных часопісах (у тым ліку “Gramophone”, “Diapason”, “Kulturspiegel”, “Klassik”, “The Strad”, “Pizzicato”, “Fanfare”, “American Record's Guide”). Атрымаў шмат прэстыжных узнагарод, у тым ліку: двойчы ўзнагароду французскіх музычных крытыкаў “La Clef de ResMusica” за альбомы з творамі Тансмана і Шапэна, “5 du Diapason” за альбом з юнацкімі творамі Караля Шыманоўскага, “Gramophone Editor’s Choice” за запіс камерных твораў Кшыштафа Пендэрэцкага , Prix de la SACD за найлепшую інтэрпрэтацыю сучаснай музыкі і адзнаку “Альбом Года 2017” часопіса “Hi-FІ” за запісы твораў Бетховена і Шастаковіча. Неаднаразова намінаваны на польскую фанаграфічную прэмію “Fryderyk”. Член Польскай фанаграфічнай акадэміі і Таварыства імя Ф.Ліста.