Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Смольский Д. Симфония №15 (бел. яз)

Дзмітрый Смольскі. Сімфонія №15

Першае выкананне: 14 кастрычніка 2012

Сімфонія №15 – роздум кампазітара аб эпохе, з якой ён пражыў 50 гадоў свайго жыцця, аб эпохе Савецкага Саюза. Па словах самаго Д.Смольскага, калі б сімфонія на гэтую тэму з'явілася ў 1990-м годзе, пры заняпадзе сістэмы, яна б, магчыма, была больш трагічнай, больш жорсткай. Цяпер, праз амаль чвэрць стагоддзя, успамін аб савецкім мінулым выклікае ў аўтара, хутчэй, ціхую ўнутраную ўсмешку. Гэты час, які выхаваў цэлае новае пакаленне, надаў і новае адценне ў адчуванні мінулага, зрабіўшы яго не мяккім і згодлівым, але абагульненым і філасофскім.


***
Сімфонія - гэта жанр філасофскага напаўнення, у якім можна адлюстраваць свае духоўныя пошукі, абагульніць свае думкі. Сімфонія як адзін з самых буйных, аб'ёмных жанраў у музыцы, у той жа час - жанр асабовы.Праз яго паўстае асоба аўтара, яго стаўленне да жыцця, погляд на рэчаіснасць.
Для мяне галоўнае ў сімфоніі - гэта драматургія. Я разглядаю драматургію як асноўны музычна-выразны сродак, які дае кампазітару магчымасць развіць сваю думку, прывесці яе да пэўнага выніку. Наогул, у шырокім сэнсе слова, драматургія - гэта аснова ўсяго, аснова жыцця чалавека. Кожны чалавек стварае драматургію свайго жыцця. Што ж тычыцца часавых відаў мастацтва, то ў іх драматургія асабліва важная. У той жа час яна - найбольш складаны выразны сродак, паколькі патрабуе вялікай працы думкі, няспынных пошукаў. Пачаць твор можна з арыгінальнай, яркай тэмы або, як гэта часам бывае ў літаратуры, з любых, самых, здавалася б, звычайных, немудрагелістых эпізодаў. Майстэрства ж аўтара ў тым, каб развіць пакладзеную ў аснову твора тэму ці эпізод і зрабіць гэта развіццё непаўторным і часам нечаканым. Мне цікава вынаходзіць сімфанічную драматургію, працаваць з аркестрам. Гэта дае мне магчымасць раскрыцца найбольш поўна.

***
Я часта выкарыстоўваю ў сваёй творчасці матэрыял з класікі (асабліва люблю цытаваць Бетховена). Не сакрэт, што пэўныя музычныя
тэмы і інтанацыі на сённяшні дзень сталі кшталту знакаў, устойлівых музычна-сэнсавых кодаў, якія нясуць у сабе пэўны, трывала замацаваны за імі сэнс. Я не лічу, што трэба вынаходзіць нейкія дублікаты гэтых сэнсаў. Я звяртаюся да гэтых устойлівых сэнсаў і працую з імі ў кантэксце сваіх сімфанічных ідэй. Гэта адлюстроўвае мой асабісты погляд на гэтыя сімвалы, маё індывідуальнае іх разуменне і асэнсаванне ў кантэксце сённяшняга часу.

***
Мяне часта пытаюць пра змест маіх твораў, у тым ліку сімфоній. Мне заўсёды цяжка адказваць на гэтае пытанне. Бо музыка як мастацтва настолькі спецыфічная, яе практычна немагчыма перадаць словамі. І нават не тое што немагчыма, проста не трэба. Калі перадаеш музыку словамі, яна выпустошваецца.
Проста скажу, што па натуры я больш трагік. Я заўважаю трагічныя моманты ў жыцці і увасабляю іх у сімфоніях. Але трагедыі ў маіх творах завяршаюцца мажорнай прасветленасцю. Гэта не аптымізм, а менавіта прасвятленне. Трагедыя - гэта смерць, сыход чалавека з жыцця, а ў смерці заўсёды ёсць Боскі пачатак, катарсіс і прасвятленне. Гэтая тэма трагічна-філасофскага напаўнення прысутнічае практычна ва ўсіх маіх сімфоніях.
Д.Смольскі
па матэрыялах размовы з А.Лузько
(Дмитрий Смольский: «Симфония – не застывший монумент» // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. – 2011. - №9)