Ігар Уладзіміравіч Алоўнікаў – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, нарадзіўся ў Мінску, у сям’і народнага артыста Беларусі, кампазітара У.У.Алоўнікава.
Музычную адукацыю атрымаў у Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас заслужанага дзеяча мастацтваў, прафесара І.А.Цвятаевай). Яшчэ ў школьныя гады стаў лаўрэатам рэспубліканскага (Мінск), міжзанальнага (Вільнюс) і міжнароднага (імя Б.Сметаны, Чэхаславакія) конкурсаў піяністаў. Працягнуў навучанне ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага (клас фартэпіяна прафесара Я.У.Фліера і клас аргана прафесара Л.І.Ройзмана), а таксама ў асістэнтуры-стажыроўцы названай кансерваторыі (клас прафесара М.С.Васкрасенскага).
Саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 1980 года. Паспяхова гастралюе па краіне і за яе межамі: у Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Японіі, Кітаі, у тым ліку на такіх прэстыжных канцэртных пляцоўках, як Вялікая і Малая залы Маскоўскай кансерваторыі, Вялікая зала Санкт-Пецярбургскай філармоніі, Кіеўская дом арганнай музыкі, Кафедральны сабор “Мюнстар” і Бетховенская камерная зала ў Боне, Касальс-хол і Сакура-хол у Токіа. З’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх вядомых музычных фестываляў. На Сусветным фестывалі мастацтваў у Паўночнай Карэі ў 2002 годзе быў ганараваны высокай узнагародзе “Залаты кубак”. Выступае як з сольнымі фартэпіяннымі і арганнымі праграмамі, гэтак і ў камерных ансамблях з вядомымі салістамі-інструменталістамі, а таксама з сімфанічнымі і камернымі аркестрамі.
Рэпертуар Ігара Алоўнікава адрозніваецца вылучнай жанрава-стылявой разнастайнасцю. У поле яго зроку – музыка ад ранняга Адраджэння да ўзораў XXI стагоддзя. Найболей значныя праекты выканаўца – цыкл з 6 канцэртаў “Фантазіі для клавішных інструментаў” (арган, клавесін, фартэпіяна); манаграфічныя канцэрты са твораў І.С.Баха, Л. ван Бетховена, Ф.Шапэна, Р.Шумана, Ф.Ліста, І.Брамса, рускіх класікаў, беларускіх кампазітараў мінулага і сучаснасці. Арыгінальныя арганныя праграмы апошніх гадоў – гэта “Шэсць стагоддзяў харала” і “Сем стагоддзяў свецкай музыкі”, дзе былі пададзены сачыненні ад XIV стагоддзя да нашых дзён. Да 200-гадовага юбілею Ф.Шапэна выканаўца падрыхтаваў два фартэпіянныя выступленні, у якіх прагучалі ўсе санаты, балады і скерца, а таксама баркарола вялікага кампазітара. Трохсотгоддзе фартэпіяннай музыкі піяніст адзначыў праграмай “Старонкі папулярнай класікі”, што ўключала найболей вядомыя фартэпіянныя мініяцюры трох стагоддзяў, а 80-годдзе Саюза беларускіх кампазітараў – выкананнем уласных апрацовак лепшых старонак нацыянальнай класікі. Нярэдка Ігар Алоўнікаў спалучае выкананне ў адным канцэрце фартэпіянных і арганных твораў. Жанр фартэпіяннага канцэрта прэзентаваны ў рэпертуары піяніста шматлкімі канцэртамі В.А.Моцарта, усімі канцэртамі Л. ван Бетховена, канцэртам №1 П.Чайкоўскага, канцэртам №2 С.Рахманінава, канцэртамі №1–2 С.Пракоф’ева, канцэртам Э.Грыга, рапсодыяй Дж.Гершвіна, а таксама іншымі еўрапейскімі і беларускімі канцэртамі. З імі ён выступаў у супольнасці з такімі вядомымі дырыжорамі, як У.Дуброўскі, Ю.Яфімаў, Г.Праватораў, М.Янсанс, А.Чысцякоў, Л.Крэмер, В.Дударава, А.Анісімаў і інш.
Віртуозная выканальніцкая тэхніка, яркая вобразнасць музычнага мыслення, строгая архітэктоніка музычнай формы і мяккая манера інтанавання вызначаюць індывідуальны піяністычны стыль музыканта. Яго перавагі – арганная музыка І.С.Баха, фартэпіянныя санаты Л. ван Бетховена, буйныя сачыненні Ф.Шапэна, Р.Шумана, Ф.Ліста і С.Рахманінава. Разам з тым, вялікае значэнне пры складанні рэпертуару выканаўца надае разнастайным мініяцюрам, што найболей адпавядаюць дзіцячым канцэртам і камунікаванню з непадрыхтаванай публікай. Падобныя выступленні піяніст часта суправаджае ўласнымі каментарамі да твораў, якія падаюцца ў форме наўпростай і займальнай гутаркі са слухачом.
Ігар Алоўнікаў з’яўляецца аўтарам прыкладна ста канцэртных апрацовак (транскрыпцый) для фартэпіяна арганных, аркестравых і вакальных твораў І.С.Баха, В.А.Моцарта, З.Франка, К.Сен-Санса, І.Брамса, С.Рахманінава, П.Чайкоўскага, Д.Шастаковіча, музыкі беларускіх кампазітараў: А.Багатырова, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, Я.Глебава, С.Картэса, А.Мдзівані. Большасць з апошніх выканана па прапанове аўтараў. Дзякуючы эфектным віртуозным якасцям, яркай вобразнасці і выгодзе выклады, транскрыпцыі атрымалі шырокае распаўсюджванне не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Яны ўвесь час улучаюцца піяністамі ў канцэртавы і конкурсны рэпертуар, запісваюцца на дыскі, выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы. Шмат хто з іх выдадзены ў розных складанках фартэпіяннай музыкі. Аўтарскі зборнік фартэпіянных транскрыпцый з уступным артыкулам Игара Алоўнікава быў апублікаваны Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі ў 2009 годзе. У 2011 годзе піяніст выступіў з сольным канцэртам на маскоўскім традыцыйным фестывалі фартэпіяннай транскрыпцыі.
Піяніст вядзе разнастайную музычна-асветніцкую працу, штогод выступаючы з цыкламі лекцый па прафесійнай тэматыцы як у сістэме павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, гэтак і на розных форумах музыкантаў у гарадах Беларусі і замежжа. У 2009 і 2010 гг. на базе Факультэта павышэння кваліфікацыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ён прачытащ аўтарскі курс па праблематыцы музычна-выканальніцкай выразнасці на фартэпіяна для слухачоў сярэдняга і найвысокага звяна.
Важным бокам дзейнасці музыканта служыць прапаганда нацыянальнай музычнай спадчыны. Ён з’яўляецца першым выканаўцам твораў беларускіх аўтараў, такіх як Фартэпіянны канцэрт Л.Абеліёвіча, канцэрты №2–4 і Канцэртныя варыяцыі для фартэпіяна з аркестрам Г.Вагнера, Фартэпіянны канцэрт і Саната “Спакуса” Г.Кароткінай і інш. Пад яго рэдакцыяй выдадзена каля 20 зборнікаў фартэпіяннай музыкі беларускіх аўтараў мінулага і сучаснасці, напрыклад, “Віртуоз”, “Піяніст”, “Музыка сям’і Ельскіх”, “Музыка сям’і Агінскіх”, фартэпіянныя сачыненні Я.Тарасевіча, Н.Орды, Ф.Міладоўскага, А.Абрамовіча, Я.Глебава і інш.
Больш за дваццаць пяць гадоў займаецца педагагічнай дзейнасцю. З 1987 па 1993 год узначальваў кафедру спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З 1993 года – прафесар па пасадзе. Праводзіць майстар-класы для маладых піяністаў не толькі ў Беларусі, але і ў Японіі, Тайвані, Францыі, Польшчы, Расіі, іншых краінах. Сярод яго вучняў – лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў – І.Сяргей, Г.Шыбаева, Ю.Шырынава, А.Сапега, В.Шацкая, М.Клімовіч і інш. Неаднаразова выступаў у якасці кіраўніка і кансультанта дыпломных прац і магістарскіх дысертацый студэнтаў акадэміі; у яго архіве – не меней за 50 рэцэнзій на розныя навукова-даследчыя працы, артыкулы і дысертацыі калегаў і студэнтаў, напісаныя па іх просьбе.
Ігар Алоўнікаў з’яўляецца нязменным старшынём журы міжнародных конкурсаў піяністаў у Беларусі, уваходзіць у састаў журы конкурсаў іншых краін. Цягам дзесяці гадоў з’яўляўся членам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У 1986 годзе ганараваны званню “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”, а ў 1998 –“Народны артыст Беларусі”. У 1994 годзе за канцэрныя праграмы ганараваны Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. З 1996 года – віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі педагогаў фартэпіяна (БелЕРТА). З 2002 года – Ганаровы акадэмік міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (IEAS). З 2006 года зацверджаны ВАК у навуковым званні прафесара. У 2005 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2007 – юбілейным медалём Міжнароднага саюза музычных дзеячаў (СМА) і нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, у 2012 – нагрудным знакам Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё музычнага мастацтва”, у 2014 – ганаровым знакам Беларускага прафсаюза працаўнікоў культуры. Мае віншавальныя лісты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзякі прэм’ер-міністра і міністра культуры Рэспублікі Беларусь, шматлікія граматы міжнародных музычных фестываляў.