Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Бугасаў Сяргей (*1951)

Исполнители

«Калі я закахаюся ў верш, ён не пакідае мяне да апошняй ноты ...»

кампазітар Сяргей Бугасаў

 

Нарадзіўся ў г. Енакіева Данецкай вобласці (Украіна, 1951). Скончыў Данецкі дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут па класе дырыжыравання ў Ю. Філатава (1976). Стажыраваўся па кампазіцыі ў класе прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі А. Мдзівані. Узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку” (1976), царкоўным медалём Елісея Лаўрышаўскага, адзначаны падзякай арцыбіскупа Навагрудскага і Лідскага Гурыя «За старанае служэнне Царкве Хрыстовай і дбайную працу ў славу Божую». Член Беларускага саюза кампазітараў (2006).

Кампазітар Сяргей Бугасаў найбольш ярка праявіў сябе менавіта ў харавым жанры. Жаданне ствараць музыку ўзнікла ў яго яшчэ ў гады вучобы ў музычнай вучэльні. Кампазітар адзначае, што ў фарміраванні яго творчага аблічча вялікае месца належыць сям’і, у якой усе выдатна спявалі, гралі на народных інструментах і ставілі хатнія спектаклі. З 15 гадоў будучы кампазітар працаваў у самадзейных хорах, рабіў ім апрацоўкі і аранжыроўкі, спяваў у царкоўных харавых калектывах. Уражанні, атрыманыя ў дзяцінстве і юнацтве, асабліва спевы ўкраінскіх народных песень, адбіліся на творчай манеры кампазітара, дзе найбольш выразнымі рысамі з'яўляюцца пявучы меладызм, маляўнічы і багаты харавы тэмбр.

Харавыя творы Сяргея Бугасава ўвабралі ў сябе шматлікія жанравыя пошукі. Тут ёсць і апрацоўкі народных песень, дзе ў спецыфічных спосабах цытавання нараджаецца арыгінальны музычны твор. Тут ёсць і кампазітарскія інтэрпрэтацыі старажытнаславянскіх спеўных традыцый і праваслаўных распеваў. Нарэшце, ёсць і лірыка-псіхалагічныя харавыя паэмы і рамансы, якія адрозніваюцца разгорнутым меладычным развіццём, арганічным сінтэзам традыцыйнага і сучаснага.

Найбольш важнае месца ў спадчыне кампазітара належыць духоўным творам, напісаным на кананічныя тэксты. Творчы падыход да разумення традыцый, пошукі сучасных сродкаў і форм выяўлення, багацце меладычнага руху дазволілі кампазітару дасягнуць высокамастацкага асваення музычнай спадчыны.

Сяргей Бугасаў лічыць сябе менавіта беларускім кампазітарам, ён любіць і разумее нацыянальную паэзію. У сваёй творчасці кампазітар звяртаецца да тэкстаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея Грахоўскага, Ніла Гілевіча і многіх іншых.

Музыка Сяргея Бугасава ўвайшла ў рэпертуар многіх славутых харавых калектываў нашай краіны. Гэта Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, які разам з хорам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканаў пад кіраўніцтвам прафесара В.Роўды «Туга ўдоўя», «Душы мая», «Ой, ты, поле», «Завіруха», «Зімовы лес», баладу «Рэквіем па кожнаму чацвёртаму» і інш. Пад кіраўніцтвам В.Янум – творы цыклу «Купалле», «Хор рэкрутаў», пад кіраўніцтвам А.Кунцэвіча – «Жартоўная спрэчка», «Жница», «Замова». Вядома, гэта і Заслужаны калектыў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Н.Міхайлавай, які выканаў цэлы шэраг хораў. Гэта і камерны хор Гродзенскай сімфанічнай капэлы, які выканаў пад кіраўніцтвам Л.Іконнікавай «Да Найсвяцейшай Тройцы», хоры цыклу «Купалле» і іншыя. Творы Сяргея Бугасава таксама прысутнічаюць ў рэпертуары камернага хору Магілёўскай гарадской капэлы, моладзевага хору «Brevis» Мінскага каледжа мастацтв, жаночага хор Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа і многіх іншых калектываў рэспублікі.

«Кампазітары Беларусі» Т.Г.Мдзівані (пераклад з рускай мовы)