Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Чыркун Алег (*1942)

Исполнители

Алег Міхайлавіч Чыркун нарадзіўся 10 лютага 1942 года ў горадзе Мінску. У 1962 годзе паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя М.Глінкі па класу харавое дырыжыраванне, пасля заканчэння якога працаваў кіраўніком хору ў прафэсійна-тэхнічным вучылішчы №52 г.Мінска. Пасля заканчэння ў 1978 годзе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В.Луначарскага па класу кампазіцыі ў дацэнта П.П.Падкавырава і прафесара Д.Б.Смольскага, працаваў выкладчыкам Мінскага культасвет вучылішча. Больш за 10 гадоў А.М.Чыркун выкладаў на кафедры народна-песеннай творчасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. З 1980 года з’яўляецца членам Беларускага саюза кампазітараў.

Ён, былы выхаванец дзіцячага дома, спазнаўшы ўсе цяжкасці сіроцкай долі, сваёй творчасцю дапамагае знайсці сваё месца ў жыцці сённяшнім выхаванцам інтэрнатных устаноў рэспублікі. Ён вельмі часта выступае з дабрачыннымі канцэртамі перад дзіцячай аўдыторыяй. За вялікую дзейнасць на карысць дзяцей у 1996 годзе яму была прысуджана ганаровая прэмія Дзіцячага фонду Рэспублікі Беларусь “Друг дзяцей”.

Алег Чыркун – аўтар оперы для дзяцей “Хвірнённая казка” (лібрэта Я.Іўковіча), музычнай казкі “Бег Бай” (лібрэта У.Іскрыка). Але галоўная сфера творчасці А.М.Чыркуна – песні. У іх ёсць тая давернасць і тая сардэчнасць, якія забяспечваюць ім папулярнасць. Кампазітар імкнецца злучыць сучасныя інтанацыі і рытмы з фальклорнай песеннасцю.

Зборнікі песень “Карагод”, “Бацькоўская зямля”, “Сена маладое”, “Плач жураўлёў” вызначаюцца цікавымі аўтарскімі знаходкамі, замілаванасцю роднай прыродай. Праз музыку выхоўваюцца любоў да Радзімы, захапленне багатай фальклорнай спадчынай. Музыка простая, лёгкая, запамінальная, таму песні карыстаюцца вялікім поспехам у слухачоў, выхоўваюць пачуццё глыбокага патрыятызму. Песні А.Чыркуна ўваходзяць у хрыстаматыі па музыцы для дзіцячых музычных устаноў.

З’яўляючыся старшынёй ваенна-шефскай камісіі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кампазітараў”, кампазітар часта выступае у вайсковых частках, актыўна прапагандуе беларускую культуру. Кампазітарам напісана шмат песень на ваенна-патрыятычную тэматыку, у якіх працягваецца тэма выхавання моладзі. Сярод іх: “Паходная войска беларускага” на вершы В.Лужкоўскага, “Беларускае войска” на вершы С.Панізніка, “Марш маладога байца” на вершы З.Макарэвіч, “Здравствуй”, “Скоро дембель, мужики” на вершы М.Ясеня, “Вясна на граніцы”, “Марш пагранічнікаў” на вершы І.Цітаўца. Некаторыя з іх увайшлі ў зборнік “Армія мая”, выдадзены да 85-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. За вялікі ўклад у духоўнае і патрыятычнае выхаванне асабістага саставу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, А.М.Чыркун неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

Але самая галоўная тэма ў творах кампазітара – гэта любоў да Радзімы, да роднай Беларусі. Вельмі пранікнёна, лірычна гучаць песні “Беларусь” на вершы І.Скурко, “Бацькоўская зямля” на вершы Н.Загорскай, “Беларуская гасціннасць” на вершы У.Скарынкіна, “Дзе б ты ні быў” на вершы П.Броўкі. У сваёй творчасці кампазітар працягвае традыцыі беларускіх класікаў песеннай творчасці, такіх як У.У.Алоўнікаў, Ю.У.Семеняка і інш.

Акрамя песень, кампазітар працуе ў жанрах буйной формы. Ён з’яўляецца аўтарам народна-музычнай камедыі “Калі заспявае певень” (лібрэта Г.Марчука), якая была пастаўлена ў 1988 годзе на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Гэты твор атрымаў шырокае грамадскае прызнанне. Алег Чыркун – аўтар  кантат “Піянерскі збор” на вершы В.Лукшы для дзіцячага хору з сімфанічным аркестрам і “Вясна-красна” на вершы М.Танка для хору з сімфанічным аркестрам, дзвюх трыпціхаў для хору а капэла “Не вярнулі дарогі” і “Ружы бяссмерця”, сімфанічных паэм, вакальных цыклаў “Пачуццяў россып” на вершы М.Танка і “Памяць” на вершы Л.Шыкінай, рамансаў на вершы Абая, М.Лермантава, Н.Някрасава, У.Сакалова, музыкі для камерна-інструментальнага ансамбля “Канцэрціна”, “Уверцюра”, сюіты з трох частак і іншых.

Кампазітарам створана музыка да драматычных спектакляў: “Папараць-кветка”, “Як у госці сын прыехаў”, “Скрыжаванні вайны”, “Зямля яшчэ баліць”, “Вочы ў вочы”, да тэлеспектакля “Новая зямля”.

Музычнай творчасці кампазітара ўласцівы арыгінальная форма, самабытнасць, выразнасць, мелагучнасць. Творы А.М.Чыркуна вельмі часта гучаць на радыё па заяўках радыёслухачоў, іх з задавальненнем выконваюць зоркі беларускай эстрады. Творы кампазітара трывала ўвайшлі ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, ансамбля “Сябры”, “Свята”, народных артыстаў Беларусі В.Чарнабаева, Я.Навуменкі, У.Правалінскага, артыстаў Вячаслава Статкевіча, Ірыны Раманоўскай, салістаў тэатраў оперы і музычнай камедыі, самадзейных і дзіцячых калектываў.

Кампазітар уносіць вялікі ўклад у справу эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці нашай роднай Беларусі.