Пётр Елфімаў – вядомы спявак, музыкант, аўтар песень і аранжыроўшчык. У 1994 г. паступіў у Магілёўскую гімназію-каледж музыкі і харэаграфіі на спецыяльнасць “харавое дырыжыраванне”. 4 гады быў салістам студыі “Дубль В”, у складзе якой стаў лаўрэатам телевізійнага конкурсу маладых артыстаў эстрады “Зорная ростань-96”. У 1998 г. паступіў ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на вакальна-харавы факультэт па спецыяльнасці “акадэмічныя спевы”. У 2003–2004 гг. быў удзельнікам Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” пад кіраўніцтвам В. Шарапава (першы склад, арганізаваны пасля смерці Уладзіміра Мулявіна). У 2004 г. стаў ўладальнікам Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск – 2004” на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У 2009 г. скончыў магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і атрымаў званне магістра. Выпускны экзамен здаваў адкрытым канцэртам з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча і сімфанічнага аркестра акадэміі музыкі “Маладая Беларусь” пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У тым жа годзе ўдзельнічаў ад Беларусі ў Міжнародным конкурсе “Еўрабачанне – 2009”. У 2010 г. прымаў удзел у Сусветным чэмпіянаце выканальніцкіх мастацтваў у Галівудзе (г. Лос-Анжэлес, ЗША), дзе заваяваў пяць залатых медалёў у пяці намінацыях. На конкурс прадставіў творы “Зачарованая” (муз. І.Лучанка, сл. Г.Бураўкіна), арыю Ленскага з оперы “Яўген Анегін” П.Чайкоўскага, арыю Ісуса Хрыста з рок-оперы “Ісус Хрыстос – суперзорка” Э.Л.Уэбера, “Somewhere in the night” (англ. версія песні «Просто лети», муз. і сл. П.Елфімава), “Child in Time” (з рэпертуару гр. “Deep Purple”).
Супрацоўніцтва Пятра Елфімава і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча пачалося ў 2007 г. Па запрашэнні былога кіраўніка аркестра, народнага артыста Беларусі Міхаіла Антонавіча Казінца спявак неаднаразова удзельнічаў у канцэртах аркестра, у тым ліку – у рэканструкцыях музычных спектакляў ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна “Гусляр” і “Песня пра долю”, якія аркестр імя І.Жыновіча вярнуў з нябыту, поўнасцю аднавіўшы страчаны музычны матэрыял абодвух твораў (аранжыроўшчык – А.Крамко): у 2010 г. адбылася прэм’ера рок-араторыі І.Лучанка / У.Мулявіна “Гусляр” паводле паэмы Я.Купалы “Курган”, у якой П.Елфімаў выканаў галоўную ролю Гусляра, а ў 2012 г. спявак удзельнічаў у прэм’ернай пастаноўцы рок-оперы У.Мулявіна “Песня пра долю” паводле паэмы Я.Купалы “Адвечная песня”, дзе спяваў партыю Янкі Купалы. У арыгінальных пастаноўках “Песні пра долю” і “Гусляра” ансамблем “Песняры” (адпаведна 1976 г. і 1978 гг.) абедзьве гэтыя партыі спяваў Уладзімір Мулявін. Сольныя канцэрты Пятра Елфімава і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча адбываліся ў 2015, 2019 і 2024 гг.
З 2017 г. Пётр Елфімаў жыве ў Маскве. З 2018 г. з’яўляецца салістам групы «Гран-КуражЪ», дзе таксама выступае ў якасці кампазітара і аўтара песень.