Наталля Котава-Громава атрымала музычную адукацыю ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а потым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (клас прафесара Л.П.Юшкевіча) і ў асістэнтуры-стажыроўцы акадэміі (клас прафесара Л.С.Шаламенцавай).
Свой першы сольны канцэрт на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі піяністка зайграла, быўшы студэнткай першага курса акадэміі музыкі. З гэтага часу яе сольныя выступленні на розных канцэртных пляцоўках Беларусі сталі рэгулярнымі. У гэты ж час пачынаецца яе супрацоўніцтва з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам, Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі, аркестрамі Белтэлерадыёкампаніі, Вялікага тэатра Беларусі, Беларускай акадэміі музыкі. Выступленні піяністкі праходзілі ў канцэртных залах Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Германіі, Галандыі, Францыі, Малдовы, Іспаніі. Н.Котава-Громава брала ўдзел у міжнародных музычных форумах і фестывалях: “Мэрцішор” (Малдова), “Euregio Music Festival” (Германія), “Тры стагоддзі класічнага раманса” (Расія), Усерасійскі музычны фестываль імя М.Глінкі (Расія,), “Бурштынавая гронка” (Малдова), “Магія раяля” (Беларусь), ХХ Міжнародны фестываль зорак піянізму (Латвія), VIII Міжнародны фестываль Ю.Башмета (Беларусь), LVI Міжнародны фестываль сучаснай музыкі “Варшаўская восень” (Польшча), Міжнародны форум “The World Classical Music Series” (ААЭ) і інш. Сталая ўдзельніца фестываляў “Беларуская музычная восень” і “Мінская вясна”. Піяністка выступала з аркестрамі пад кіраваннем Г.Праваторава, А.Анісімава, А.Галанава, П.Вандзілоўскага, І.Бухвалава, М.Казінца, Ж.Навара, М.Агафіцы, Ю.Русу, Т.Вайцяхоўскага і інш. Брала ўдзел у XXXIII і XXXV Міжнародных фестывалях старадаўняй і сучаснай камернай музыкі (Полацк, 2021 і 2023 гг.), Міжнародным фестывалі класічнай музыкі “У Шэметава ў Шастаковічаў” (2022–2025 гг.), VIII Міжнародным фестывалі фартэпіянных дуэтаў “Сібірскія асамблеі” (Новасібірск, 2023 г.).
Выканальніцкі стыль піяністкі адрознівае спалучэнне глыбокай акадэмічнай падрыхтоўкі і жывой эмацыйнай падачы, віртуознай лёгкасці і глыбіні мастацкага прачытання. На сваіх канцэртах Наталля Котава-Громава таксама выступае ў ролі вядоўцы, дадаючы да выкананай музыкі зразумелыя і цікавыя каментарыі.
Рэпертуар піяністкі аб’ёмны і размаіты, складаецца з самых розных стыляў і жанраў. Яна выступае і як саліруючая піяністка, і як выканаўца камернай музыкі. Яркім выступленнем Наталлі стаў яе бенефіс у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі “Сола. Дуэт. Аркестр” (05.12.2024), дзе ёю былі выкананы чатыры канцэрты з аркестрам (у тым ліку два – для двух фартэпіяна з аркестрам). Адной са сфер творчых інтарэсаў піяністкі з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнай музыкі. У яе рэпертуары сачыненні беларускіх кампазітараў 19–21ст. З удзелам піяністкі прайшлі творчыя вечары беларускіх кампазітараў С.Картэса, Э.Наско, Д.Смольскага. Пад яе рэдакцыяй былі выдадзены творы Д.Смольскага і Ю.Блінова. Вялікую ўвагу піяністка надае адукацыйнаму і выхаваўчаму бакам творчасці. Адменнай папулярнасцю ў дзіцячай аўдыторыі карыстаюцца праграмы “Дзіцячыя гульні” і “Мы раскажам вам казку”. З 1998 г. Наталля Котава-Громава грае ў фартэпіянным дуэце Белдзяржфілармоніі. Шырокую вядомасць і любоў слухачоў заваяваў фартэпіянны дуэт Наталлі з піяністам, салістам філармоніі Валерыям Баравіковым. Амаль за тры дзесяцігоддзі супольнай творчасці музыканты зайгралі сотні канцэртных праграм, дзясяткі прэм’ер, ініцыявалі шматлікія паспяховыя філарманічныя праекты. Так, яны сталі стваральнікамі і арганізатарамі Міжнародных вечароў фартэпіянных дуэтаў “Duettissimo” (Мінск), якія праводзяцца пры ўдзеле музыкантаў розных краін. Таксама яны з’яўляюцца аўтарамі праекта “Clavier-квартэт” – квартэт піяністаў, якія выконваюць музыку для аднаго і двух фартэпіяна ў 6 і 8 рук, у складзе якога таксама іграюць піяністы Марына Русакова і Сяргей Мікулік. Да ліку значных праектаў таксама ставяцца канцэртныя цыклы: “Фартэпіянны дуэт прэзентуе”, “Вечары з фартэпіянным дуэтам”, “Партрэты” з манаграфічнымі праграмамі “Ф. Шуберт” (2021), “Э. Грыг” (2022), “С. Рахманінаў”, “І.Брамс”. У 2025 г. Наталля Котава-Громава супольна з піяністкай Таццянай Лях стварылі фартэпіянны дуэт САНАТА. У музычнай назве ансамбля ўтоены першыя літары імёнаў піяністак. Гэты тандэм адрознівае эмацыйная віртуознасць, яркая харызма, глыбіня мастацкай задумы і шчырасць падачы, што нязменна знаходзіць водгук у публікі і спецыялістаў.
Наталля Котава-Громава паспяхова спалучае выканальніцкую дзейнасць з педагагічнай і навуковай, з’яўляючыся прафесарам кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдатам мастацтвазнаўства. З’яўляецца членам журы музычных конкурсаў і фестываляў.
Мае падзякі міністра культуры і Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь, шматлікія граматы міжнародных музычных конкурсаў і фестываляў як выканавец і педагог. Наталля Котава-Громава ўзнагароджана ганаровым дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2019), нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі”, (2022) і Медалём Францыска Скарыны (2025).













