І аддзяленне
І.С.Бах (1685–1750)
– Таката,адажыа і фуга До мажор, BWV 564
М.Дзюруфле (1902–1986)
– Сюіта для аргана, ор.5
Prelude, Sicilienne, Toccata
ІІ аддзяленне
К.Дэмарэст (1874–1946)
– Рапсодыя, Арыя
П.Чайкоўскі (1840–1893)
– Сюіта з балета “Шчаўкунок” (транскрыпцыя для аргана і фартэпіяна К.Нікалаевай)
“Марш”, “Трапак”, “Танец феі Дражэ”, “Кітайскі танец”, “Вальс кветак”
Дж.Гершвін (1898–1937)
– Рапсодыя ў блюзавых тонах (транскрыпцыя для аргана і фартэпіяна К.Нікалаевай)
Цыкл канцэртаў “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”
лаўрэат міжнародных конкурсаў
Кацярына Нікалаева (Беларусь)
У канцэрце бярэ ўдзел
лаўрэат міжнародных конкурсаў
Юлія Перэў фартэпіяна
Музыказнаўца – кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Савіцкая
Першы арганны канцэрт у новым годзе! Вядомая беларуская арганістка Кацярына Нікалаева ў канцэрце аўтарскага цыкла Вольгі Савіцкай “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”!
Кацярына Нікалаева прэзентуе традыцыі еўрапейскай арганнай школы: яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі ў І.Алоўнікава і У.Неўдаха, дасканаліла сваё майстэрства пад кіраўніцтвам І.Трумера (Аўстрыя), Г.Хамана (Аўстрыя), Л.Тоцы (Італія), К.Хамера (Германія), К.Чэрні (Чэхія). Лаўрэат міжнародных конкурсаў, Кацярына Нікалаева выступае ў Беларусі і за мяжой – у Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі.
Кожная праграма арганісткі ўражае шырынёй рэпертуару. Кацярына Нікалаева з аднолькавым поспехам выконвае і творы са скарбніцы сусветнай музычнай культуры, і сучасныя сачыненні. У праграму канцэрта ўвайшла “арганная класіка” – Таката, адажыа і фуга До мажор І.С.Баха. Таксама будзе прэзентавана “арганнае ХХ стагоддзе” – Сюіта, ор.5 М.Дзюруфле. Дарэчы, гэтая сюіта лічыцца адным з самых складаных і віртуозных твораў ва ўсёй арганнай літаратуры, а Кацярына – першая беларуская арганістка, якая звярнулася да творчасці Дзюруфле. А паколькі ў цяперашнім годзе музычная супольнасць адзначыць 120-гадовы юбілей знакамітага французскага кампазітара, выкананне Сюіты стане адмысловым прысвячэннем гэтай падзеі.
Эксклюзіўны складнік канцэрта – рэдкі для філарманічнай сцэны арганна-фартэпіянны дуэт. У выкананні Кацярыны Нікалаевай і Юліі Перэў прагучаць арыгінальныя сачыненні для фартэпіяна і аргана К.Дэмарэста, а таксама дзве транскрыпцыі Кацярыны Нікалаевай: сюіта з балета П.Чайкоўскага “Шчаўкунок” і (інтрыгоўная прэм’ера!!!) Рапсодыя ў блюзавых тонах Дж.Гершвіна.