“Музычны марафон Міхаіла Казінца”. Так называецца серыя юбілейных канцэртаў, прысвечаных 80-годдзю знакамітага беларускага дырыжора, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара Міхаіла Казінца. Больш як 40 гадоў ён узначальвае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. Нягледзячы на паважны ўзрост, як і шмат гадоў назад, Маэстра Казінец актыўна працуе над новымі творчымі праектамі і па-ранейшаму задае тон у акадэмічным музычным мастацтве. Спачываць на лаўрах – дакладна не пра яго!
9 лістапада 2018 года ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца першы канцэрт юбілейнага музычнага марафона Міхаіла Казінца. У гэты вечар Маэстра ўстане за пульт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь (галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў). У 1-м аддзяленні прагучыць “Імянінная уверцюра” Л. ван Бетховена і Канцэрт для скрыпкі з аркестрам Рэ мажор І.Брамса. Саліраваць будзе выдатны скрыпач-віртуоз, лаўрэат і пераможца мноства прэстыжных міжнародных конкурсаў Арцём Шышкоў.
У 2-м аддзяленні Міхаіл Казінец прадставіць публіцы буйнейшы твор сусветнай сімфанічнай спадчыны – сімфонію “Манфрэд” П.І.Чайкоўскага на сюжэт драматычнай паэмы англійскага паэта-рамантыка Джорджа Гордана Байрана. “Манфрэд” – грандыёзнае музычнае палатно, якое па сваім эмыцыянальным уздзеянні стаіць побач з Чацвёртай і Шостай сімфоніямі вялікага Чайкоўскага. Выкананне гэтага твору патрабуе ад дырыжора вялікай інтэлектуальнай працы і максімальнай аддачы энергіі. Але Міхаілу Казінцу ўсіх гэтых якасцяў не займаць. Ён прывык імкнуцца да самых высокіх вяршынь у творчасці. Вечны пошук і вечны рух наперад – вось яго жыццёвае і творчае крэда. За гэта маэстра Казінца любіць і шануе публіка”.
Інфармацыя прадстаўлена рэдактарскім аддзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча