Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Да дня нараджэння Максіма Багдановіча: прэм'ера цыкла песень У.Мулявіна "Вянок"

Дата: 10.12.2017 пачатак у 19:00
Катэгорыя: Папулярная музыка
Творчая спадчына вялікіх беларускіх геніяў
Музыка Уладзіміра Мулявіна, словы Максіма Багдановіча
Песенны цыкл “Вянок”
Вяртанне праграмы, створанай У. Мулявіным і ансамблем “Песняры” да 100-годдзя Максіма Багдановіча ў 1991-м годзе
(аранжироўшчык — Алег Молчан).
Прэм’ера цыкла “Вянок” адбылася ў Нью-Йорку 31 кастрычніка 1991 г. у Бібліятэцы Аб’яднаных нацый. Пасля вяртання ансамбля “Песняры” са Злучаных Штатаў Амерыкі праграма была паказана 9 снежня 1991 г., у дзень 100-гадовага юбилею М. Багдановича, на сцэне Белдзяржфілармоніі. Больш ніколі цалкам “Вянок” не выконваўся. Нотны матэрыял праграмы не захаваўся. З цягам часу вядомасць набылі толькі дзве песні з гэтага выдатнага цыкла – “Слуцкія ткачыхі” і “Лявоніха”. Вялікай папулярнасцю ў Беларусі таксама карыстаюцца яшчэ дзве песні на словы М. Багдановіча: “Вераніка” І. Лучанка і “Зорка Венера” С. Рак-Міхайлоўскага. Яны сталі класікай песеннай эстрады задоўга да з’яўлення “Вянка”. Менавіта таму У.Г. Мулявін уключыў іх у гэту праграму.
У прыватнай калекцыі прыхільніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Пазняка (г. Масква) вызначыўся ўнікальны аўдыязапіс з прагону праграмы “Вянок” у рэпетыцыйным памяшканні ансамбля ў Белдзяржфілармоніі, зроблены ў жніўні 1991 г. На сённяшні дзень гэты запіс з’яўляецца адзінай дакладнай крыніцай, якая дае прадстаўленне аб праграме “Вянок” ў яе поўным аб’ёме. На падставе гэтай стужкі, якая ў лічбаваным выглядзе прадстаўлена Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру Беларусі імя І. Жыновіча, аранжыроўшчык аркестра – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко – стварае аранжыроўкі ўсіх 15 песень цыкла “Вянок”. Упершыню пасля адзінага выканання ў снежні 1991 г. праграма “Вянок” будзе паказана ў Мінску цалкам – так, як яе задумаў аўтар, У.Г. Мулявін, – 10 снежня 2017 года.
Прэм’ера праграмы адбылася 9 верасня 2017 г. на плошчы ля Мінскай ратушы і была прымеркавана да святкавання 950-годдзя беларускай сталіцы.
Паралельна з падрыхтоўкай да выканання праграмы “Вянок” вядзецца праца па выданню кампакт-дыска з запісам цыкла ў выкананні ансамбля “Песняры”. Мастэрынг дыска зроблены музыкантам “Песняроў” Мікалаем Няронскім, а шматстаронкавы буклет падрыхтавалі прыхільнікі ансамбля “Песняры” з Расіі: масквічы Яўген Саламацін і Уладзімір Пазняк, а таксама заснавальнік сайта “Віртуальны музей ансамбля “Песняры” (http://www.vma-pesnyary.com ) Дзмітрый Цярохін з Ніжняга Ноўгарада. Выпуск дыска мае адбыцца ў кастрычніку 2017 г. Выданне ажыццяўляе мінская фірма “Каўчэг”.
У цыкле песень “Вянок” наступныя кампазіцыі:
1. “Ой, чаму я стаў паэтам”
2. “Краю мой родны”
3. “Максiм i Магдалена”
4. “Вянок”
5. “На чужыне”
6. “Эмiграцкая песня”
7. “Па ляду, у глухім бары”
8. “Слуцкія ткачыхі”
9. “Па-над белым пухам вiшняў”
10. “Вераніка”
11. “Прывет табе, жыццё на волі”
12. “У Максіма на кашулі вышыты галубкі”
13. “Зорка Венера”
14. “Лявонiха”
15. “Пагоня”
Да ўдзела ў прэм’еры праграмы запрошаны:
Вядомы рок-выканаўца, у мінулым – саліст гуртоў “Лявоны” і “Песняры” п/к Леаніда Барткевіча ЯН ЖАНЧАК
Салісты групы “Спадчына” Вячаслаў Ісачанка, Андрэй Шчыткавец і Сяргей Шкурдзэ
Саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Коласаў.
Вакальная група “Дыямант” у складзе Наталлі Шэсцярэнь, Таццяны Лаўрэнцьевай і Уладзіслава Даніловіча
Канцэрт ладзіцца на вытворчай базе Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.
Дырыжор – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко
 
Да дня нараджэння Максіма Багдановіча: прэм'ера цыкла песень У.Мулявіна "Вянок"