“Студзеньскую афішу Белдзяржфілармоніі немагчыма ўявіць без традыцыйнага канцэрта-прынашэння Уладзіміру Мулявіну. 12 студзеня 2020 года легендарнаму музыканту, заснавальніку самага папулярнага і любімага ў СССР ВІА «Песняры» споўнілася б 79 гадоў. І вось ужо 16 гадоў, як яго няма з намі. Увесь гэты час ў дзень нараджэння выдатнага артыста на сцэне філармоніі ладзіцца канцэрт, прысвечаны яго памяці. Не стане выключэннем і 12 студзеня 2020 года. У гэты дзень прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Мулявіна збярэ Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Дзякуючы гэтаму выдатнаму калектыву музыка «Песняроў» набыла новае жыццё на канцэртнай эстрадзе. У рэпертуары аркестра імя І.Жыновіча — дзясяткі песенных партытур з творчай спадчыны «Песняроў» і некалькі ўнікальных праграм ансамбля, вярнутых слухачам пасля доўгіх гадоў поўнага забыцця. Адна з такіх праграм, «Вянок», была створана Уладзімірам Мулявіным і аранжыроўшчыкам «Песняроў» Алегам Молчанам у 1991 годзе і прысвячалася 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Усяго аднойчы «Песняры» выканалі яе ў Белдзяржфілармоніі ў дзень юбілею паэта 9 снежня 1991 года. У памяць аб гэтай падзеі застаўся адзіны недасканалы аўдыёзапіс з репетыцыйнага прагону праграмы. Дзякуючы гэтаму запісу, які захаваўся не інакш, як цудам, аранжыроўшчык і дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко поўнасцю аднавіў музычны матэрыял песеннага цыкла «Вянок». На канцэрце ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна 12 студзеня 2020 года «Вянок» зноў прагучыць у сваім першапачатковым выглядзе. Песні «Ой, чаму я стаў паэтам», «Максім і Магдалена», «Вянок», «Лявоніха», «Слуцкія ткачыхі», «Па-над белым пухам вішняў», «Вераніка», «Зорка Венера», «Пагоня» і шмат іншых мелодый з цыкла «Вянок» праспяваюць Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка і Андрэй Коласаў. Выкананне «Вянка» адбудзецца ў 2-м аддзяленні. А ў 1-м прагучаць самыя вядомыя і любімыя песняроўскія хіты, сярод якіх «Александрына», «Алеся», «Зачарованая», «Рушнікі», «Мой родны кут», «Крык птушкі», «За полчаса до весны», «Чырвоная ружа». Слухачоў чакае незабыўны вечар!
Дырыжор і аўтар усіх аранжыровак праекта – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, вядучая – Вольга Брылон”.
Інфармацыя пададзена рэдактарскім аддзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча