«ЛЕЎ АБЕЛІЁВІЧ. 111»
Глыбокая духоўнасць і эмацыйная ўзнёсласць, тонкая лірыка і вострая трагедыйнасць, меладычная выразнасць і сучасная рытміка характарызуюць музыку Льва Абеліёвіча.
Творчасць кампазітара стала яркай з'явай беларускай музычнай культуры, яго сачыненні ўваходзяць у рэпертуар вядучых выканаўцаў і калектываў нашай краіны.
Найбольш папулярным творам Льва Абеліёвіча стала Арыя для скрыпкі і камернага аркестра, аднак акрамя гэтага шэдэўра ёсць вялікая колькасць цудоўнай музыкі вартай лепшых канцэртных пляцовак.
Нягледзячы на славу сімфаніста, Леў Абеліёвіч быў па сваёй сутнасці камерным кампазітарам, пра што сведчыць канцэртна-інструментальная трактоўка і паступовая камернізацыя яго буйных аркестравых твораў. Менавіта ў камернай інструментальнай і вакальнай музыцы сфарміраваліся характэрныя асаблівасці стылю Абеліёвіча.
Шматпланавасць вобразаў і цесная сувязь з фальклорнымі вытокамі адразу прыцягнулі ўвагу музычнай супольнасці, і ўжо першыя інструментальныя і вакальныя опусы набылі высокую адзнаку калег.
У канцэрце 9 снежня прагучаць самыя яркія старонкі фартэпіяннай і камерна-інструментальнай спадчыны Льва Абеліёвіча ў выкананні Івана Фінскага (фартэпіяна), Таццяны Кім (фартэпіяна), Дзмітрыя Ярацэвіча (кларнет), Марыі Пішчык (скрыпка) і струннага квартэта.
Рамансы і харавыя мініяцюры на вершы Максіма Багдановіча, Максіма Танка і Якуба Коласа прадставіць Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь і салісты калектыву.
Мастацкі кіраўнік і дырыжор – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава.