“Сузор’е талентаў”. Так называецца канцэрт, які адбудзецца 19 лістапада 2017 года на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У гэты вечар сваё віртуознае майстэрства прадэманструюць публіцы салісты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча — старэйшага калектыву, які на працягу шмат гадоў рупліва збірае пад сваім крылом самых яркіх і таленавітых выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класу народнага выканальніцтва, лаўрэатаў разнастайных міжнародных конкурсаў.
У аркестры імя І.Жыновіча шмат яскравых саліруючых музыкантаў, сапраўдных зорак сучаснага музычнага выканальніцтва. Гэта цымбалісты Юлія Высоцкая, Марта Галубко, Алена Касціцына, Галіна Лазовік і Аксана Хахол, баяніст Дзяніс Чорны, ударнік Сяргей Шаптуноў, артысты духавой групы Аляксандр Запатылак (кларнет) і Ігар Кіклевіч (флейта). Усе яны прымуць удзел у вялікім гала-канцэрце 19 лістапада. Свята народнай музыкі ўпрыгожыць таксама выступленне фальклорнай групы аркестра на чале з непераўзыдзеным майстрам выканання на беларускіх народных драўляных духавых інструментах, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Крамко.
Бліскучы феерверк віртуозных мелодый, чаргаванне разнастайных музычных нумароў, якія, як у калейдаскопе, змяняюць свае фарбы і ўзоры, магутнасць і хараство аркестравага гучання і, нарэшце, уразлівая сустрэча з музыкантамі, чыі імёны складаюць летапіс нацыянальнай беларускай школы ігры на народных музычных інструментах — усё гэта забяспечыць публіцы яркія, непадробныя эмоцыі.
Дырыжыраваць аркестрам будзе сапраўдны ўладар і чараўнік, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесар Міхаіл Казінец — знакаміты маэстра, які ўзначальвае калектыў вось ужо больш як 45 гадоў.