Да Года гістарычнай памяці
“ВЕЧНЫ РУХ. СА СКАРБОНКІ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ ХАРЭАГРАФІІ”
заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі
Мастацкі кіраўнік – народны артыст Беларусі
Валянцін Дудкевіч
***
У год гістарычнай памяці старэйшы прафесійны калектыў народнага танца краіны – Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі – чакае сваіх гледачоў на вялікім сольным канцэрце з праграмай “Вечны рух. Са скарбонкі беларускай народнай харэаграфіі”.
26 мая 2022 года на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі артысты ансамбля звярнуцца да лепшых твораў свайго гістарычнага і фальклорнага рэпертуару. З крыніц гісторыі на гледачоў зірнуць этнічныя “Крывічы” і волаты – “Люцічы”, паганская “Весначуха” і рытмічная “Дайнова”, пранікнёны “Паланэз”, лепшыя ўзоры беларускай народнай харэаграфіі прадставяць “Вясковыя гульні”, “Бульба”, жартоўныя “Кадрылі на зэдліках”, артыстычная “Вечарына” і летуценныя “Арэлі”. Сёлета споўніцца 100 гадоў з дня ўтварэння СССР. Ансамбль адзначыць гэтую падзею прэм’ерай харэаграфічнай сюіты “Танцы народаў СНД”.
Музычная палітра канцэрта прагучыць класічнай “Баханіянай”, лірычным вакальна-інструментальным трыа “Ой, рана на Івана”, жартоўнай “Пінскай флатыліяй” і беларускай полькай “Фенька”.
Як і заўсёды, канцэртная праграма Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі будзе лірычнай і эпічнай, вясёлай і сумнай, нагадае гераічную гісторыю краіны і яе непаўторны нацыянальны каларыт.
Канцэрт адбудзецца 26 мая 2022 года ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі. Пачатак а 19 гадзіне.