“ВІБРАЦЫІ ЧАСУ”
Да 85-годдзя калектыву
заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы
Галоўны дырыжор – Вольга Янум
Кірыл Жаровін (барытон; Расія)
Вядоўца – Вольга Брылон
***
Сёлета адзін з найстарых харавых калектываў нашый краіны – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы – святкуе 85-годдзе з дня заснавання. Да гэткай знамянальнай даты ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі 20 лютага будзе прэзентавана новая манументальная праграма “Вібрацыі часу”.
Першае аддзяленне юбілейнага вечара сугучна агульнай канцэпцыі і назве праграмы – разважанню пра філасофскія вечныя пытанні быцця, сэнс жыцця. Яго саставяць творы, з’яднаныя духоўнай тэматыкай. І адкрые канцэрт Рэчытатыў і харал на словы А. дэ Сэнт-Экзюперы – невялікае, але моцнае па эмацыйным уплыве сачыненне В.Кузняцова. Вядомыя радкі “Са смерцю кожнага чалавека памірае невядомы свет”, якія скарыстаў кампазітар, – гэта своеасаблівы эпіграф да канцэрта.
Таксама прагучаць пранізаныя духоўнымі і сакральнымі сэнсамі мініяцюра “Святы” для саліруючай віяланчэлі і хору Дж.Тавенера, фрагменты Сімфоніі №1 для змяшанага хору “Меса” А.Хадоскі і Паэторыі “Таямніцы быцця. Праўды ад Амара Хаяма” А.Атрашкевіч. Характэрна, што менавіта Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы стала першым выканаўцам гэтых маштабных твораў нашых кампазітараў-сучаснікаў.
Шэдэўры рускай духоўнай музыкі будуць пададзены фрагментамі літургіі “Захаваны анёл” па М.Ляскову Р.Шчадрына, а таксама кампазіцыямі Г.Свірыдава “Зору б’юць…” з Канцэрта для хору “Пушкінскі вянок” і “Ікона” з цыкла “Песні ліхалецця” на сл. А.Блока, якія выканае запрошаны госць, бліскучы беларускі барытон, цяпер саліст тэатра “Санкт-Петербургъ Опера” Кірыл Жаровін.
Спецыяльна да юбілейнага канцэрта калектыў рыхтуе прэм’еры новых твораў А.Атрашкевіч (“У мігаценні лампад” на сл. Л.Войнавай) і маладога кампазітара К.Сянкевіч (“Да продкаў” для салістаў, хору, ханга і ўдарных).
Кульмінацыяй першага аддзялення стане беларуская прэм’ера грандыёзнага опуса А.Янчанкі – “Псалом-150” для аргана, дзвюх труб, трох трамбонаў, падвойнага хору і салістаў. Гэтае сачыненне, створанае амаль 30 гадоў назад, у 1996 годзе, аніразу не выконвалася ў Мінску.
Другое аддзяленне ўрачыстага вечара будзе прысвечана беларускай народнай песні – як у традыцыйных харавых апрацоўках, зробленых сучаснікамі Р.Р.Шырмы, гэтак і ў арыгінальных інтэрпрэтацыях.
Завяршэннем канцэрта стане народная сюіта з элементамі харэаграфіі “Мой родны кут”, якую Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы прэзентавала мінулай восенню ў расійскім Новасібірску на фестывалі “Царыца Песня”.
“Юбілейны канцэрт павінен атрымацца вельмі яркім, незвычайным і незабыўным. Запрашаем нашых слухачоў і прыхільнікаў пагрузіцца ва ўзрушальны свет гукавых вібрацый сучаснага харавога мастацтва”, – адзначае галоўны дырыжор калектыву Вольга Янум.