Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Адкрыццё 84-га канцэртнага сезона

 

 

Беларуская дзяржаўная філармонія адкрывае сезон 15 верасня канцэртам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Пад кіраваннем галоўнага дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава будзе выканана Сімфонія №5 Густава Малера, якая па праве лічыцца адной з вяршынь еўрапейскага сімфанізму. Сучасная беларуская класіка будзе прадстаўлена араторыяй “Паэт” Дзмітрыя Смольскага на вершы Янкі Купалы. Для выканання гэтага твора запрошаны Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, у якасці салістаў выступяць народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў (барытон), Юрый Балацько (тэнар), Дзмітрый Капілаў (бас).

Канцэртны сезон 2021–2022 сімфанічнага аркестра будзе адзначаны супрацоўніцтвам з яркімі прадстаўнікамі беларускага выканальніцкага мастацтва – Андрэем Івановым (11 лістапада, Варыяцыі на тэму Паганіні для фартэпіяна з аркестрам С.Рахманінава), Юліяй Стэфановіч і Раманам Фірставым (15 снежня, Канцэрт для скрыпкі і габоя І.С.Баха), Уладзімірам Дулавым (21 студзеня, Канцэрт №1 для фартэпіяна з аркестрам І.Брамса), Аляксеем Дулавым (19 мая, Канцэрт для скрыпкі з аркестрам К.Сен-Санса) і інш. Увесну маэстра Анісімаў парадуе публіку чарговай канцэртнай пастаноўкай оперы – Багемы Дж.Пучыні (21 сакавіка). Таксама ў канцэртных праграмах калектыву прагучаць аркестравыя творы Ф.Мендэльсона, Р.Шумана, Р.Вагнера, І.Стравінскага, Б.Бартака, З.Кодаі і інш.

Першы канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага аркестра пад кіраваннем заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова адбудзецца 16 верасня. Адмыслова да адкрыцця сезона галоўны дырыжор заказаў беларускаму кампазітару Валерыю Воранаву (у рамках праекта “composer-in-residence”) новае сачыненне – музычна-драматычную містэрыю “Сёстры з Раю” для голасу, камернага аркестра, фартэпіяна, аргана, ударных і электрагітары. У праграму канцэрта таксама ўключана адна з перлін сусветнай музычнай культуры – кантата Stabat Mater Дж.Пергалезі.

Канцэрт аркестра 12 кастрычніка адзначаны ўдзелам бліскучай маладой піяністкі, якая атрымала гран-пры на Міжнародным конкурсе піяністаў у Ліёне (Францыя, 2021), Марыям Шэрлінг (сола ў Першым канцэрце для фартэпіяна з аркестрам Ф.Шапэна). У праграме таксама прагучаць Канцэртшцюк К.М.Вэбера і п’есы для струннага аркестра Д.Шастаковіча (да 115-годдзя кампазітара).

Яшчэ адзін міжнародны праект калектыву – гала-канцэрт, прысвечаны тэме “Капрысу №24” Н.Паганіні (26 кастрычніка). Рэтраспектыва твораў кампазітараў розных эпох на знакамітую тэму Паганіні (Л.Аўэр, К.Шыманоўскі, С.Рахманінаў, В.Лютаслаўскі, Э.Ізаі) будзе пададзена салістамі Фларыянай Франкінай (флейта, фартэпіяна, Італія), Святланай Смолінай (фартэпіяна, ЗША), Анастасіяй Карызнай (скрыпка), Марынай Рамейка (фартэпіяна), Паўлам Бацяном (скрыпка), Паўлам Кухтам (гітара).

18 лістапада ў беларускай публікі з’явіцца ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з праграмай, якую Дзяржаўны камерны аркестр па хуткім часе прэзентуе ў зале Варшаўскай філармоніі ў рамках Міжнароднага фестывалю “Euphonie”. Прагучаць творы С.Манюшкі (уверцюра да оперы “Графіня”), П.Васкса (Канцэрт №2 для віяланчэлі з аркестрам, салістка – Анастасія Кабекіна), а таксама містэрыя “Кросны Макошы” (салістка – Эвяліна Шчадрына).

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы запрашае на свой канцэрт 31 кастрычніка. “Галасы свету” – гэта музычнае падарожжа, пра якое галоўны дырыжор Вольга Янум кажа: “Кожная кампазіцыя, працятая нацыянальным каларытам пададзенай краіны, утрымвае ў сабе фундаментальныя рэчы, што аб’ядноўваюць усё чалавецтва: імкненне да кахання, Бога, святла, надзеі, радасці, вечнасці”. У праграме – харавыя творы і аранжыроўкі Э.Вітакра, Э.Эшэнвальдса, А.Пярта, Д.Смірнова, Ю.Фаліка, Л.Сімаковіч, афрыканскія і лаціна-амерыканскія песні, спірычуалс.

14 лістапада адбудзецца канцэрт, прысвечаны 100-годдзю народнага артыста СССР і БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Віктара Уладзіміравіча Роўды. У вечары памяці вялікага майстра возьмуць удзел, апроч капэлы, 14 харавых калектываў. Праект рыхтуецца пры спрыянні Кіравання культуры Мінгарвыканкама і ДУ “Мінскканцэрт”.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор у сезоне 2021–2022 рыхтуе новыя праграмы камернай музыкі, у якіх прагучыць як акапэльная харавая музыка (Юбілейны канцэрт беларускага кампазітара Сяргея Бугасава), гэтак і праграмы ў суправаджэнні аргана (канцэртная зала “Верхні горад”, касцёл св. Роха); канцэрты барочнай музыкі ў суправаджэнні клавесіна, флейты, фартэпіяна і віяланчэлі (“Зімовае барока-2, Вясновае барока). Працягнецца цыкл канцэртаў Гравітацыі насуперак”, у якіх з поспехам выступаюць салісты хору, гучыць ансамблевая музыка. Да навагодняга свята калектыў рыхтуе праграму, у якой будуць выкананы спірычуалс і папулярныя навагоднія мелодыі розных краін свету. Працягнуць традыцыі жартоўны красавіцкі канцэрт і канцэрт да вясновага свята 8 сакавіка, у якіх разам з класікай будуць прадстаўлены папулярныя песні з кінастужак і джазавая музыка. У маі плануецца праграма да Дня Перамогі.

Яшчэ адзін беларускі кампазітар, Сяргей Бельцюкоў, адзначыць свой юбілей у гэтым сезоне. Камерная інструментальная і вакальная музыка кампазітара будзе гучаць у Малой зале філармоніі на канцэрце, прымеркаваным да яго 70-годдзя (27 лістапада).

Канцэртны сезон Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча пад кіраваннем народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца будзе адзначаны вялікай колькасцю святочных дат. 27 кастрычніка адкрые чараду юбілейных імпрэз канцэрт “Гэты свет прыдуманы не намі”, прымеркаваны да 95-годдзя ўслаўленага кампазітара савецкага кіно, народнага артыста Расіі Аляксандра Зацэпіна. У выкананні аркестра і яго салістаў Наталлі Брацлоўскай, Ігара Задарожнага, Андрэя Коласава, Анастасіі Рачыцкай, а таксама госця канцэрта, салісткі Моладзевага тэатра эстрады Вольгі Калеснікавай прагучаць песні са знакамітых савецкіх фільмаў, рэпертуару Алы Пугачовай і інш.

Працягне шэраг юбілейных канцэртаў праграма да 130-годдзя класіка беларускай літаратуры М.Багдановіча (11 снежня), у якой у выкананні салістаў калектыву прагучаць папулярныя ў Беларусі песні Уладзіміра Мулявіна, Ігара Паліводы і Ігара Лучанка на вершы выбітнага паэта.

17 снежня аркестр будзе віншаваць з 60-годдзем свайго музыканта – заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дырыжора, аранжоўніка, мультыінструменталіста і кампазітара Аляксандра Крамко. У гэты вечар прагучаць лепшыя нумары з розных канцэртных праграм, у якіх Аляксандр Крамко выступаў ува ўсіх сваіх іпастасях. Маэстра Крамко павіншуюць салісты-інструменталісты Марта Галубко і Аксана Хахол (цымбалы), Аляксандр Рыцікаў (народныя духавыя), а таксама вакалісты аркестра.

12 студзеня Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча зноў збярэ ў Белдзяржфілармоніі прыхільнікаў Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры”. У традыцыйным Канцэрце ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна у суправаджэнні аркестра будзе спяваць папулярны беларускі выканаўца Пётр Ялфімаў, а таксама прагучыць нямала новых твораў, якія не выконваліся ў папярэдніх праграмах папулярнага штогадовага праекта.

17 лістапада вялікім гала-канцэртам з запрашэннем зорак беларускай эстрады аркестр падтрымае сваю калегу, музыказнаўцу Вольгу Брылон, якая напісала кнігу Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент. Гісторыя эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 1930–1980-я гады, у фокусе якой – рэтраспектыва развіцця філарманічнага эстраднага аддзела. У канцэрце-прэзентацыі кнігі ў суправаджэнні аркестра пад кіраваннем Аляксандра Крамко выступяць услаўленыя беларускія артысты, якія сталі яе героямі: заснавальнік ВІА “Сябры” народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, легенда ВІА “Верасы” народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, Леанід Кошалеў і Люцына Шамяткова, сузаснавальнік ВІА “Песняры” Уладзіміра Мулявіна, заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч, артыст беларускай эстрады Віктар Сінайскі, паэт-спявак Алег Жукаў, музыканты легендарнага рок-гурта “Сузор’ё” Андрэй Казлоўскі, Андрэй Філатаў і Павел Харэвіч, а таксама ВІА “Чараўніцы” і салісты-вакалісты аркестра.

У рамках шматгадовага цыкла музыказнаўцы Вольгі Савіцкай “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва” аматараў і знатакоў арганнай музыкі чакаюць сустрэчы з выбітнымі айчыннымі і замежнымі выканаўцамі, новыя канцэртныя праграмы і, вядома, велічнае гучанне самага вялікага аргана Беларусі. Адкрые цыкл 19 кастрычніка адна з лепшых прадстаўніц расійскай арганнай школы, салістка Маскоўскай філармоніі, тытулярная арганістка Маскоўскага міжнароднага Дома музыкі, заслужаная артыстка Расіі Людміла Голуб. Канцэрт маладога арганіста з Санкт-Пецярбурга Ягора Колесава, выканальніцкая манера якога адрозніваецца арыгінальным перапляценнем традыцый расійскай, галандскай і французскай школ, несумнеўна будзе цікавы самай шырокай публіцы. Сярод удзельнікаў цыкла таксама заяўлены добра вядомыя ў Беларусі еўрапейскія арганісты – Іаганэс Геферт (Германія) і Марэк Стэфаньскі (Польшча).

 

Па добрай традыцыі канцэртнае жыццё сталіцы ўпрыгожыць цыкл “Джазавыя вечары ў філармоніі”: новаарлеанскі джаз прадставяць музыканты з ЗША Грэгары Бойд і яго квартэт 24 верасня; напярэдадні Каляд, 22 снежня, на сцэне філармоніі выступіць квінтэт Дзмітрыя Наскова (Расія–ЗША).

У новым канцэртным сезоне “Музычная гасціная” пад кіраўніцтвам Таццяны Старчанка, нароўні са сталымі ўжо традыцыйнымі праграмамі “Таццянаў дзень у Музычнай гасцінай”, “Музыканты жартуюць”, “Не толькі танга”, прэзентуе шэраг новых праграм. Сезон у “Музычнай гасцінай” адкрыецца канцэртам, прымеркаваным да 90-годдзя з дня нараджэння Мікаэла Тарывердыева (23 верасня). Нароўні з ужо знаёмай шырокаму слухачу музыкай кампазітара, упершыню ў Мінску прагучыць музычная казка Кароль-Алень (канцэртная версія) у выкананні салістаў Вялікага тэатра Беларусі, Дзяржаўнага камернага хору і інструментальнага ансамбля пад кіраваннем Юрыя Караваева.

19 лістапада ў Малой зале філармоніі адбудзецца канцэрт з камерна-інструментальных твораў Майкла Наймана (упершыню ў Мінску прагучаць трыа і квінтэты кампазітара); у штогадовым канцэрце Навагоднія сюрпрызы ў Музычнай гасцінай (21 снежня) будуць выкананы Брандэрбургскія канцэрты І.С.Баха, а таксама адбудзецца прэм’ера інструментальнай п’есы М.Наймана “Memorial”; камерная інструментальная і вакальная музыка вядомага расійскага кампазітара Леаніда Дзясятнікава будзе прадстаўлена напачатку сакавіка.

Вытанчаныя рарытэты скарбніцы сусветнага музычнага мастацтва прэзентуюць публіцы Камерныя салісты Мінска пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава. На люты запланавана прэм’ера аднаактнай “легенды ў чатырох карцінах” для 6 спевакоў і 13 музыкантаў Імператар Атлантыды Віктара Ульмана. Твор пра несмяротнасць, напісаны ў 1943 г. у нацысцкім лагеры смерці, з’яўляецца бязлітасным выкрывальным дакументам сваёй страшнай эпохі, рэдкім прыкладам чалавечай мужнасці, а таксама, апроч усяго іншага яшчэ і проста вельмі добрай операй. Характарызуючы свой другі праект, Пакуты па Матфею І.С.Баха, дырыжор Дзмітрый Зубаў адзначае: “Трынаццаць гадоў назад гэтае сачыненне ўпершыню прагучала ў Беларусі цалкам, без якіх-небудзь купюр. За мінулы з той пары час вырасла цэлае пакаленне маладых музыкантаў, якія ніколі не чулі гэты шэдэўр “жыўцом”. І вось хутка – гэтак жа, як і 2008 году, у дзень нараджэння Баха (пад канец сакавіка) – “Пакуты” будуць ізноў выкананы на сцэне Вялікай канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі”.

Фальклорныя праекты ў гэтым сезоне рыхтуюць калектывы Купалінка, Свята, Харошкі. Таксама новыя канцэртныя праграмы прадставяць салісты Белдзяржфілармоніі: піяністы – народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, Валерый Баравікоў і Наталля Котава, Арцём Шаплыка, Алена Навуменка, а таксама флейтыстка Даря Елісеева; калектывы – Мінскі струнны квартэт, вакальны ансамбль «Камерата», тэатр аднаго акцёра Зніч, ансамбль салістаў Класік-Авангард, Ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, Філармонія для дзяцей і юнацтва.

Яркай падзеяй восені стане канцэрт, задуманы салістам Белдзяржфілармоніі, адным з самых яркіх гітарыстаў сучаснасці, Паўлам Кухтам. Аб’яднаўшы лепшыя філарманічныя сілы, артыст як заўсёды парадуе публіку прэм’ерамі – Санаты для гітары і клавесіна Н.Кошкіна (супольна з Марынай Рамейка), “Анёл-сюіты” на тэмы А.П’яцолы Д.Барадаева (супольна з Мінскім струнным квартэтам пры ўдзеле кантрабасіста Данііла Радыёнава). Вечар пад назвай Чароўныя фарбы восені” адбудзецца 30 кастрычніка ў Вялікай зале філармоніі.

Беларуская дзяржаўная філармонія ў новым сезоне зноў выступіць арганізатарам і галоўнай пляцоўкай двух фэстываляў: у 47 раз адбудзецца Беларуская музычная восень (лістапад), у 37 – Мінская вясна – 2022 (красавік).

Выдатнай падзеяй, пасля сямігадовага перапынку, стане Міжнародны конкурс піяністаў Мінск–2021 (1–10 снежня 2021 года). Прэстыжны музычны форум з чвэрцьстагоддзевай гісторыяй збярэ лепшых маладых выканаўцаў. Конкурс будзе праходзіць на дзвюх канцэртных пляцоўках: I і II туры – у зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі; канцэрт-адкрыццё, III тур (у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем Аляксандра Анісімава), а таксама канцэрт-закрыццё – у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Да 90-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вядучай установы вышэйшай адукацыі ў галіне музычнага мастацтва, Беларуская дзяржаўная філармонія запланавала серыю супольных канцэртаў.

Гэты сезон абяцае быць яркім, насычаным і запамінальным!