ГАЙДУКОЎ ДЗМІТРЫЙ ВАЛЕР'ЕВІЧ
артыст-вакаліст (саліст) Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі (барытон)
Дзмітрый Гайдукоў – уладальнік басу-барытону прыгожага густога тэмбру. Арыгінальная вакальная тэхніка артыста, глыбокае пранікненне ў вобразны свет музычных твораў, драматычная напоўненасць выканання, артыстызм і абаянне пакарылі прыхільнікаў вакальнай творчасці.
Скончыў вакальнае аддзяленне Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава па спецыяльнасці «мастацтва эстрады» ў 2005 годзе (клас педагога Г.В.Ваяводзінай). У час навучання паспяхова выступаў у розных канцэртных мерапрыемствах.
У рэпертуары артыста прадстаўлены оперныя партыі, арыі і ансамблі з папулярных опер і класічных аперэт, рамансы, народныя песні, царкоўныя спевы.
Дзмітрый Гайдукоў – лаўрэат III ступені II гарадскога конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Белая Русь» (Рэспубліка Беларусь, Мінск, 1997), дыпламант Міжнароднага фестывалю мастацтваў у Прыднястроўі «МЭРЦИШОР-2001» (Рэспубліка Малдова, Ціраспаль), удзельнік I Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу маладзёжнага эстраднага мастацтва (Рэспубліка Беларусь, Мінск, 2003), лаўрэат прэміі «Гран-пры» XII тэлевізійнага фестывалю армейскай песні «Зорка» ў намінацыі «Выканаўцы песень прафесійных аўтараў» (Рэспубліка Беларусь, Мінск, 2009), удзельнік Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі «Хайнувка» (Польшча, Беласток, 2009).
Працаваў салістам ансамбля песні і танца Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у «Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь». У 2009 годзе ўзнагароджаны Граматай за стараннасць і разумную ініцыятыву, высокае прафесійнае майстэрства, а таксама Падзякай за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Таксама працаваў у якасці артыста-саліста ў «Engels Konzertburo GmbH» (Федэратыўная Рэспубліка Германія, Кёльн).
З 2016 года Дзмітрый Гайдукоў працуе на пасадзе артыста-вакаліста (саліста) Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі. З нязменным поспехам выступае ў складзе розных творчых гуртоў калектыву. Выконвае сольныя вакальныя партыі і выступае ў дуэце з салістамі Філармоніі для дзяцей і юнацтва ў музычна-адукацыйных праграмах, музычных казках для дзяцей, а таксама ў Навагодніх музычных паказах для дзяцей, якія штогод праводзяцца ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Прымае актыўны ўдзел у канцэртных праграмах, музычна-паэтычных спектаклях, вечарах вакальнай музыкі ў залах Белдзяржфілармоніі і іншых канцэртных пляцоўках. З вялікім поспехам выступае ў розных святочных канцэртах, прысвечаных памятным датам і прафесійным святам работнікаў розных сфер дзейнасці.
Пастаянны творчы пошук, мэтанакіраванасць, высокі прафесійны ўзровень дае магчымасць салісту ствараць новыя, яркія канцэртныя праграмы. У 2017 г. на сцэне Малой залы імя Р.Шырмы Дзмітрый Гайдукоў прадставіў свой першы аўтарскі праект «Святло далёкай зоркі» – канцэрт-прысвячэнне да 75-годдзя Народнага артыста СССР Мусліма Магамаева, які атрымаў высокую ацэнку ў аўдыторыі гледачоў. Дзмітрый Гайдукоў бліскуча выканаў песні і арыі з рэпертуару Мусліма Магамаева, прафесійна выступіў у дуэце з салістамі Філармоніі для дзяцей і юнацтва.
Дзмітрый Гайдукоў вядзе актыўную гастрольную дзейнасць.