Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча – найстары музычны калектыў Беларусі. Ён быў створаны ў 1930 годзе. У вытокаў арганізацыі і творчай дзейнасці аркестра стаялі выбітныя музыканты Дзмітрый Андрэевіч Захар і Іосіф Іосіфавіч Жыновіч.
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча заклаў падмурак развіцця прафесійнага музычнага выканальніцтва на народных інструментах у нашай краіне. Яго гісторыя непарыўна злучана з адраджэннем беларускіх цымбалаў, якія па праве клічуць інструментальным голасам Беларусі. У рэпертуары аркестра больш за дзве тысячы твораў. Гэта апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, руская і замежная класіка, музыка сучасных кампазітараў, папулярная музыка. З аркестрам выступалі знакамітыя спевакі – народныя артысты СССР А.Эйзен, А.Вядзернікаў, Б.Мінжылкіеў, А.Салаўяненка, В.Нарэйка, Т.Ніжнікава, З.Бабій, Б.Штоколаў, С.Данілюк, І.Багачова, В.П’яўко, А.Салаўяненка, З.Саткілава, І.Кабзон і іншыя зоркі опернага і эстраднага мастацтва.
У 1975–2021 гг. аркестр узначальваў выбітны музыкант і дырыжор, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесар, кавалер ордэнаў Сяброўства народаў і Ордэны Францыска Скарыны, народны артыст Беларусі Міхаіл Антонавіч Казінец (1938–2021).
З 2023 г. галоўным дырыжорам аркестра з’яўляецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, кавалер Ордэна Пашаны Аляксандр Яўгенавіч Крамко.
Сярод яркіх праграм аркестра апошніх гадоў – аўтарскія канцэрты кампазітараў Ігара Лучанка, Эдуарда Ханка, Яўгена Глебава, Арно Бабаджаняна, Аляксандры Пахмутавай, Аляксандра Зацэпіна, канцэрт да 95-годдзя кінарэжысёра Эльдара Разанава, да 100-годдзя беларускага кіно, канцэртны праект «Паралелі творчасці» салістаў аркестра Ігара Задарожнага і Анастасіі Рачыцкай, у рамках якога гучыць класіка савецкай эстраднай песні з рэпертуару Мусліма Магамаева і Ганны Герман, Валерыя Абадзінскага і Валерыя Абадзінскага і Валянціны Талкуновай, Эдуарда Хіля і Людмілы Сенчынай. Сталая цікавасць публікі выклікае штогадовыя серыі канцэртаў “Музыка кіно” і “Шоу аркестраў” супольна з сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Адменная старонка ў дзейнасці Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча – захаванне і прапаганда творчай спадчыны легендарнага заснавальніка вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна. У рэпертуары аркестра – дзясяткі твораў з рэпертуару ансамбля “Песняры”. Аркестр аднавіў аўтарскія праграмы В.Г.Мулявіна буйных формаў, сярод якіх – рок-опера “Песня пра долю” і рок-паэма “Гусляр” па творах Я.Купалы, песенныя цыклы “Вянок” на вершы М.Багдановіча і “Праз усю вайну” на вершы паэтаў-франтавікоў. З 2009 года аркестр штогод праводзіць сталы традыцыйным “Канцэрт у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна”, які нязменна збірае аншлагавыя залы.
Не забывае аркестра і пра прапаганду інструментальнага выканальніцтва. Яркія сольныя выступленні артыстаў цымбальнага, баяннага, духавага і ўдарнага гуртоў нашага аркестра і запрошаных салістаў збіраюць гледачоў у праектах “Сузор’е талентаў” і “Віртуозы цымбалаў”. Аркестр радуе сваіх прыхільнікаў разнастайнымі арыгінальнымі праграмамі, што прэзентуюць розныя жанры інструментальнай, вакальнай і эстраднай музыкі.
Аркестр даў тысячы канцэртаў у Беларусі і за яе межамі: Масква, Санкт-Пецярбург, Карэлія, Далёкі Усход, Сібір, Урал, Сярэдняя Азія, рэспублікі Прыбалтыкі, Украіна, Казахстан. З поспехам праходзілі гастролі і ў далёкім замежжы – Канадзе, Турцыі, Індыі, Германіі, Румыніі, Кітаі, Польшчы.
У сённяшнім складзе аркестра – лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь, уладальнікі медаля Францыска Скарыны. За высокае выканальніцкае майстэрства калектыву прысвоена ганаровае званне “акадэмічны” (1987), пазней – званне “нацыянальны” (2003).
Гісторыі аркестра прысвечана манаграфія Вольгі Брылон “Аркестр тваёй краіны”, выдадзеная ў 2025 г. да 95-годдзя калектыву.
Творчы і адміністрацыйны склад аркестра:
Дырэктар – Барыс Леанідавіч Ліўшыц
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яўгенавіч Крамко
Дырыжор – Аляксандр Іванавіч Высоцкі
Музыкавед – уладальнік медаля Францыска Скарыны Вольга Герцаўна Брылон
Салісты: уладальнік медаля Францыска Скарыны Ігар Задарожны, Анастасія Рачыцкая, Наталля Брацлоўская, Аляксандр Журовіч.
Афіцыйны сайт nafo.by
Факс: +375 17 331 90 50





















