Дзмітрый Цітоў – яркі прадстаўнік маладога пакалення беларускіх музыкантаў, чыё імя ўжо трывала асацыюецца з высокім выканальніцкім майстэрствам. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з 2017 года ён з’яўляецца салістам канцэртна-гастрольнага аддзела Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Віртуоз-дамрыст і мандалініст, Дзмітрый заваяваў прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Яго ігра скарае аўдыторыю рэдкім спалучэннем прыроднай музычнасці, глыбіні і непасрэднасці, а сур’ёзны падыход да прафесіі робіць кожнае выступленне яркай падзеяй.
Талент музыканта адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. За яго плячамі – перамогі і дыпломы найпрэстыжных конкурсаў, сярод якіх:
- I прэмія VI Міжнароднага конкурсу “Залатая лiра Палесся” (Гомель, 2018);
- I прэмія Х Расійскага конкурсу імя С.В.Рахманінава (Вялікі Ноўгарад, 2011);
- I прэмія XVII Міжнароднага конкурсу імя А.Л.Рэпнікава (Петразаводск, 2015);
- III прэмія VII Міжнароднага конкурсу імя В.В.Андрэева (Санкт-Пецярбург, 2012);
- II прэмія III Міжнароднага конкурсу імя З.Сайдашава (Казань, 2014);
- дыпламант I ступені I Усерасійскага адкрытага конкурсу імя А.Б.Шалава (Санкт-Пецярбург, 2015);
- дыпламант Міжнароднага конкурсу імя Я.Кувахары для мандаліны-сола (Швайнфурт, Германія, 2018).
Геаграфія гастроляў Дзмітрыя Цітова ахапляе Польшчу, Эстонію, Германію, Славенію, Італію і Чэхію. Ён супрацоўнічаў з такімі выбітнымі музыкантамі, як Рыкарда Сандавал (Венесуэла / Францыя), Маціяс Калет (Францыя), Каці Ласо (Калумбія), Вінсэнт Бір-Дэмандэр (Францыя), Сабіна Марзе-Валю (Францыя) і Наталля Корсак (Беларусь / Францыя). Прымаў актыўны ўдзел у запісы CD-дыскаў са сачыненнямі нямецкіх кампазітараў Герберта Баўмана і Эльке Тобер-Фогт.
Дзмітрый Цітоў – арганізатар творчага музычна-асветніцкага праекта “Folk Strings”, скіраванага на развіццё беларускага домрава-мандаліннага выканальніцтва З 1 верасня 2023 года Дзмітрый Цітоў з’яўляецца мастацкім кіраўніком мандалінна-гітарнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пад яго кіраўніцтвам калектыў вядзе актыўнае творчае жыццё, рэгулярна прэзентуючы сольныя праграмы ў Вялікай і Малой залах Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гэтыя канцэрты сталі значнай падзеяй музычнага жыцця сталіцы, адкрываючы слухачам усё багацце і выразнасць гучання мандаліны і гітары.










