Хорыа Міхаіл, чыя вытанчанасць ярка праяўляецца ў кожным яго канцэрце і выступленні на сцэне, з'яўляецца адным з самых вядомых румынскіх піяністаў свайго пакалення. У якасці саліста з аркестрамі і харамі радыё Румыніі музыкант дае шматлікія канцэрты ў Бухарэсце і выступае па ўсёй краіне. На чатырох кантынентах публіка, захопленая талентам Хорыа Міхаіла, апладыравала яму. Штогод піяніст бярэ ўдзел у нацыянальных канцэртных гастролях такіх праектаў, як «Фартэпіяна падарожнічае», «Дуэль скрыпак», «Тры дзівы», «Залатая флейта», «Скрыпка Джорджэ Энэску».
Хорыа Міхаіл пачаў сваю кар'еру ва ўзросце 10 гадоў у родным горадзе Брашове, выканаўшы фартэпіянны канцэрт Рэ мажор Ёзафа Гайдна. З той пары ён выступаў амаль з усімі румынскімі філарманічнымі аркестрамі, уключаючы філарманічны аркестр Джорджэ Энэску з Бухарэсту і аркестр Нацыянальнага радыё Румыніі. У ЗША ён быў салістам Бостанскага эстраднага аркестра, сімфанічнага аркестра г. Топіка, сімфанічнага аркестра Бостанскага ўніверсітэта і сімфанічнага аркестра ўніверсітэта штата Ілінойс. З 2002 года піяніст з'яўляецца салістам філарманічнага аркестра г. Брашова (Румынія).
Хорыа Міхаіл выконваў фартэпіянную і камерную музыку на канцэртах у 18 краінах на чатырох кантынентах. Ён выступаў на адной сцэне са многімі вядомымі музыкантамі, такімі як Раман Тотэнберг, Лоры Вальфіш, Роберт Мерфельд, Пітар Зазофскі, Андрас Дыяс і Натаніэль Розен. Яго канцэрты трансляваліся па тэлебачанні і радыё ў Румыніі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Даніі і ЗША. Дыскаграфія музыканта ўлучае шэраг запісаў супольна з аркестрам Нацыянальнага радыё Румыніі.
Хорыа Міхаіл займаецца выкладніцкай дзейнасцю, з'яўляючыся дацэнтам Універсітэта Трансільваніі г. Брашова (Румынія). Ён таксама працаваў у якасці запрошанага прафесара на міжнародным музычным фестывалі “Tanglewood”, арганізаваным Бостанскім сімфанічным аркестрам у супрацоўніцтве з Бостанскім універсітэтам.