Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Прадзед Вераніка (цымбалы)

Вераніка Прадзед нарадзілася ў Мінску. Скончыла Рэспубліканскі навучальны комплекс гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе цымбалаў прафесара, народнага артыста Беларусі Я.П.Гладкова (2009, дыплом з адзнакай) і аспірантуры названай акадэміі (2013, навуковы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А.В.Куракіна). Лаўрэат 9 міжнародных і 3 рэспубліканскіх конкурсаў. Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2010, 2012). Член Беларускага саюза музычных дзеячаў (2011). Кандыдат мастацтвазнаўства (2017, кандыдацкая дысертацыя “Шляхі развіцця акадэмічнага выканальніцтва на беларускіх цымбалах”).

З 2010 года выкладае на кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з 2022 года – на пасадзе загадчыка кафедры. Аўтар 15 публікацый, сярод якіх навуковыя артыкулы і навучальна-метадычныя працы. Складальнік “Хрэстаматыі цымбаліста” (выдадзена 5 нотных зборнікаў), выканаўца “Аўдыёкалекцыі музыкі для беларускіх цымбалаў” (выдадзена 5 CD-дыскаў).

У перыяд 2011–2015 гг. і з 2021 года па цяперашні час – артыст-саліст-інструменталіст канцэртна-гастрольнага аддзела Белдзяржфілармоніі. У аснове рэпертуару – сачыненні, спецыяльна напісаныя для беларускіх цымбалаў. Ужыццявіла каля 50 прэм’ер, значная колькасць твораў прысвечана цымбалістцы. З сольнымі праграмамі аб’ездзіла ўсю Беларусь, гастралявала ў краінах былога СССР і Еўропы. Характэрна, што абсалютная большасць канцэртаў адбылася ў знакамітых канцэртных і філарманічных залах.